— Што за хамяк?

— Ат... Слухай, вельмі многа слоў тут звязана з англійскім. Хамяк — ад англійскага хоўм пэйдж — «дамашняя старонка». Такі невялікі сайт, дзе гаспадар расказвае пра сябе. Дарэчы, давай табе зробім такі — выкладзеш свае вершы..

— І колькі атрымаю?

Лёшка толькі ўсміхнуўся.

— Віць, я табе, як сябру, скажу: каб зарабіць сваім сайтам у інтэрнэце, трэба праца. І грошы. Праз месяц ты зможаш атрымліваць... Ну, адзін долар у дзень. Але ўкласці прыйдзецца не менш як сто. Ці — неверагодная ідэя. Новая! Смелая! Але і пры ёй трэба грошы: хостынг, дамен, дызайн...

— От, зноў ты са сваімі слоўцамі... Што там за ідэя?

— Ідэя, якая не рэалізавана. Вось, напрыклад, ідэя «аднакласнікаў». Самы папулярны рэсурс, як і «Укантакце». Сацыяльныя сеткі. Іх не было — яны з’явіліся і маюць грошы. Але... там вялікія кампаніі грошы ўклалі. Вельмі дарагія гэта праекты. Карацей, нешта трэба такое, чаго няма. Крэатыў.

— А чаго няма? — Віктар напружыўся, быццам Лёшка вось цяпер выдасць яму сакрэтны рэцэпт багацця.

Лёшка засмяяўся, пабачыўшы такую ўвагу.

— Дзівак ты, Віцька! Думаеш, распрацоўваў бы я тут скрыпты за капейкі, каб у мяне была ідэя? Карацей, вось так зробім. Даю табе спасылку на адзін добры рэсурс: там збіраюцца людзі, якія выкачваюць грошы з інтэрнэту. Чытай, чытай і чытай. Незразумелае слова — лезь у пошук, шукай адказы. Не рэгіструйся, нармальнае пытанне не задасі, пакуль хоць крышку мазгі не прачысціш, не пачнеш адрозні ваць апдэйт ад апгрэйда. Потым прыходзь, мо што і падкажу.

— А як сайты рабіць? — зноў спытаў Віктар.

— Ну, ты дастанеш, — пакруціў галавой Лёшка. — Вось дыск, тут ёсць прагра­ма... Тут жа і самавучыцель. Пасядзі тыдзень — прайдзі ўсе крокі... Што незразумела — патлумачу. Але пытайся нешта дзельнае, разжоўваць не збіраюся. Асіліш — пойдзеш далей. Не — едзь буракі палоць.

— Ну, вось гэта ўжо нешта, — задаволена адказаў Віктар, беручы дыск. — Усё, Лёшка, дзякуй! Я пайшоў, — Віцька паспяшаўся да дзвярэй. — Ух, зараз як засяду!..

— Давай, шчасліва, — усміхнуўся на развітанне Лёшка.Віктар сапраўды спяшаўся дамоў так, быццам дастаткова яму навучыцца рабіць усё тое, што ёсць на дыску — і грошы самі з’явяцца ў кішэні. Калі разабрацца: два ці тры папярэднія месяцы Віктар толькі думаў... Ды не, больш таго — марыў: якой будзе яго кніжка. А цяпер ён зрабіў першы крок да сапраўднай рэалізацыі мары. Нават другі крок — першы адолеў на той лясной паляне, на беразе ракі. Гэта хвалявала. Бо пачалося дзеянне, сапраўднае, цяпер ад яго асабістых намаганняў залежыць будучае.

Ёсць мэта. І паколькі яна стала рэальнай, з’явіліся і першыя сродкі. Вось ён — дыск з самавучыцелем. Вучыся, Віктар!

Ён у думках падганяў сябе.

З гэтым дыскам прасядзеў за камп’ютарам, хлешчучы каву, амаль чатырнаццаць гадзін — ад чатырох дня да шасці наступнага ранку. Талерку з вячэрай маці мусіла несці ў пакой. Добра, што бацька ў камандзіроўцы і не спаганяе дзве свае вячэрнія гадзіны...

Віктар адкрываў для сябе невядомае. Гэта было незвычайна і хвалююча: пакрысе, старонка за старонкай радкі самавучыцеля прыадчынялі яму загадкавы свет інтэрнэту. Ён прымусіў сябе не спяшацца, выконваць усе заданні, якія былі ў самавучыцелі, нават дробязныя. Галава яго поўнілася інфармацыяй, новымі тэрмінамі, слоўцамі, якія раней выклікалі толькі пацісканне плячыма, а цяпер набылі сэнс і вагу. Віктар быў уражаны нават не тым, пра што даведаўся, а тым, наколькі шмат ён зрабіў за вечар і ноч і, галоўнае, як усё гэта ўмясцілася ў яго галаве. Пад раніцу хлопец зусім ачмурэў — кожнае новае прачытанае слова здавалася пустым гукам, і ён зразумеў, што трэба адпачыць.

Клаўся спаць, заплюшчваў вочы, а ў галаве стаялі старонкі самавучыцеля, узнімаліся аднекуль з глыбіні, узляталі і апускаліся, як сняжынкі ў віхуру, блыталіся новыя словы ў яго моўным запасе: тэгі, сервер, хостынг, скрыпт, фрэйм, дамен — і даўно вядомыя, якія набывалі іншы сэнс: шапка, старонка, стылі...

Наступныя дні поўніліся радасцю адкрывальніка: ад простага да складанага вёў самавучыцель. Тая рэчка, у якую ступіў Віктар і ў якой, здавалася, лёгка будзе плаваць, пашыралася і паглыблялася, рабіла рэзкія павароты, ад яе адгаліноўваліся рукавы, у яе ўпадалі яшчэ ручаі і рачулкі.