І ўвогуле, выдатна, калі лесвіца будзе на другім «паверсе» — так куды спакайней, ніхто не заспее знянацку...

Вышыні Віктар не баяўся, аднак чым далей узнімаўся, тым больш, здавалася, раскачвалася ўся вышка. Хто ведае, мо яна ў аварыйным стане, таму яе і закінулі... Але вабіў далягляд, які пачынаў пакрысе адкрывацца і з кожным крокам наверх рабіўся ўсё шырэйшым і захапляльным.

І нарэшце — вось яна, апошняя невялікая пляцоўка, мо паўтара на паўтара метра. Парыпваюць бярвенні. Трэба асцярожней... Дастаў штатыў, не спяшаючыся, стаў складваць. Вырашыў у поўны рост не ўставаць — хто ведае, раптам нехта блізка пройдзе, навошта свяціцца...

А рака і той бераг — як на далоні, быццам прама перад табой. Вось група хлопцаў і дзяўчат загараюць, у карты гуляюць... Далей крышку, між кустамі, быццам у і асобнай кабінцы, дзве дзяўчыны загараюць. Топлес! Цяпер толькі пачакаць, пакуль якая паднімецца... Хоць ты каменьчыкам кінь. Але ж не даляціць каменьчык...

Радаснае ўзбуджэнне авалодала Віктарам. Хацелася засмяяцца ўголас — так проста ўсё атрымалася, так цікава зверху назіраць...

Вось аўто дарагое, кампанія колцам ля разасланага на траве абруса. О, багаты стол...Чужое баляванне абудзіла апетыт. Навёў павелічэнне так, каб бачыць амаль увесь бераг на маніторы фотаапарата, асцярожна пакратаў рукой папярэчыну за спінай — моцная, вытрымае... Абапёрся, ногі выцягнуў, дастаў з сумкі харчы.

Эх, як жа тут здорава! Ветрык лёгкі, па баках глядзіш — не нагледзішся. Мо б напісаць што?

Віктар выцягнуў нататнік, ручку, але не было ніводнай думкі! Толькі банальныя словы захаплення, якія няма ніякага сэнсу запісваць. Вось жа: распірае ад пачуццяў, а нічога не пішацца. Ну і няхай... Лепш паназіраць...

Ага, ля дзяўчат нейкі рух. Запіс! Яны ўжо збіраюцца... Адна яшчэ пайшла ў ваду. Ты глядзі, не саромеецца ніколькі, што ў адных трусіках... І тыя хлопцы недалёка... Ці адтуль нічога не відаць?

Дзяўчына праплыла колькі, выйшла з вады і скіравала да сяброўкі. Віктар падкручваў настройкі і рукі ўздрыгнулі — другая дзяўчына ў гэты час пераапраналася. І гэтая, што выйшла з вады, скінула з сябе ўсё, узяла стракаты ручнік і энергічна выціралася...

У Віктара сціснула горла — першы раз ён бачыў, як вольна сябе пачувае дзяўчына, калі за ёй ніхто не назірае. Першы раз у жыцці ён бачыў аголенае жаночае цела не на экране. Нязмушанае, спакойнае. Прыгожае. Бачыў усё да драбніц...

Дзяўчаты апрануліся.

Віктар выключыў запіс. Яго распірала. Хвалюючае відовішча аголеных целаў адышло на задні план — цяпер Віктара салодка тлуміла радасць першай удачы. Які сюжэт! Няхай і просты зусім, але ж галоўнае — натуральны! О, такі захочацца прагледзець не адзін раз...

Дзяўчаты сабраліся і пайшлі. Віктар аглядваў бераг, але нічога, вартага ўвагі, не знаходзіў. Простыя людзі, звычныя паводзіны. Ужо хацеў збірацца — не цярпелася скінуць запіс на капмр’ютар і апрацаваць, падабраць музыку. Але стрымліваўся: а раптам вось цяпер ды нешта пачнецца, як толькі ён зазбіраецца? Яшчэ ж далёка не цёмна.

Назіраў яшчэ з гадзіну. І не дарэмна! Якраз на тое ўтульнае, зацішнае месца, дзе загаралі дзяўчаты, пад’ехаў аўтамабіль. Мужчына паўнацелы, важны такі і жанчы­на — проста тоўстая! Па ўсім, муж з жонкай... Жанчына схадзіла да вады, нешта задаволена сказала мужчыне — той якраз распранаўся. На ім былі смешныя доўгія трусы. Жывот вялікі, скура белая. Жанчына таксама адышла бліжэй пад куст і пачала распранацца. Віктар уключыў запіс — а раптам нешта цікавае?

Не цікава атрымалася — амаль агідна. З сумкі жанчына дастала купальнік.

Яе скура падалася выбеленай, нейкай несапраўднай.

Усё было непрыгожа. Вельмі. І рухі жанчыны... І цела яе, азызлае, вялікае.

Мужчына падышоў, клапатліва паправіў купальнік на спіне жанчыны. Потым прыабняў таўстуху, і яны пайшлі да вады.

Брыдота, пасміхаўся Віктар. Але няхай будзе. Не ўсе ж на мадэльных прыгажунь вылупліваюць вочы.

...Няўжо такую жанчыну можна кахаць? Некалі мо і яна была зграбнейшая...

Але недзе там, за гэтай уяўнай брыдотай цеплілася і іншае, вельмі блізкае да таго, калі маладыя муж і жонка клеілі шпалеры ў кватэры. І тую сцэну са шпалерамі, і гэтых мужа і жонку збліжала між сабой светлае пачуццё ўвагі і павагі адзін да аднаго...