Але потым гэта, па вечарах, потым... Цяпер — шукаць сюжэты. Калі ў яго будзе база сюжэтаў, якіх хопіць на пачатак, — выдатна! Ён будзе сядзець дома, ставіць іх спакойна на сайт. Няхай шукаюць, каму цікава: хто там за імі падглядвае, — калі ён носа з тэлескопам не высуне ні з кватэры, ні з балкона...

Ух ты, якая ідэя: «Жыццё рэальнае. Цікавыя і прыкольныя відэасюжэты. Жыццё праз замочную шчыліну. Ніякай рэжысуры! Жывое кіно».

Віктар яшчэ колькі часу стаяў на балконе. Нарэшце хваляванне пакрысе ўляглося. Ён паглядваў на тое самае далёкае акно, за якім пабачыў маладую сям’ю. «Чаго мне палохацца? Ха, вунь і месячык якраз у тым баку... Раптам сюжэт добры атрымаецца. Ды і паспрабаваць можна, як і што. Трэба ж паглядзець, як відэаролікі апрацоўваць...»

Віктар хутка зноў сабраў тэлескоп, прынёс з пакоя фотаапарат, прыладзіў яго да тэлескопа, навёў і адрэгуляваў.

...У пустым, без мэблі, пакоі маладыя мужчына і жанчына заканчвалі клеіць шпалеры. Цяпер жанчына стаяла перад акном, а мужчына падносіў ёй невялікія кавалкі шпалераў. Твару жанчыны не відаць — толькі яе доўгія, прыгожыя ногі, прыкрытыя кароткім халацікам з замком-маланкай пасярэдзіне. Калі жанчына цягнулася ўверх, тканіна халаціка яшчэ больш адкрывала яе ногі, аж да сцёгнаў. Гэта было настолькі хвалююча для Віктара, што ён націскаў на кнопку спуску фотаапарата, амаль не дыхаючы, і гэтак жа, стаіўшы дыханне, наноў рэгуляваў настройкі тэлескопа — нават ад лёгкага дакранання адлюстраванне выйшла з фокуса, «паплыло».

Глядзеў, стаіўшыся, на павернуты да сябе ЖК-манітор фотаапарата. Ішоў запіс. Вось жанчына, здаецца, закончыла работу, нахілілася, працягнула рукі мужчыне. Той працягнуў рукі насустрач — і зноў яна апынулася ў яго абдымках. Мужчына не спяшаўся апускаць жанчыну на падлогу, кружыў з ёю. Нарэшце яна вызвалілася з абдымкаў, нешта прамовіла яму і паказала на акно — па ўсім, жанчына выгаворвала мужчыне: хоць іх дом стаяў далёка ад іншых і акно на шостым паверсе, тым не менш жанчына непакоілася з-за адсутнасці занавесак на акне. Мабыць, адчувала безабароннасць свайго шчасця перад чужымі зайздроснымі позіркамі...

Віктар спыніў запіс. З унутраным напружаннем, якое перадалося і рукам, няўклюдна разабраў тэлескоп. Адразу ж перапампаваў запіс на камп’ютар. Зрабіў копію, загрузіў праграму апрацоўкі відэафайлаў...

Недзе з паўгадзіны ён самастойна імкнуўся разабрацца з работай праграмы. Нічога складанага не было, вось толькі хацелася б у адным месцы закрыць твар жанчыны — яна павярнулася да акна, яе можна было пазнаць. А твар трэба закрыць — лёгкае пачуццё сораму ад падглядвання за чужымі хвілінамі пяшчоты і любові ўсё ж не праходзіла. Віктар супакойваў сябе: нічога страшнага, гэта ж светлы і чысты момант з жыцця шчаслівых людзей, што тут такога, калі яго пабачаць іншыя людзі? Аднак нешта ўсё ж пратэставала, злёгку азмрочвала такі ўдалы пачатак. Віктар адмахваўся ад налёту прыкрасці і вінаватасці, глушыў яго думкамі аб удалым пачатку. Нарэшце, знайшоў кампраміс: невядома, што яшчэ будзе, знойдзе ён больш удалую праграму, створыць той сайт ці не... А пакуль вось навучыцца абрабляць відэафайлы...

Зайшоў на форум, папытаўся пра патрэбны рэдактар. Спасылак накідалі хутка — там заўсёды збіраюцца больш як тысяча наведвальнікаў.

Паставіў на скачванне праграму відэарэдактара, пайшоў гатаваць сабе каву. Маці з бацькам разам сядзелі ў зале, глядзелі тэлевізар.

«Памірыліся... Ну і добра», — падумаў Віктар. Ён не любіў, калі ў хаце сварыліся. У маці капрызлівы характар. Яе можна зразумець: была выдатніцай у школе, хацела вучыцца ва ўніверсітэце, на матэматычным факультэце. Але не паступіла. Пайшла ў вучылішча, бо думала, што пасля яго лягчэй паступіць. Але напрыканцы вучобы сустрэла бацьку, пажаніліся. Потым з’явілася дачка — сястра Віктара, цяпер яна ўжо працуе пасля заканчэння інстытута ў суседнім горадзе. Потым Віктар нарадзіўся... Усё адкладвала маці з завочнай вучобай. І вось цяпер — повар у рабочай і сталоўцы. Паправілася крыху... У сваім сённяшнім жыцці яна вінаваціць бацьку. Неяк, падчас адной сваркі, так і выгукнула: «Я табе ўсё аддала, я пусты хлеб ела,

але табе дала магчымасць закончыць інстытут! Ты сёння сярод людзей, а я — сярод катлоў!»

Прыкра такое чуць... Бацька ж хіба ў чым вінаваты? Але мабыць, ён бачыць у нечым сваю віну: ніколі не пярэчыў маці ў яе пакупках у кватэру ці ў адзенні.

Апранаецца яна добра, сочыць за сабой: розныя крэмы купляе, маскі на твар робіць, каб не выглядаць старой...

Праграма спампавалася. Віктар сеў разбірацца — нічога складанага як быццам. Загрузіў свой першы фільм, які ўмоўна назваў «Шпалеры». Некуды падзелася і прыкрасць, і пачуццё віны: колькі там часу прайшло, а для Віктара гэтыя мужчына і жанчына сталі проста кадрамі фільма. Ён праглядваў раз, другі, ужо назіраючы за ім, нібыта з боку прафесіянала: ці змогуць гэтыя кадры некага зацікавіць? Надта ж тут усё цнатліва... Хоць і па-сапраўднаму. Эх, пацалунак бы яшчэ сюды... Няхай бы ён гэты халацік расшпіліў...

Закрыў твар жанчыны ў патрэбных кадрах размытай плямкай. Прагледзеў і расчараваўся — зусім іншае ўражанне. Чорт... Не трэба гэтай плямкі. А што тут такога? Не крадуць жа яны, не сексам займаюцца... Проста клеяць шпалеры. Падумаеш, загалілася попка, дык жа трусікі на ёй...

Ат, пару кадраў абрэзаць ад пачатку, каб дынамікі больш было. О, музыку падабраць, бо пры поўнай цішыні неяк не глядзіцца...

Яшчэ гадзіны з паўтары Віктар прасядзеў, падбіраючы музычны кавалак пад сюжэт. Калі падабраў і збіраўся паставіць, маці прычыніла дзверы:

— Спаць кладзіся. Я стамілася сёння, хачу адпачыць, выключай святло.

Віктар ахвотна згадзіўся — яшчэ помнілася крыўда маці на кухні.

— Усё, кладуся, мам...


5


Доўга не мог заснуць. Думаў пра заўтрашні дзень: як вярнуцца з таго лесу з сумкай і тэлескопам так, каб бацькі нічога не заўважылі? Самы ж час для назіранняў менавіта 18.00—19.00 гадзін вечара... Мабыць, трэба зноў да Лёшкі тэлефанаваць — пакіне ў яго сумку. Лёшка чалавек надзейны, хоць і цялепкаваты.