Валерый ГАПЕЕЎ

ТРАФІК ДЛЯ ПАЭТА


Аповесць


Для тых, хто ў танку


Трафік (траф) – колькасць прынятай ці перададзенай інфармацыі ў Інтэрнэце. Таксама колькасць наведвальнікаў (юзераў) таго ці іншага рэсурса (сайта).Адалт – усё, што звязана з «дарослымі» тэмамі ў Інтэрнэце: эротыка, секс, парнаграфія. Адалт-трафік – частка карыстальнікаў рэсурса, якая свядома выбірае накірунак адалта.Канвертаваць – накіроўваць частку карыстальнікаў са свайго рэсурсу на той, дзе юзер патраціць свае грошы, а гэта прынясе табе нейкі прыбытак у выглядзе працэнтаў ад патрачанага. Канверт – доля карыстальнікаў, якіх удалося канвертаваць.Крэатыў – тут: новае, нечаканае, арыгінальнае, цікавае, незвычайнае, што выклікае агульную цікавасць.ІР – спецыяльны індэкс, які прысвойваецца кожнаму камп’ютэру пры выхадзе ў Сеціва. Можа быць дынамічны, г.зн. кожны раз новы пры заходзе-выхадзе; статычны – пастаянна прысвоены пры асаблівых падключэннях да Сеціва. Па ІР звычайна можна вызначыць прыналежнасць камп’ютэра да рэгіёна, горада…Банер – рэкламны малюнак, з дапамогай якога канвертуюць юзераў.Партнёрка – рэсурс, які дапамагае канвертаваць трафік і зарабляць грошы.Сайт, сервер, хостынг, дамен, база, кіпер, скрыпт, бекап, і іншыя незразумелыя і не зусім зразумелыя слоўцы можна апусціць – горш не стане, а лішняя, непатрэбная інфармацыя толькі зойме месца ў галаве.Заўвага: падзеі адбываюцца да лета 2010 года.




1

600 долараў. Каб у яго кішэні былі сёння 600 долараў — кніжка была б. Так яму сказалі ў прыватным выдавецтве. Але ёсць толькі 100 — што дарылі на дні нараджэнняў, што назбіраў сам з кішэнных грошай, з продажу калекцыі гульняў...

...Усяго 76 старонак. Віктар сапсаваў мо паўтары сотні лістоў паперы (а колькі тонеру ў прынтэры!), пакуль раздрукаваў іх так, каб можна было перагнуць і выйшла нешта накшталт кніжкі.

Трымаў гэтую «кніжку» ў руках, і было прыкра ад расчаравання: «кніжка» яго — нязграбная, як просты тоўсты вучнёўскі сшытак. Хіба такі будзе нехта захоўваць? Хіба такі прыемна некаму атрымаць у падарунак? Самвыдат... Ніякага гонару ад такога самвыдату. А яшчэ ж вокладка...

Віктар шпурнуў са злосцю «кніжку» ў куток. Нясчэпленыя старонкі разляцеліся белымі птушкамі з пужлівым кароткім шалясценнем.

А можа, на халеру яму гэта? Каму ён трэба з яго вершамі? Праз гады ніхто і не ўспомніць, што ён пісаў, і што ўвогуле пісаў. А гэтыя эпіграмы на кожнага свайго аднакласніка, над якімі столькі карпеў, каб атрымаліся вострыя, дасціпныя, але не зласлівыя, можна проста пачытаць на выпускным вечары.

Але ж каб была кніжачка... Невялікая, каб у кішэню схаваць. Хоць бы 30 штук...

О, як цікава было б! Вось бы здзівіліся ўсе... І потым, гадоў праз дзясяць, на нейкай традыцыйнай сустрэчы выпускнікоў, ён бы і сам прынёс сваю «школьную» кніжку вершаў. Глядзіш, да гэтага б часу выдаў і другую...Віктар верыў у свае здольнасці. Не толькі таму, што яго вершы часта гучалі ў школе, друкаваліся ў школьнай насценнай газеце. Тоўсты часопіс у гэтым годзе змясціў невялічкую падборку. У яго ёсць талент, пра гэта яму казалі. Так, вядома, мо і ранавата яшчэ пра кніжку думаць, але ж падарунак аднакласнікам — задума такая добрая...

Гэтай задумай Віктар жыве ўжо некалькі месяцаў.

На працу ўладкавацца на лета не атрымаецца — у горадзе і так скарачэнні. Ездзіць некуды ў падсобную гаспадарку на часовыя работы — буракі палоць ці яшчэ якую трасцу — тое не выйсце. Спрабавалі ў мінулым годзе хлопцы. Што зараблялі, тое па вечарах ішло на піва.

Кніжка, кніжка... Віктар да дробязяў уяўляў яе: светла-шэрая вокладка, малюнак чорным алоўкам іх школы — такі чарнавы, смелы накід. І назва: «Чаромхавы вырай». Уверсе прысвячэнне: «Маім аднакласнікам. Маім настаўнікам. Маёй школе». Вокладку зробіць мастак — Алег. Выдатныя шаржы малюе, амаль на ўсіх у класе зрабіў. Гэтыя ягоныя шаржы разам з эпіграмамі — о, як бы шыкоўна глядзелася...

Грошы, грошы, грошы...

Нідзе бясплатна ў выдавецтве кніжку не выдаць — там такіх паэтаў, як Віктар, бы каравячых бліноў на вуліцы бабулінай вёскі ранкам — толькі зіркай пад ногі.

— Мам, дай грошы? — неяк спытаў у маці.

— Колькі? — адгукнулася спакойна яна, нават за кашалёк узялася — толькі прыйшла з крамы.

— Долараў 600, — быццам дробязі папрасіў Віктар.

— А-а-а, ну, тады трошкі пачакай, — усміхнулася маці. — У нас тысяч шэсцьдзясят засталося. На што табе? — ужо сур’ёзна перапытала.

— Хачу кніжку выдаць, — прызнаўся Віктар аб сваёй мары.

— Што, раней паэтам ганарары за кніжкі плацілі, а цяпер свае трэба траціць, каб кніжка выйшла? — маці глядзела на яго з недаверам.

— А каму я патрэбен са сваімі вершамі? — крыва ўсміхнуўся ў адказ Віктар. — Вось ты сама купіла кніжку вершаў хоць адну, хоць калі?

— Ну, тваю б купіла.

— Вось бачыш... Сёння не вершы, а серыялы на першым плане...

— Дык нашто тады табе кніга?

— Ну, вось ты купіш, а я ў класе раздам.

— Раздасі?

— Ці прадам каму. Дарыць буду. Я там на кожнага эпіграм панапісваў...

— Хто ж гэта захоча пра сябе непрыемнае чытаць, ды яшчэ грошы за гэта плаціць?

— Ды не... эпіграмы добрыя, на ўспамін, во, паслухай:

Чым камп ’ютары лепшыя, тым адносіны мёртвыя:

Форум, аська, «Вкантакце» замест словаў жывых...

А пашлём-ка мы Гуглю і Яндэкс да чорта —

Нам іх Юрый Хаванскі заменіць дваіх...

Віктар закончыў з сумам, уздыхнуў:

— У рэдакцыях кажуць — вершы добрыя. У выдавецтве спытаўся, адказваюць: забяспечыш тыраж продажам — надрукуем.

— Во як? Ты і пішы, за свае грошы выдай ды яшчэ і прадай... Не, сын, на вершах не разбагацееш. Кідай гэта.

— Я і не збіраюся, — рэзка адказаў Віктар. — Вось ты чула пра той адронны калайдар у Швейцарыі?

— Чула... — паціснула плячыма маці, — то ж навука.

— Навука, — чмыхнуў Віктар. — Ну, няхай даведаюцца, што ёсць на самай справе такая часцінка Бога. Вунь сказалі, што сусвет трымае нейкая цёмная матэрыя. І што змянілася?

— Нічога не змянілася, — згодна кіўнула маці, — Дык мо потым зменіцца...

— Калі? Калі што зменіцца? — загарачыўся Віктар. — Што можа даць чалавецтву веданне таго, як утварыўся сусвет?

— Што ты да мяне прычапіўся? — занервавалася маці. — Ад вершаў да сусвету...

— Я не чапляюся, патлумачыць хачу, — паспакайнеў Віктар, калі маці прысела, сам прысеў.

— Дык вось, гэта завецца фундаментальнай навукай. Толку практычнага ад яе сёння нуль і праз сто гадоў — нуль. Але вось што цікава: калі ў краіне няма фунда­ментальнай навукі, уся навука хутка памірае. Гэта факт.

— Ну няхай факт, — змушана ўсміхнулася маці. — А вершы?

— А вершы, паэзія для грамадства — тое, што фундаментальная навука для навукі! Без паэзіі ўсё мярцвее!

— Можа, і так...

— Ды не можа, а так! Я чытаў: калі недзе перастае развівацца паэзія, там і душы заплываюць тлушчам! Там сэрцы — аўтаматы штучныя, мазгі — працэсар.

— Ды няма ў нас такіх грошай, Віця, — вінавата адказала маці. — Ты ж ведаеш...

— Ведаю, — зморшчыўся Віктар. — Гэта я так сказаць табе хацеў, што буду летам шукаць работу.

— Не знойдзеш, — сумна ўздыхнула маці. — У бацькі на заводзе скарачэнне, прыватныя фірмы зачыняюцца... Тэлескоп свой прадай — гэтулькі грошай аддалі...

Сапраўды, у пятым класе Віктар захапіўся зорным небам. Бацькі ашчаджалі грошы месяцы тры і купілі яму невялікі сапраўдны тэлескоп. О, колькі тады вечароў мёрз Віктар на балконе, на плоскім даху дома! Два гады актыўна перапісваўся з такімі ж аматарамі. А калі камета пралятала! Уга, яе і так бачна было, а калі Віктар свой тэлескоп вынес на вуліцу — чарга стаяла некалькі гадзін. На камету і так глядзелі з незразумелым халадком у душы, а ў тэлескопе яна ўвогуле выклікала сапраўдны страх, адчуванне сваёй бездапаможнасці перад таямнічым сусветам.

— Не купяць тэлескоп, — мусіў прызнацца Віктар. — Час той мінуў, даваў я аб’яву... Фотаапарат не прадам...

У мінулым годзе змог уладкавацца кур’ерам у адну рэдакцыю, разносіў газеты падпісчыкам прама на дом. І купіў сваю мару — добры лічбавы фотаапарат. Яшчэ прасіў грошы ў бацькі — каб на заводзе па чарцяжах (бацька іх распрацоўваў сам) зрабілі неабходныя дэталі — злучыць фотаапарат з тэлескопам. Эх, якія здымкі прыгожыя атрымліваліся!

Але такімі сёння нікога не здзівіш. У сеціве вунь амерыканцы з Хабла (касмічнага тэлескопа) выклалі здымкі... Дух займае....

Што яшчэ каштоўнага ў доме? Нічога. Камп’ютар добры... Але то з бацькам папалам — той там свае інжынерныя разлікі робіць, канструктар ён.

Карацей, трэба недзе шукаць...


2


«Неафіцыйна» адзначыць заканчэнне 10-га вырашылі за горадам, далекавата.

Слава пра гэтае месца ішла не самая светлая — казалі, што тут бавяць час бандыты розныя. Але ж то начамі... Днём тут было спакойна і не страшна. А прыгажосць якая! Дарога ідзе лесам, густым, потым нечакана вырываецца на прастор — шыра-чэзная паляна! Рака робіць круты паварот, шырока разліваецца, бераг плыткі, пясочак... Сапраўдны пляж метраў на трыста. Крыху далей ад берага кусты, быццам стагі, дзеляць пляж на асобныя зацішныя закуточкі.