— Давай, — узрадавана адказаў Віктар: яму было радасна не толькі ад ідэі імя дамена, але і ад таго, як Аляксандр ацаніў яго ролік і саму ідэю сайта.

— Ну, глядзі, каб потым не казаў, што я цябе кінуў, — усміхнуўся Аляксандр. — Тут заказваем адразу і дамен, і хостынг на 50 гігоў. Пакуль хостынг на паўгода... Пароль запішы цяпер і логін таксама. Зараз скрынку паштовую аформім... Тыя ж логін і пароль... Дома зойдзеш і зменіш пароль на свой... Усё. Суму бачыш? 44 ВМЗ. Я выставіў сабе рахунак, вярнуся дахаты — аплачу. Англійскую ведаеш крыху — то з панеллю кіравання даменам разбярэшся. Панель хостынга таксама не складаная. Пытанні?

— Ды процьма ў мяне пытанняў, — заспяшаўся Віктар, бо яму падалося, што Аляксандр, з якім ён адчуваў упэўненасць у справе, зараз возьме ды пойдзе, знікне назусім. — Ну, ты ж казаў, што дызайн, вёрстка... І потым сама КэМээСка... Як настроіць яе? А потым раскрутка...

— Так, хлопча... Я шчыра скажу: у грунтоўным дапамагчы — я дапамог. А далей, выбачай, — то ўжо грошы. Можаш заказаць дызайн на форуме, там і вёрстка...

— А ты ж казаў, што ёсць у цябе знаёмы дызайнер?

— Я і сам дызайню. І вёрстку раблю. Калі хочаш, давай так: выбіраю табе КэМээСку, раблю дыз, вёрстку, настройваю... Здаю табе цалкам гатовае — застанецца толькі садзіцца і заліваць ролікі. Дарэчы, каб добра індэксаваліся старонкі, ды можна было без цяжкасці аптымізаваць — трэба невялікі кантэнт пад кожны ролік, а ролікі разбіваць на раздзелы, тыя дзяліць на больш дробныя... Трэба кантэнт пад раздзелы.

Віктар прысвіснуў.

— Ого, я і не падазраваў напачатку, наколькі ўсё гэта...

— Што? Цяжка?

— Ды не... Неяк... сур’ёзна.

— А ты думаў! — Аляксандр паблажліва ўсміхнуўся. — Інтэрнэт — такое ж месца працы, як і ўсюды. І справу ў сеціве рабіць — той жа падыход трэба: грунтоўны, удумлівы... Як я зразумеў, структуры сайта ў цябе пакуль няма?

— Якой структуры? А... раздзелаў?

— Ды не толькі раздзелаў! Будуць каменціцца ролікі? Будзе нейкая геста? Чат? Магчымасць скачваць ролікі? Магчымасць юзеру заліць свой ролік?

— Так... Мне трэба падумаць над усім, — крыху разгубіўся Віктар.

— Давай, думай. Я распрацую пакуль канцэпцыю дызайну, пастаўлю КМС на сайт, няхай індэксуецца. Так, пра грошы... За ўсё пра ўсё — сотня баксаў. Каціць?

— Пакаціць, — адказаў Віктар, адначасова рашаючы задачу: дзе знайсці яшчэ 50 долараў? — У мяне з сабой сотня. Гэта на хостынг і палова табе за работу цяпер. Пакуль закончым — будуць астатнія. Так нармальна?

— Нармальна, — махнуў галавой Аляксандр, усміхнуўся з разуменнем: — Што, цяжка вось так выкласці ўсе свае грошы першаму сустрэчнаму? — хлопец відавочна бачыў ваганні Віктара. — Я табе скажу, што ў сеціве ўсё трымаецца на партнёрстве і даверы. Ніякіх кантрактаў-дамоў. Так, здараюцца і кідкі. У фрылансе ўсё магчыма. Але інакш нельга зрабіць усё хутка і максімальна танна.

— Ды я ведаю, здагадваўся... — адказаў Віктар. — Я ж быў на форуме аптымізатараў. Нават спрабаваў капірайтарам падзарабіць.

— Значыць ты ў тэме.

— У тэме. Вось, — Віктар выцягнуў з кішэні соценную паперку. — Трымай.

— Ты не перажывай, — усміхнуўся Аляксандр. — Мой жа нік на форуме ведаеш? А на тым форуме — мая работа. Хто захоча сабе непрыемнасцей, калі збіраецца зарабляць грошы? Дастаткова аднаго паста з абвінавачваннем, як твая рэпутацыя паляціць к чорту. Я тры гады там працую, у мяне кліенты ёсць пастаянныя. А дагаворы здараюцца на 300 і больш долараў. І што — мне кінуць цябе на 50 баксаў і згубіць сваё месца?

— Ды я веру, — ужо спакойна адказаў Віктар. Аляксандр яго пераканаў у правільнасці свайго падыходу да справы. — Значыць, я займуся структурай сайта... Як цябе знайсці?

— Можаш праз форум. З сямі вечара я там да гадзін трох ночы. Штодня.

— Ну, тады я пайшоў, — узняўся Віктар.

— Давай, — Аляксандр працягнуў яму руку, паціснуў. — Ды не спяшайся, бо пераробліваць куды складаней, чым адразу зрабіць усё.

— Зразумела, — кіўнуў Віктар.


7


Віктар вяртаўся да сябе, і галава цалкам была занята сайтам. Трэба наперад паду маць над сістэматыкай, каб юзеру было зручна карыстацца, хутка знаходзіць патрэбнае... Вось ёсць у яго тры ролікі — іх ужо можна разнесці па трох раздзелах. Скажам «Дзяўчаты на пляжы», «Жыццё ў вокнах» і... як жа пра тых старых прыдумаць? Няхай напачатку «Прыколы»? Не, які тут прыкол? «Розныя людзі»? Ат, не трэба зацыклівацца, вось займее ён ролікаў 10... Стоп, трэба сказаць Аліку, каб была магчымасць дадаваць розныя катэгорыі, мяняць, пры неабходнасці назвы... А цяпер... Цяпер пара браць тэлескоп — і наперад, да вышкі. Там і над структурай сайта падумае як след. Заадно кантэнт пад тыя тры ролікі напіша. Колькі ж работы! Трэба адразу над ролікамі да канца працаваць, не зацягваць, а то потым давядзецца сядзець...

Сённяшняя дарога Віктара да вышкі была падобна на шлях чалавека да свайго месца работы — Віктар ішоў упэўнены, спакойны, без ценю хвалявання. Адно, што перад самай вышкай разгарэўся сапраўдны азарт, быццам у якога грыбніка перад узлескам ці ў рыбака перад невядомай затокай: што сёння? Пашанцуе ці не?

За некалькі гадзін на хісткай вышыні Віктару пашанцавала тройчы. Куды цікавейшы за ўчарашні ролік пра дзяўчат. Сёння ў іншым месцы загарала ажно трое, усе — топлес. Разгульвалі па беражку без аніякіх азіранняў па баках. І ўсе — як на падбор: адна хударлявая, грудзі маленькія, невялікага росту, другая — мажная, клубы і грудзі ёмкія, усё такое дзябёлае, здаровае. А трэцяя — што мадэль: нібы з часопіснага фотаздымка. І быццам прадчувала, ведала, што за ёй сочаць. Віктара аж бянтэжылі яе паводзіны: гэтак яна карцінна выгіналася, аголеная, так пацягвалася, рукі да неба выпроствала, ды яшчэ паварочвалася тварам пастаянна да вышкі...

За гэтымі трыма ўдалымі ролікамі было больш за тры гадзіны здымак. Колькі кадраў, якія і пачыналіся цікава, а заканчваліся літаральна нічым. Адзін кадр Віктар ледзь не прапусціў. Напачатку сачыў за кампаніяй хлопцаў гадоў па 18—20, іх было сямёра. І сярод іх — адна дзяўчына прыкладна такога ж узросту. Твар яе Віктару не спадабаўся — яна амаль увесь час крывілася ва ўсмешцы, відавочна, была нападпітку. Калі пачаў назіраць за гэтай кампаніяй, баяўся, што вось распачнецца агіднае: хлопцы падап’юць і потым усе сямёра накінуцца на адну. Але, што дзіўна, дзяўчыны нават ніхто не кранаўся, наадварот, дагаджалі, запальнічку падносілі прыпаліць тонкую цыгарэту, піва прапаноўвалі. І яна сядзела сабе, папівала піва з бутэлькі, паліла адну за адной цыгарэткі.