— Ат, ты ўжо нагаварыў сем бочак, — скрывілася маці. — Вунь даўно даказана, што дзеці становяцца злачынцамі, калі такіх баявікоў наглядзяцца.

Бацька сумна ўсміхнуўся ў адказ:

— А іх матулі ў гэты час глядзелі «санта-барбары»...

— Ты хочаш мне настрой сапсаваць? — са злосцю спытала маці, адставіла кубак. — Ад таго, што я адну гадзіну ўдзень пагляджу тэлевізар, мой сын вырасце бандытам? Ты гэта хочаш сказаць?

— Гэта ты ўжо завярнула, — стаў бараніцца бацька. — Я толькі...

— Усё, ведаю я тваё «толькі», як пачнеш, дык не спыніць.

Маці пайшла з кухні, за ёй пасунуўся ў свой пакой і Віктар.

Відэаролікі атрымаліся!

Адзін — крыху эратычны, але ў нечым і цнатлівы, просты. А другі, дзе ста-

рыя, — дык проста смешны! Захацелася вось цяпер, адразу выкласці іх у сеціва — няхай бы хто хоць які камент пакінуў!

Але куды выкладаць? Сайта ж няма. Дамен трэба...

Што ж, сёння хопіць практыкі — час брацца за тэорыю. Тут ужо трэба пытацца...

Віктар зайшоў на той самы форум, пра які яму распавёў Лёшка. У раздзеле «Самае рознае» запасціў тэму: «Ёсць ідэя. Як рэалізаваць?» «Поўны прафан, прызнаюся шчыра. Сякія-такія веды ёсць, агульныя. Але маецца ідэя. Хачу зрабіць сайт і зарабіць крыху. Грошы надта трэба. Хто дапаможа? Аддзячу...»

Адказы пачалі з’яўляцца адразу ж.

«Што за ідэя? Як табе дапамагаць, калі невядома нічога?»

«Хлопец, не ўздумай паліць ідэю, калі яна сапраўдная».

«Чым аддзячыш? Калі ідэя добрая, магу дапамагчы, як возьмеш у долю».

Віктар задумаўся: што расказаць і каму... Потым адказаў у тэме:

«Ідэя... Ідэя не такая і новая. Скажам, зборнік цікавых відэаролікаў. Але сайт будзе для дарослых, так што тут складанасці».

«Адалт? Так і кажы, знайшоў ідэю. Складанасці ёсць. Дамен, хостынг асаблівыя трэба. Грошы...»

«Парнухі не будзе. Хіба крыху эротыкі. Грошай трохі ёсць. Дзе і як рэгістраваць дамен? Хостынг?»

Перагрузіў браузер і пабачыў, што ў асобцы чакаюць два паведамленні. У адным: «Гатовы дапамагчы. Ёсць ужо дамен зарэгістраваны, хостынг ёсць. Дамен праіндэксаваны. Дорага не вазьму».

А вось другое абрадавала вельмі: «Зямляк, я з твайго горада. Слухай уважліва: калі на самай справе збіраешся рабіць нешта падобнае, не свяціся. Наш Крымінальны кодэкс ніхто не адмяняў. Ты думаеш, тут толькі юзеры сядзяць, а нікога з органаў не бывае? Другое: ні з кім у долю не думай уступаць. Толькі сам, лепш пазыч (магу і я), але ў долю не бяры. Будуць пытанні — задавай! Алік».

Віктар перачытаў яшчэ і яшчэ раз. Радасць ад таго, што знайшоўся зямляк на такім форуме, які гатовы дапамагчы, паступова дапоўнілася асэнсаваннем неабходнасці мер перасцярогі, пра якія казаў Алік. Віктар глянуў профіль свайго земляка: зарэгістраваны два гады таму, высокая рэпутацыя, мноства пастоў. Віктар задумаўся. Найменш яму хацелася некаму адкрываць сваю ідэю. Аднак... Як самому разабрацца? Які і галоўнае — дзе — рэгістраваць дамен? Дзе браць надзейны хостынг? Не на Юкозе ж...

Адказаў Аліку праз асобку: «Калі дапаможаш — буду вельмі ўдзячны. Пра рэгістрацыю дамена нічога не ведаю... »

Алік: «Магу зарэгістраваць, ёсць пэўныя кантакты. Дорага не будзе. На год хопіць? Веб-мані ёсць?»

Віктар: «Не, кашалёк пусты. Але магу пакласці, картку куплю...»

Алік: «Які сэнс, калі мы ў адным горадзе? У мяне ёсць ВМЗ, магу зарэгістраваць дамен, хостынг аплачу, аддасі па курсе».

Віктар: «У мяне сотня долараў ёсць, на такую суму можна разлічваць».

Алік: «Ну, сотня — гэта не грошы. А дызайн — абы наляпаць? Калі хочаш зрабіць рэч, рабі адразу нармальна. Самы просценькі дыз і вёрстка — баксаў 50. КэМээСку выбраў?»

Віктар: «Не ведаю... Мне б простую якую. А можа, ролікі на Ютуб запіхваць?»

Алік: «Рассмяшыў! Які сэнс у тваім сайце, калі ролікі на Ютубе будуць? Іх сабе хто захоча скапіруе і паставіць... Трэба DLE ставіць, і не ламаную».

Віктар: «Гэта якую?»

Алік: «У, ты школьнік зусім... » Віктар: «Школьнік. Грошы трэба».

Алік: «Хоць прызнаўся... Я ўнівер нядаўна закончыў, такім вось, як і ты, пачынаў. Карацей, давай сустрэнемся, пакуль я ў горадзе, — абгаворым. Згодзен?»Віктар павагаўся адно імгненне — цяпер ён відавочна адчуваў, што без старонняй дапамогі яму не справіцца, а вось пытацца больш няма ў каго — хіба што ў Лёшкі.

Лёшку нельга ведаць, што там будзе за сайт у Віктара. Нікому нельга ведаць. А гэты Алік — ён чужы, хутка з’едзе (як піша). Ну, няхай ён і небескарысліва дапаможа, няхай возьме колькі грошай. Мо ён сам і ёсць той дызайнер, то хай заробіць...

Віктар: «О’кей, давай заўтра сустрэнемся».

Алік: «Заўтра дык заўтра. Прыходзь у інтэрнэт-кафе, што на вакзале, я там буду да поўдня, комп № 10».

Віктар нейкі час сядзеў крыху разгублены. Справа яго ўвачавідкі зрушылася з месца. Тая гара жаданняў, мар і магчымасцей, быццам куча самага разнастайнага металалому, цяпер яскрава набыла форму спраўнага механізма — маштабаў якога Віктар яшчэ не мог уявіць цалкам. Ён быў ініцыятарам абуджэння гэтай гары, удыхнуў у яе жыццё — і цяпер было па-сапраўднаму страшна: а ці справіцца ён?

Гэтыя яго падглядванні з тэлескопам — дзіцячая забаўка. Дастаткова ўсяго двух шчаўчкоў мышкай, каб і следу іх не засталося на кампю’тары. І не ведае ніхто, і Віктару хутка падасца, што вышка тая яму прыснілася... А вось цяпер гэтыя відэаролікі могуць пачаць самастойнае жыццё... Ат, фігня якая! Чаго ён разнерваваўся? Урэшце, якая розніца, дзе будуць тыя ролікі? Ён жа ўсё адно ў любы момант можа іх усе, адным махам, выдаліць, сайт свой закрыць і сцерці, як яго і не было! Наступае важны момант: цяпер трэба аддаваць грошы. Вось дзе сабака закапаны. Але што тут думаць — гэтых яго 100 долараў ці ёсць, ці няма. Калі і не атрымаецца нічога, калі прападуць — невялікая бяда, не такія і грошы. З другога боку — грошы робяць грошы. Хочаш мець — спачатку патраць. Хопіць ерундой займацца...

Назаўтра Віктар сустрэўся з Алікам. То быў хлопец гадоў 25-ці, з рудаватай рэдкай бародкай. Высокі — вышэй за Віктара мо на галаву, хударлявы. У акулярах.

— Аляксандр, — працягнуў руку Віктару і, калі той назваў сваё імя, падкаціў свабодны стул да стала, за якім сядзеў з уключаным камп’ютарам.

— Так, Віктар, давай па-сур’ёзнаму, — загаварыў Аляксандр. — Мне тваіх грошай не шкада, але хачу перасцерагчы, як мяне некалі вопытныя людзі перасцерагалі. Адалт у нашай краіне — забаронены. Сайты знаёмстваў — забаронены. Ты разумееш, чым усё можа скончыцца? — Аляксандр гаварыў ціха, сур’ёзна, але без ценю павучання. — Таму ты пяць разоў падумай...

— Ну, тут не адалт, — усміхнуўся Віктар. — Трэба рэсурс з добрым наведваннем і зарабіць на партнёрках.

— На адалце ж усё роўна, так?

— Так, трэба адалт-трафік.

— Няма розніцы — порна-банеры на сайце...

— Ды я разумею. Таму вось і пытаюся — як і што...

— Разумееш, тады бярыся... Дарэчы, сотні паўтары баксаў укласці трэба адразу.

Ты думаеш, адаб’еш сваім сайтам грошы?

— Думаю, адаб’ю, — упэўнена ўсміхнуўся Віктар. — У рэгіёне такога няма, а цікавасць будзе.

— Вось як? — крыху здзівіўся Аляксандр. — Тэму не прашу паліць, але ж у нашым горадзе толькі штук пяць форумаў розных...

— То не форум...

— Добра. Твая справа. Калі мы тут, то давай адразу дамен зарэгіструем. Імя прыдумаў? — Аляксандр хутка набраў адрас патрэбнага рэсурсу ў браузеры, адкрылася старонка з англамоўным тэкстам.

— Якое імя? — ніякавата перапытаў Віктар.

— Каб на цябе... Адрас, па якім на твой сайт заходзіць будуць, — крыху раздражнёна адказаў Аляксандр.

— А, гэта... Прыдумаў: рэал кропка ру.

Аляксандр здзіўлена з-пад ілба паглядзеў на Віктара.

— Віктар, ты дзіця... Такія імёны даўно заняты. Другое: у зоне «ру» ніякага адалту. Порна толькі ў зоне «орг» магчыма — гэта зона для ўсялякага смецця. Але імя — real.org — будзе занята. Думай давай што мудрэйшае...

— Не ведаю тады... — Віктар павагаўся і дастаў з сумкі фотаапарат, знайшоў той відэазапіс з дзяўчатамі на беразе: — Вось, глядзі: прыкладна такія ролікі будуць.

Аляксандр з цікавасцю ўтаропіўся ў дысплей фотаапарата. Прыцмокнуў языком, вочы яго свяціліся цікавасцю і захапленнем.

— От жа маеш... Малаток! Як ты зняў? — ён вярнуў фотаапарат. — Але — не мая справа. Значыць, твае ролікі — падглядванні?

— Так, з вялікай адлегласці...

Тут Віктар нечакана спалохаўся: чаго ён так раскрываецца перад гэтам Алікам? І вырашыў хоць крыху схітрыць: — Як і што здымаюць — не ведаю. Мая спра­ва — сайт і апрацоўка ролікаў.

— Ды я зразумеў, — працягнуў з загадкавай усмешкай Аляксандр. — Умееш з відэа працаваць. Пахне далёка не прыемным, а з другога боку — чаму гэтаму не быць? Падобнага многа... Цяжка будзе раскруціць, надта ж канкурэнцыя высокая. А вось як па рэгіёне разляціцца пагалоска, то трафік будзе. Давай у дамене наш горад наперадзе паставім і далей — рэал кропка орг.