8


Мэры ўжо чакала яго: загарэлая, вясёлая, узрушаная. Лёгка чмокнула ў шчаку, зазірнула ў вочы:

— Я так сумавала, праўда...

Віктар хацеў адказаць такімі ж словамі, але зразумеў, што не атрымаецца шчыра. А Мэры адчуе нават кроплю фальшу ў яго голасе і настроі — у гэтым ён упэўніваўся не адзін раз. І дакладна ведаў, што Мэры не пераносіць няшчырасці.

— А мне сумаваць не было калі, — з уздыхам адказаў ён. — Вось ішоў з табой на сустрэчу — і першы раз галава свабодна ад думак. Ты мне нібы акенца са свежым паветрам адчыніла.

— Выдатна, — усміхнулася Мэры, было відаць, што яна задаволена адказам Віктара. — Дзякуй, што не стаў несці лухту пра свой сум. А заўтра я табе адчыню цалкам дзверы: едзем на цэлы дзень на возера. Хачу, каб ты ацаніў мой загар і новы купальнік.

— Скажы лепш — цябе ў новым купальніку.

— Няхай і так, — Мэры шчоўкнула яго па ілбе. — Не трэба дагаворваць за жанчынай услых тое, што яна схавала між радкоў! Дарэчы, мы яшчэ на Новы год з табой дамовіліся аб паездцы: каб толькі ўдваіх і на ўвесь дзень. Я, як сапраўдная гаспадыня, буду збіраць розныя прысмакі, а ты, як гаспадар, пацягнеш сумку... Так?

— Так, — без асаблівага энтузіязму кіўнуў Віктар, павярнуўся сам і пацягнуў за руку Мэры. — Пайшлі, пакажу, што я навучыўся рабіць...

Віктар і не чакаў надта вялікіх эмоцый Мэры ад свайго сайта на Юкозе, дзе змясціў фотаздымак Мэры, апрацаваны ў фоташопе. Але і яе абыякавасці таксама не чакаў. Мэры ж засталася не проста абыякавай — яна пакрывілася, як ад кіслага.

— Віць, я сама ў фоташопе не горш за цябе ўмею, бацька яшчэ год таму навучыў. Я думала, ты свой сайт зрабіў, калі сюды паклікаў...

— Дык жа зрабіў... — Віктар амаль што пакрыўдзіўся. — Між іншым, я тыдзень сядзеў, разбіраўся ў сайтах, як яны робяцца. Нават HTML зараз ведаю. Галава апухла, мазгі праз вушы капалі...

— Я пра другое... — пачала апраўдвацца Мэры. — Даўно хацела табе прапанаваць зрабіць свой сайт. Я нават дыз першай старонкі накідала.

— І што толку з таго хамяка? — паморшчыўся Віктар. — Зойдзе 30 чалавек па разу, і ўсё.

— Што толку, што толку... Гэта ж як кніжка.

— Мне сапраўдная кніжка трэба, — цвёрда адказаў Віктар.

— Дык давай зоймемся! У мяне ж ёсць праграма вёрсткі, нясі свае вершы! Слухай, гэта ж цікава будзе! Бацьку папрашу, раздрукуюць там у рэдакцыі на лазерніку 30 экземпляраў, ім дробязь. Цікава будзе! — У вачах Мэры загарэліся іскрынкі азарту.

— Лухта гэта, а не кніга, — асек Віктар. — Я спрабаваў... Трэба вокладка, адмысловая прашыўка, абрэзка па фармаце...

— Слухай, усё зрабіць рэальна і магчыма! Варта толькі пачаць!

— Пайшлі на вуліцу... — Віктар узняўся з-за камп’ютара. — Я пачаў... Але я хачу выдаць кнігу. Сапраўдную. У сапраўднай друкарні.

Гэта ж дорага! Дзе ты столькі грошай возьмеш? — аж спалохалася Мэры. Я знайшоў заробак.

Во як? І дзе?

У інтэрнэце. Не пытайся толькі, які, — папярэдзіў з усмешкай.

— Чаму ты вырашыў ад мяне гэта схаваць? Нешта не зусім прыстойнае? — Мэры збіралася пакрыўдзіцца.

— Не крыўдуй, але не магу сказаць, — цвёрда прамовіў Віктар.

— Але чаму? — у голасе Мэры ўсё ж пачулася крыўда. — Што я, чужы табе чалавек?

— Не чужы, але гэта мая справа, разумееш? І маёй застанецца.

— Ну... няхай твая. Але не разумею, чаму мне нельга пра яе расказаць. Другое: навошта вешаеш лапшу пра гэтую справу? Нейкая дзіцячая гульня атрымліваецца: я нештачка ведаю, а табе не скажу!

— Слухай, ты можаш крыўдаваць, а можаш зразумець мяне.

— Выбачай, але не магу! Што гэта за работа такая, што яе ад мяне хаваць неабходна? Якой работы ты можаш саромецца? Ды хоць прыбіральні мыць ці грошы на ўваходзе збіраць — абы чэсны заробак. А так думай цяпер, чым такім займаешся, што аж сказаць нельга...

— Лічы, дзяржаўны сакрэт. Тайная работа, — паспрабаваў аджартавацца Віктар.

— Здзекуешся?

Віктар адчуў, што да канфлікту застаўся літаральна крок. Ён не хацеў сваркі. Ніяк не хацеў. У гэтыя дні ўсё адышло на задні план. Найгалоўнейшым стаў сайт. Сайту трэба прысвячаць час. І гэты ж час трэба ахвяраваць для Мэры. Ён змог бы дамовіцца з Мэры пра сустрэчы не штовечар, а праз дзень. Але і нейкі дзень ці два трэба таксама аддаць ёй. А кожны дзень — гэта два ці тры ролікі. Кожны вечар — яшчэ ролік ці два, апрацаваныя ролікі, напісаныя тэкстоўкі. Гэта крок да яго мары. А Мэры запавольвае гэты рух. Калі падпарадкавацца яе капрызам — нічога ўвогуле не атрымаецца. Толькі заікнешся аб тым, што яму няма калі тупа гуляць па вечарах, хадзіць на танцулькі, марнаваць час на возеры, — яна запсіхуе. Не зразумее, што такое згублены час. Яна не ведае, што час — гэта грошы! І што ў Віктара яшчэ няма 50 долараў, якія павінен аддаць Аліку. Ад яго якраз прыйшоў ліст. Алік напісаў, што гатовы паказаць зробленае, што сам не чакаў, як стыльна атрымалася. Дзіва, але ідэя пра літару «Z» і Аліку прыйшла ў галаву! Тэлепатыя... Але Алік запэўніў, што сама ідэя сайта падштурхоўвае да гэтай загадкавай літары, якая дэманструе сабой асаблівасць пераварочвання свету: гэту літару можна перавярнуць на 180 градусаў — і ніхто не заўважыць падмены. То яго ідэя — паказаць той самы перакулены бок свету...

Мэры не зразумець гэтага! Ёй не зразумець і саму ідэю сайта! Паказаць ёй пару ролікаў — яна абвінаваціць Віктара ў... Ды ў чым заўгодна! У безгустоўнасці, у подласці, у сволачнасці... Як быццам яе бацька, рэдактар гарадской газеты, не займаецца фактычна тым жа! Хіба на старонках гарадской газеты не бывае фотаздымкаў, ад якіх потым асобным людзям сорамна? Але Мэры не дакажаш...

— Я не здзекуюся, — адказаў Віктар холадна. — Але ў нейкі момант ты павінна зразумець і лічыцца з маімі жаданнямі ды справамі. Я сказаў, што не магу раска­заць, — значыць, такія ўмовы. Што ты дапытваешся, бы маці ў сына-падлетка? Я працую кожны дзень. Кожная гадзіна — гэта крок да маёй кніжкі. А табе на гэта напляваць, танцулькі ў галаве ды плёханне ў возеры. Зразумей: танцы будуць, возера не высахне. А для мяне час — гэта грошы. Лета скончыцца — магчымасці працаваць не будзе. Усё!

— Вось як... — Мэры прыкусіла вусны, прыжмурылася. — Ніколі не думала што пачну табе замінаць у нечым. Думала, якраз дапамагу. Ну, калі замінаю, то калі ласка, не буду турбаваць. Пакуль!

Мэры імкліва збегла ўніз па прыступках (пакуль яны размаўлялі, стаялі на прыступках інтэрнэт-кафэ) і шпарка пайшла па вуліцы, высока ўзняўшы галаву.

Віктар пашкадаваў яе. У нейкае імгненне варухнулася жаданне дагнаць, павініцца. Патлумачыць яшчэ нешта. Мо яна і зразумела б, дала неабходны час, не назаляла б з сустрэчамі і загараднымі паездкамі... Але — не. Атрымалася дык атрымалася. Памірыцца яны заўсёды паспеюць. І раней не раз сварыліся, па тыдні не размаўлялі. Месяц хутка пройдзе. За месяц Віктар наздымае ролікаў столькі, колькі неабходна для старту праекта... А Мэры зусім не абавязкова ведаць пра гэты праект. Нікому не трэба ведаць. Нікому... У таго Зора быў толькі адзін памочнік — яго служка. І ў Віктара ёсць памочнік. Гэтага хопіць.

50 долараў Віктар папрасіў у бацькі.

— Я прашу ў цябе ў доўг, ты зразумей, — трохі саромеючыся, казаў ён бацьку на кухні. — У маці я ў доўг не папрашу. Дакладна ведаю, што вярну. Проста справа ў мяне такая: каб зарабіць грошы, трэба напачатку ўкласці. Сам ведаеш...

— Ведаю, — сур’ёзна адказаў бацька. — Сёння без першапачатковага капіталу не зрушыш з месца ні адну справу. Нават каб месці вуліцы, трэба напачатку купіць мятлу, спецадзенне. Твая справа... Яна, спадзяюся, годная і вартая часу, сродкаў і высілкаў?