Жанчына ж выглядала бязвольнай, як лялька з ануч, абцягнутая скурай. Бледны твар, выцвілыя вочы без аніякага агеньчыка пачуцця...

Дома, апрацоўваючы ролік, які атрымаўся самым доўгім, Віктар не мог пазбавіцца ад пачуцця гідлівасці і ненатуральнасці таго, што адбывалася ў фільме. Дапамагала толькі адчуванне магчымасці неяк паўплываць, няхай і пазней крыху, на гэтую брыдоту, выкрыць яе, паказаць усім ганебнасць і агіду, якая можа існаваць, хаваючыся, маскіруючыся пад маскай прыстойнасці і паўсядзённай гульні ў нармальнасць.

Сайт цалкам захапіў Віктара — увесь вольны час ён аддаваў яму. А паколькі ніякіх іншых абавязкаў у гэтую пару ён не меў, то, лічы, усе 24 гадзіны ў суткі Віктар жыў ідэяй, яна не адпускала яго і ноччу: яму снілася яго назіральная вышка, стужка ракі, вокны дамоў, у якіх сварыліся, кахаліся, распраналіся, апраналіся, вячэралі, пілі, балявалі — адным словам, жылі людзі.

Віктар згубіў лік дням, адно памятаў пра пятніцу, суботу і нядзелю — у гэтыя дні шмат народу збіралася на беразе ракі, шмат чаго цікавага можна было пабачыць у вокнах дамоў. Колькасць адзнятых ролікаў расла, да позняй ночы Віктар сядзеў над іх апрацоўкай, складаннем тэкстовак.

Наступны тыдзень прынёс для Віктара яшчэ адну знаходку. Недалёка ад іх дома на пустцы ўзводзілі шматпавярховы дом. Ужо выраслі восем паверхаў. Пазіраючы на яго, Віктар раптам падумаў пра тое, што з гэтага дома адкрываецца ўвесь іх «спальны» раён. У той жа надвячорак ён схадзіў на разведку — будка ахоўніка будоўлі знаходзілася далёка, ля закладзенага падмурка чарговай шматпавярхоўкі. Без асаблівай цяжкасці Віктар па лесвіцы без парэнчаў узняўся на апошні паверх. І застыў, уражаны малюнкам, які адкрыўся перад ім. Промні заходзячага сонца адбіваліся ў вокнах жылых дамоў, і складвалася ўражанне, што тыя свяціліся жывым і трапяткім святлом.

«Цудоўна, проста цудоўна», — Віктар быў у захапленні ад перспектывы. Столькі акон! І за кожным штовечар ідзе сваё жыццё, за кожным нешта адбываецца: вясёлае ці драматычнае...

Калі згусцілася цемра, хлопец ужо дзяжурыў на сваім «назіральным пункце». Устанавіў тэлескоп так, каб нельга было заўважыць знізу, — глыбей у памяшканні. На шырокую лоджыю вырашыў не выходзіць. Пару доўгіх гадзін далі мала плёну: толькі два больш-менш цікавыя ролікі, але ўжо на надакучлівую тэму пераапранання. Але Віктар, займеўшы ўжо вопыт на вышцы ў лесе, не адчайваўся: і адзін добры ролік за дзень — удача.

І гэтая ўдача яму ўсміхнулася назаўтра менавіта тут, на гэтым недабудаваным паверсе. Хоць пашанцавала ў гэты дзень і на вышцы ў лесе — зняў сцэну кахання. Не пошлага сексу, а менавіта цнатлівага і кранальнага пяшчотнага кахання. Сумняваўся напачатку, ці выкладаць гэты ролік у сеціва, вырашыў, што трэба: няхай вучацца не толькі як не рабіць, але і як рабіць. А твары закаханых ён прыкрые ў праграме...

А тут у адным акне зняў сямейныя разборкі. Было б сумна ад сваркі і бойкі, каб потым ён і яна (не маладыя ўжо) не селі за стол, на якім з’явілася пляшка віна. Яны выпілі раз і другі, а потым абняліся, суладна ківалі галовамі і пахістваліся з боку ў бок. Спявалі! От жа людзі: сварацца, аплявухі адвешваюць, а праз імгненне спяваюць разам. Вось якое яно, жыццё сямейнае...

На вокны свайго дома Віктар тэлескоп не наводзіў ні разу. І на вокны суседзяў таксама.

Калі ўжо збіраў тэлескоп (хопіць і аднаго роліка), адчуў вібразванок мабільніка. Глянуў — прыйшла СМС-ка ад Мэры. «Я дома». Спускаўся ўніз з тэлескопам і думаў, як хутка праляцеў тыдзень. Ды не ж, цэлых дзевяць дзён прайшло, як ён апошні раз размаўляў з Мэры. Ух ты, колькі ж ён паспеў зрабіць! А колькі яшчэ не паспеў... Патэлефанаваў Мэры:

— Прывітанне! Расказвай, як адпачывалася?

— Цудоўна, але сумна.

— Што, не было каму забавіць такую прыгажуню?

— Ат, адны дзеці саплівыя. А ты што парабляў?

— Ой, не пытайся... Я заняты так, што не ведаю, які сёння дзень.

— Ого, і чым жа заняты? Паэму пішаш?

— Так... Лічы, паэму... Незвычайную, — адказаў Віктар, у думках падзякаваўшы дзяўчыне — не трэба будзе асабліва тлумачыць сваю занятасць.

— Ты мне абяцаў нешта паказаць і ўсё расказаць, — гулліва нагадала Мэры. — Чым гатовы здзівіць?

— Не гатовы пакуль, — з напускным жалем адказаў Віктар. — Ёсць толькі накід.

— Што, не пакажаш?

— Пакажу і раскажу, — паабяцаў Віктар. — Давай сустрэнемся каля нашага інтэрнэт-кафэ. Праз колькі цябе чакаць?

— Давай праз гадзіну.

— Выдатна, я буду...

Невялікая непрыемнасць чакала Віктара на парозе ўласнай кватэры — у пярэдняй яго сустрэла маці.

— Дзе гэта ты з тэлескопам прападаеш?

— Так, назіраю, — стараючыся быць абыякавым, адказаў Віктар.

— І за чым назіраеш? Ці мо за кім?

— За Марсам я назіраю! — незадаволена адказаў Віктар.

— Дык чаму не са свайго балкона? — не адставала маці.

— А што, мне нельга з іншага месца паглядзець?

— Можна, вядома... Толькі ж які сэнс...

— А сэнс у тым, — разгарачыўся Віктар, — што з нашага балкона Марс не відзён. Потым: вельмі многа святла на зямлі, яно збівае малюнак. Ты гэта ведаеш, чаго чапляешся да мяне?

— Божа, чаго ты крычыш? — здзівілася маці. — Чаму гэта я чапляюся? Я, як маці, пытаюся, дзе бавіць час мой сын. Я маю на гэта права?

— Вядома, маеш, — спакайней адказаў Віктар. — А я маю права на ўласныя справы, згадзіся. І я не ў пясочніцы ўжо гуляюся, каб пра кожны свой крок табе расказваць. Ці не так?

— Так, вядома, — з крыўдай у голасе адказала маці. — Толькі вельмі ж ты нервовы стаў.

— У мяне ўсё добра! Вельмі добра. Проста я рэальна заняты.

— Дык чым жа? Ці гэта такі сакрэт, што і родным ведаць нельга? — спытала маці.

— Зарабляю грошы.

— І як, можна даведацца?

— Як-як... Так і зарабляю. Адзін чалавек робіць сайт пра зоркі, планеты. Я раблю яму здымкі. Акрамя здымкаў пішу вершы. Вось, бачыш? — Віктар паказаў маці свой рабочы сшытак з чарнавікамі тэкстовак.

— Ну і чаго тады псіхаваць, калі маці папыталася?

— Ды я не псіхую, — адказаў Віктар з палёгкай. — Стаміўся проста. Ёсць што вячэраць? Мэры прыехала, мы з ёй сёння сустрэнемся.

— На пліце вячэра, — ужо лагодна прамовіла маці. — Ідзі, еш...

Віктар вячэраў на кухні адзін, у цішыні. Еў і разважаў пра сябе: сёння ілгаў маці так проста, без усякай падрыхтоўкі. «Экспромты заўсёды атрымліваюцца лепей за спланаваныя рэчы», — білася міжволі думка. Было трохі прыкра, але не расказваць жа праўду пра сайт? А так выдатна ўсё прыдумалася і пра сузор’і, і пра заробкі... Ніякіх пытанняў больш не будзе. А калі днём з тэлескопам... Дробязь — птушак у лесе высочваць... Толькі трэба наскачваць розных фотаздымкаў, каб, калі пацікавіцца, паказаць...