— І сапраўды, хлопчыкі, — падала нясмела голас Ала, бо адчувала нейкую сваю віну ў гэтых падзеях. — Гэтыя рыцары... няхай, можа, будуць таямніцай? Я кветкі разлюбіла, калі батанічка пра песцікі з тычынкамі расказала... Так жа цікавей.

— Заўтра будзе цікава, калі Шаноўны не знойдзе твайго дзённіка.

— І ўсё роўна! — голасна сказала Ала з міжвольным хваляваннем. — Дзякую вам, невядомыя рыцары!

На гэтым і разышліся.

Праз два дні нарэшце сабраліся ісці ў мястэчка, наведаць у бальніцы класную. Але вярнуліся засмучаныя — напярэдадні Лідзію Пятроўну адправілі ў Мінск на складаную аперацыю.


7

Дзіўна, але справа з пажарам так і закончылася нічым. І пра дзённік Шаноўны нібы забыўся. Пра таямнічы ордэн спрэчак больш не заводзілі, не чуваць стала пра яго. І толькі пад Новы год зноў пайшлі гаворкі.

Рыцар сустрэў зарэчанскіх хлапчукоў у бярозавым гаі, калі тыя ішлі ў школу на святочны ранішнік. Ён стаяў нерухома прама на дарозе, толькі конь зрэдку пераступаў капытамі. Сярод застыўшых у шэрані бяроз, у марозным ранішнім тумане ён быў падобны на здань, і хлапчукі сумеліся. Але цікавасць узяла верх, і яны пайшлі, хаваючыся адзін за аднаго і цягнучы за сабой санкі.

Падышлі дастаткова блізка, каб разгледзець добра латы і шлем, і тады вершнік крануў вуздэчку. Конь паслухмяна рушыў з дарогі ў гай, схаваўся за дрэвамі. А на дарозе застаўся ляжаць вялізны мех. На прышпіленым да яго кавалку паперы было напісана: “Першаму, другому, трэцяму класу ад рыцарскага ордэна “Зніч”. Расціце рыцарамі!”

У мяшку былі арэхі. Звычайная лясная ляшчына. Паўнютка духмяных, бліскучых, карычнева-цеплых шарыкаў. Хлапчукі ледзьве узвалілі мех на санкі і пацягнулі ў школу. Незвычайны пачастунак прыйшоўся як раз — цукерак у школу завезлі зусім няшмат, і традыцыйны падарунак дзецям складалі тры звяўшыя яблыкі і колькі цукерак. І вось — цэльны мяшок такіх выдатных арэхаў!

— ...Ну, гэта ўжо свінства! — кіпеў Лёшка ад адчаю і злосці. —Жнівень усе прагайсалі, можна ж было разам гэтых арэхаў дзятве два, тры мяхі б назбіраць! Была б памяць пра нас, глядзіш, і традыцыя б у школе ад нас пайшла — дарыць выпускному класу навагоднія падарункі малым…

— Ды не псіхуй ты, — супакойваў яго Косця. — Знойдзем, ён на нашы пытанні адкажа...

— Можа, і нам што дастанецца? А раптам падарунак кожнаму? — гадалі назаўтра дзяўчаты на школьным балю.

— Адзін ужо атрымаў на арэхі, яшчэ хто хоча?

Але старэйшыя віншавання ад рыцарскага ордэна не дачакаліся.

Затое пасля зімовых канікул усіх чакаў сюрпрыз. На тым жа самым месцы, дзе вісеў некалі аркуш з аб’явай аб стварэнні ордэна “Зніч”, з’явілася новая аб’ява.

Яшчэ адзін рыцарскі ордэн!

Ужо не тайны — пяцера хлапчукоў з зарэчанскага паселка абвясцілі сябе рыцарамі і запрашалі ўсіх да сябе. Тут жа быў і “Кодэкс рыцарскай чэсці”: “Не хлусіць ніколі! Не баяцца ніколі!” Пунктаў было не вельмі і шмат, але рыцары не забылі дзяўчынак: “Не крыўдзіць і не даваць крыўдзіць дзяўчынак, нават непрыгожых”.

Не смяяўся з гэтага аркуша адзін Генадзь. Ён адчуваў нейкую пагрозу ў гэтай аб’яве, але зрываць яе не стаў.

Праз тыдзень у новым ордэне было каля дзесятка хлапчукоў, і не толькі малеча! З’явіўся свой ордэн у шостых класах, потым яны аб’ядналіся, і колькасць рыцараў стала больш дваццаці. Рыцары майстравалі сабе латы, збіраліся ўвесну правесці сапраўдны турнір. У аднаго з іх дзядзька быў некалі даволі ўмелым фехтавальшчыкам, і зараз у спартыўнай зале пасля ўрокаў рыцары вучыліся змагацца па ўсіх правілах сапраўднага бою. Дырэктар дазволіў карыстацца не толькі спартыўнай залай, шумна было і ў школьнай майстэрні. Рыцарам зайздросцілі — ім было цікава, але абы каго яны да сабе не прымалі.

Генадзь рабіў выгляд, што нічога істотнага не адбываецца, але завуч аднойчы спыніў яго ў калідоры:

— Здаецца, уся школа хутка стане рыцарскім ордэнам. І хто тады будзе ў ёй кіраваць? Савет школы ці рыцары? Як думаеш?

Генадзь не адказаў нічога, толькі пачырванеў.

Праз тыдзень, калі ў ордэне з’явіліся два хлопцы з восьмага класа, ён ніяк не мог заснуць. Ці то надвор’е было такое — выў вецер, сек крупяным снегам у шыбы, ці то іншае што... Снег і падказаў. “Стыхія” — варухнулася незнарок, і Генадзь аж прысеў на ложку. Вось яно, выйсце! Самы надзейны крок! І як яму раней не прыйшло такое ў галаву? Падпарадкаваць стыхію!

Назаўтра ён сабраў школьны актыў — дзесяць хлопцаў і дзяўчат са старэйшых класаў — і прапанаваў узяць над ордэнам шэфства. З ім ляніва паспрачаліся: навошта ўлазіць у дзіцячую гульню, але Генадзь нечакана для ўсіх пачаў настойваць. Згадзіліся.

На чарговыя заняткі рыцараў па фехтаванні ён прынёс паперу і фарбы. Яго ідэя мець ордэну сваю газету вельмі спадабалася рыцарам, і ўмомант выбралі рэдкалегію. Ну, а калі Генадзь паабяцаў значкі, усе прыйшлі ў захапленне. Мець свой значок! Уга! Вось дык маеш!