А больш Віктару і разлічваць няма на каго. На Юрыса, з якім сядзяць разам за партай ужо некалькі гадоў? Не, у таго сваё жыццё. У кватэру не пусціць проста так, запатрабуе пра ўсё расказаць. Не такі ён чалавек. Столькі разам прасядзелі, а не блізкія сябры. Быццам і ёсць ім аб чым пагаварыць, быццам і думкі супадаюць у многім, але пасля школы не было, каб разам куды падаліся. У Юрыса заўсёды свае справы. Вось здымкі з тэлескопа яго цікавілі. І на камету ён прыходзіў глядзець штодзень, аж пакуль яна не знікла. Дарэчы, камета іх зблізіла да той мяжы, якая дазволіла сесці за парту ў наступным годзе...

А Лёшка — просты і зразумелы. Цікава, вось ёсць для эпіграмы ўсё неабходнае: і характар яго рахманы, і захапленне праграмаваннем, а не атрымліваецца пакуль эпіграма. Хочацца, каб была яна не проста дасціпная, а цёплая, каб характар Лёшкаў паказаць, яго надзейнасць...

Ат, напішуцца яшчэ эпіграмы. Вось будзе дзяжурыць на той вышцы — панапісвае вершаў...

...Прачнуўся позна. Паеў, што прыгатавала маці, сабраў у сумку ўсё начынне: тэлескоп, штатыў, фотаапарат, запасную карту памяці, яшчэ адзін камплект акумулятараў, колькі катлет і хлеба ў мяшэчку, бутэльку з вадой. Патэлефанаваў маці, што будзе ў сяброў, мо пойдуць на вадасховішча ля горада, каб не перажывалі, калі яго дома не застане. Зрэшты, няхай тэлефануе, як будзе хвалявацца...

От жа, з аднаго боку, мабільнік — рэч добрая, проста выдатная. Цяжка ўявіць, як раней абыходзіліся без яго. З другога боку — здраднік сапраўдны. У любы момант цябе адшукаюць. А як не адказваеш ці адключышся, так адразу і думаюць, што нечым непатрэбным займаешся...

Дабраўся спачатку да таго самага берага рэчкі, дзе класам адзначылі заканчэнне навучальнага года, потым напрамкі, праз лес, пайшоў да вышкі. Доўга ішоў наўзгад, бо з-за дрэў яе не было відаць. Імкнуўся арыентавацца выбраным накірункам, каб не мінуць. Ішоў і ішоў, ужо здалося, што вышка засталася недзе за спінай ці ў баку, але яна нечакана вытыркнулася наперадзе: зробленая з тоўстых бярвенняў трохпавярховая піраміда з абсечаным верхам, з прамежкавымі паверхамі.

Падышоў да яе асновы, агледзеў. Вышка была старая, але не трухлявая. Нідзе паблізу не бачылася ні сцежкі, ні прыкамечанай травы, значыць, сюды даўно ніхто не прыходзіў. І не дзіўна — месяц дажджлівы. Ці, можа, леснікі скарыстоўваюць іншую.

Віктар пабачыў, дзе пачынаецца лесвіца, і расчаравана вылаяўся — бліжэйшая да зямлі тоўстая перакладзіна, ад якой лесвіца шыбавала ўверх на другую перакладзіну, пачыналася метры за тры ад зямлі.

А можа, непатрэбна яму гэтая вышка? Навошта той сайт, тыя долары ды тая кніга? Пасядзіць яшчэ крыху над сваім «самвыдатам», папросіць Мэры — хай на дапамогу бацьку пакліча, той жа ў рэдакцыі працуе. А там спецыяльныя праграмы ёсць для падрыхтоўкі выданняў... Ці сам патрэбную праграму паставіць, за месяцы тры, не спяшаючыся, навучыцца, надрукуе тры дзясяткі асобнікаў!

Віктар прысеў бездапаможна ля вышкі, абапёрся спінай на адну з трох яе ног. Чорт, лесвіцы няма... Быццам знак які — не чапляйся ты за гэты сайт! Жывыя людзі, гэта ж не кошак з сабакамі ў праграме «Сам сабе рэжысёр» здымаць... Пазнае хто-небудзь сябе, яшчэ пачнуць шукаць аўтара... Усплыве аднойчы...

Віктар падняўся, пакінуўшы сумку на зямлі, стаў абыходзіць вышку па перыметры — больш для таго, каб упэўніцца, што ён не вінаваты ў сваім адступленні, што так склаліся абставіны...

У некалькіх кроках ад другога слупа трохкутніка ў густой траве пад кустом віднеліся дзве жэрдкі з папярэчынамі. Лесвіца!

Усё правільна, леснікі яе адцягнулі, каб выпадковыя тут не лазілі!

Усе сумненні раптоўна зніклі, як і не было. Прыцягнуў лесвіцу, пасоп, пакуль паставіў — жэрдкі намоклі і лесвіца была цяжкой. На яе канцы мацавалася вяроўчына. Так і ёсць, гэта спецыяльна для таго, каб узлезшы, лесвіцу за сабой падняць. Мала хто міма будзе праходзіць, яшчэ паваліць ці знясе, а ты скачы з вышыні...