«Кухні яны не занавешваюць, — хмыкнуў у думках Віктар. — Хай бы спальні не занавешвалі».

І раптоўна ўявілася: той самы здымак Мэры, дзе яна скідае сукенку, трэба паставіць у такім вось акне, дзе гарыць святло! Пакінуць ад Мэры толькі яе сілуэт, нібыта святло падае на яе са спіны.

Пакуль добра сцямнела, зрабіў сабе каву, падрыхтаваў фотаапарат. Прымерыўся — нічога, павелічэння хапае, хоць без штатыва наўрад ці атрымаецца зняць, каб не змазаўся здымак. Штатыў узяў ад тэлескопа. Хутка зрабіў некалькі здымкаў, перакінуў на камп’ютар. Паўгадзіны працы — так выдатна атрымалася! Быццам і праўда ён зняў Мэры з вуліцы, калі яна распранаецца, стоячы перад акном... Чорт, аж усхваляваў мантаж, так і сыходзіла са здымка пачуццёвасць.

Бацькі прыйшлі — недзе былі разам у гасцях.

— Галодны зноў? — спытала маці.

— А што, пара есці? — аджартаваўся Віктар.

— Я так і ведала, — данеслася з кухні, дзе маці праводзіла рэвізію халадзільніка. — Бяры і сам разагравай, я хачу кіно паглядзець.

— Добра, добра, — Віктар пайшоў на кухню.

Бацька на кухні глядзеў навіны — тут таксама стаяў невялікі тэлевізар.

Віктар уставіў у мікрахвалевую печ макароны з катлетамі, разагрэў, прысеў есці.

— Слухай, а чаму жанчыны такія ахвочыя да серыялаў, га? — спытаўся ён у бацькі, калі навіны перабіліся рэкламай. — Як бы вы з маці жылі, калі б адзін тэлевізар быў? Пабіліся б, мабыць...

Бацька хмыкнуў але адказаў сур’ёзна:

— Некаторыя б’юцца. І канфлікты ўзнікаюць вялікія.

— Але чаму? — перастаў есці Віктар. — Бясконцыя інтрыгі, цягучка, прымітыў...

— Тут даволі проста, — тлумачыў бацька. — Па-першае, той самы прымітыў. Сур’ёзны фільм патрабуе дзейнасці мозга, думак, разважанняў, унутранай працы на духоўным узроўні. Сапраўднае мастацтва ўздзейнічае на чалавека, праз убачанае чалавек усведамляе сам сябе, свой унутраны свет, чорныя і светлыя бакі. А хто хоча пабачыць самога сябе ў нявыгадным святле?

— Не ведаю... — адказаў Віктар. — А што яшчэ?

— Далей — зноў той жа прымітыў. З першай серыі ўсё зразумела: тут бандыт, тут герой. Тут ілгун, а тут святы. Усё вядома, застаецца толькі чакаць, як там далей абставіны складуцца, што новага злодзеі прыдумаюць і як добрыя выкруцяцца. Пры гэтым усе ведаюць, што канец будзе шчаслівы. Такім чынам, рэжысёры прапаноўваюць гледачам гульню: угадаюць яны наступны ход, наступны паварот сюжэта ці не.

— Так, — згадзіўся Віктар. — Толькі і размоў у маці з сяброўкамі пасля чарговай серыі — а што далей будзе...

— Ну і трэцяе, — прадоўжыў бацька. — Гэты самы прымітыў, асабліва ў першай яго частцы, дзе мы казалі аб тым, што гледачы хоць і суперажываюць, але застаюцца ўсё адно староннімі назіральнікамі, дазваляе казаць аб эфекце замочнай шчыліны. Глядзець серыял — быццам падглядваць за жыццём чужых табе людзей праз замочную шчыліну. Галоўнае пачуццё адно — цікавасць. Што будзе далей? Эмоцыі існуюць у момант назірання. Адышоўся ад шчыліны — забыўся.

— Ну, цікава ж падглядваць за чужым жыццём...

— Так, падглядванне — самы любімы занятак тых, хто імкнецца захаваць свой уласны свет ад уздзеяння з любога напрамку. Назіранне не мяняе цябе і не можа змяніць.

— Цікава... Гэтыя законы адкрылі тады, калі пачалі мыльныя оперы штампаваць, ці спачатку адкрылі, а потым штампаваць пачалі?

— Хто ведае... Але такі прымітыў стваралі даўно.

— Вас ніхто не прымушае глядзець гэтыя фільмы!

Бацька з сынам аж здрыгануліся — на парозе кухні стаяла маці. Яна, мабыць, чула частку размовы. Твар яе пачырванеў ад крыўды.

— Прымітыў вам, а мне — жыццё! Што я тут бачу? Работа, кухня, пральная машына, спальня. А там — жыццё сапраўднае, пачуцці, там хоць нешта, пра што кожная жанчына марыць. Кіснеш цэлымі гадамі, а як хоць нейкая прасветліна з’явілася для душы, дык я для вас адразу прымітыўная стала, — маці закончыла на павышаных нотках, у якіх былі і выклік, і дакор.

Гэтак жа імкліва выйшла з кухні, як і з’явілася.

Бацька прамаўчаў. Віктар памыў талерку, выйшаў на балкон... Вось чаму такім цікавым і хвалюючым падаецца здымак Мэры, калі яе сілуэт ён уманціраваў на фоне асветленага акна... Падглядванне!

Хм-м... З аднаго боку, падглядваць — як быццам і сорамна. А з другога — так цікава... Вунь далёка адсюль асветленае акно новага, нядаўна здадзена дома. Яшчэ i нічым не занавешанае акно, нейкія цені там рухаюцца... Што яны робяць? і Віктар перавёў позірк на штатыў тэлескопа, з якога рабіў здымак асветленага

акна для мантажу, і хутка выцягнуў са шкафкі, якая стаяла тут жа, на балконе, свой

тэлескоп, хутка сабраў. З нечаканым хваляваннем (хоць колькі разоў раней рабіў!..) навёў на далёкае не занавешанае нічым акно, адрэгуляваў павелічэнне.

...Мабыць, у той кватэры іграла музыка, бо маладая жанчына ў кароткім халаціку, узяўшы доўгую палоску шпалераў з рук мужчыны, стоячы на збітым з нейкіх

дошак стале, рытмічна ківала галавой і, здаецца, прытанцоўвала. Прыклала шпа­леры, мужчына прытрымліваў палоску знізу... Энергічна расправіла, потым прыкатала ролікам. Нешта сказала ўніз, павярнулася ад сцяны, нахілілася. Мужчына працягнуў ёй рукі, яна плаўна скокнула. Мужчына нейкі час трымаў яе, абхапіўшы за талію, прыціснуўшы да сябе. Кароценькі халацік высока агаліў ногі жанчыны... Яны павольна кружыліся на адным месцы і цалаваліся...

Віктар адарваўся ад акуляра. Было крыху сорамна. Ён падглядваў за чужым шчасцем: сям’я пабудавала кватэру, цяпер яны самі, з такім задавальненнем, такія радасныя, у такім сугуччы душ клеяць выбраныя імі ж самімі шпалеры...

І не ведаюць, што за імі толькі што назіраў нехта збоку... Такі кароткі эпізод — вось гэтыя колькі хвілін — і іншы паглядзеў бы з цікавасцю...

Чо-о-орт!

«Адтуль бы дакладна пабачыў, які начальнічак прывёз на гэты беражок сваю сакратарку. І які даклад будзе дыктаваць...»

Гэтыя словы Сяргея прыгадаліся раптоўна. Замочная шчыліна... Мэры быццам бы распранаецца за акном...

Гэта ж цікава! Гэта ж ідэя!

І нават калі такая ёсць — пляваць: яна будзе цікавая для жыхароў іх рэгіёна!

Фатаграфаваць такія сюжэты... Не! — здымаць відэа!

Чорт, чорт, чорт! Якім попытам карыстаюцца падобныя сюжэты, з рэальнага жыцця, не зрэжысіраваныя!

А калі пазнаюць героі самі сябе? Ну і няхай! Хто на яго, Віктара, падумае? Паспрабуй дакажы...

Тая вышка высокая ў лесе, з якой добра будзе праглядвацца бераг ракі — о, гэта цуд! Заўтра, заўтра ж туды!

Потым... Потым трэба зайсці на форум і аб усім дакладна распытаць: як зрабіць такі сайт, каб выкладваць відэа, як і дзе зарэгістраваць дамен. А раптам атрымаецца зняць эратычную сцэнку? Уга, тут трэба падумаць, каб не вылічылі і не выйшлі на яго. Колькі пытанняў адразу...

Хутка разабраў і склаў тэлескоп — нельга, каб нават бацькі пабачылі, што ён зноў зацікавіўся ім. Раптам па горадзе пойдуць пагалоскі — бацька разумны, у адзін момант звяжа ўсё ў вузельчык.

Так, цяпер лета. Значыць, ёсць усе магчымасці для таго, каб назбіраць такіх сюжэтаў. Шмат сюжэтаў, сотню! І не спяшацца цяпер, не выкладваць на сайт, і сайт пакуль зрабіць бяскрыўдны, наганяць яму паказчыкі. Ах ты чорт, трэба столькі зрабіць... грошы трэба. Ну, сотня долараў у яго ёсць, назбіраў. Дызайн, хостынг, рэгістрацыя... Прагоны па каталогах... А яшчэ? Эх, знайсці б каго вопытнага на тым форуме, каб хоць за грошы падказаў: як канкрэтна раскручваць такі вось сайт...