А вось у хлопцаў узнік нейкі канфлікт: адзін даў другому па шыі. У гэты момант Віктар і пачаў запіс. Але канфлікт як быццам патух... Віктар хацеў выключыць запіс, як на палянку нібы віхор наляцеў: падскочылі ці не ўсе адразу. І пачалося сапраўднае «мачылава»: рукамі, босымі нагамі, усё па-сапраўднаму. О, такі ролік хоць бяры і агучвай, як індыйскае кіно з дапамогай кавалка мяса: плясь ды плясь. Хто супраць каго — не разабраць. Адзін супраць усіх, ці ўсе супраць аднаго. Праз пару хвілін трое апынуліся на зямлі з тварамі, залітымі крывёю. На карачках папаўзлі да берага, да вады. Нарэшце, толькі двое засталіся на нагах, спыніліся... абняліся і таксама пайшлі да вады. Там была ці не ідылічная карціна: усе мыліся побач, і ніхто ні на каго не зіркаў варожа. Мала таго — абмыўшы твары, хлопцы паселі на разасланае на траве стракатае пакрывала з горкай сушанай рыбы ў цэнтры і бутэлькамі піва па краях. І смактанне піва працягвалася! Мірна і спакойна, з гаманой і смехам... Але што найбольш уразіла, дык гэта паводзіны дзяўчыны: за ўвесь час кароткай бойкі яна нават з месца не кранулася, не паварушылася, быццам нічога абсалютна не адбывалася, — пасмоктвала піва ды паліла... Бы тая каралева на турніры ў яе гонар.

Віктар хоць і радаваўся ўдачы, аднак радаваўся чыста прафесійна, ці што. Цяпер, не толькі здымаючы, а спрабуючы адразу класіфікаваць знятае ды яшчэ рабіць накід нейкага тэкставага анонса, ён па-сапраўднаму разумеў усю складанасць работы. Вось прыдумай назву для роліка, каб зацікавіць юзера? Напішы кароткі анонс, але такі, каб прабег хто вачыма і абавязкова шчоўкнуў, паглядзеў... Назва як быццам падабралася — «На выбарах караля для каралевы». А што? Тут адна красуня сядзе­ла, хлопцаў сямёра, вырашылі яны выбраць аднаго, самага моцнага, адважнага, спрытнага. Тут што галоўнае? Не быць надта сур’ёзным, сцёбу паболей, гумару, крэатыву...

Хоць, па праўдзе, як гумарыць і сцябацца, праглядваючы трэці адзняты за сёння ролік, Віктар не ведаў.

...Без асаблівай надзеі ён навёў тэлескоп на чарговае аўто, што прытармазіла між двух стагоў-кустоў. Ужо колькі такіх «сустракаў» — нічога цікавага. А тут выйшаў мажны дзядзька ў гальштуку, а з ім — ну зусім яшчэ дзяўчо. Спадніца кароткая, блузка расшпілена нізка. Праз хвіліну была накрыта «паляна»: прысмакі і каньяк — Віктар гэта добра разгледзеў.

«Начальнік нейкі», — вырашыў для сябе хлопец. Бо які смяротны можа піць, ведаючы, што яму праз гадзіну-дзве садзіцца за руль аўто?

«Паляна» гэтай пары мясцілася амаль пад кустом, які быў бліжэй да Віктара, і таму ўсіх падрабязнасцей ён не бачыў — іх хавала рэдкая лістота.

Мужчына пасля першай жа выпітай чаркі палез да дзяўчыны. Умомант з яе твару знікла ўсмешка. Яна пачала супраціўляцца, памкнулася адсунуцца далей. «Дурніца, што ж ты на такі беражок з гэтым кабаном едзеш, а цяпер супраціўляешся... Кабан не даруе, ён жа прывык... »

І той быццам пачуў думку Віктара — заляпіў аплявуху дзяўчыне так, што яна паляцела потарч. За лістотай не было відаць выразу яе твару. А гэты кабан нешта крычаў, уладна паказваючы рукой...

Гідлівасць душыла. І яшчэ — ніколі раней не зведаная прага помсты. «Сволач, пачакай, ты яшчэ пашкадуеш, ты яшчэ паскачаш!» — Віктар круціў калёсікі настройкі, наводзячы плаўна тэлескоп з аўто на нумар... О, якім салодкім было гэта пачуццё — адчуванне магчымасці пакараць гэтага бажка зямнога, паказаць яму, што ёсць і над ім нейкая сіла, яму непадуладная. І галоўнае — тайная сіла. От будзе ж гэтай сволачы цудоўны вечарочак, калі яму нехта дасць спасылку на гэты ролік!

Так, неабходна зрабіць магчымасць для юзераў, каб яны пакідалі каменты — нехта абавязкова пазнае і начальніка, і аўто. От будзе сапраўднае кіно! «Пазнай гэту скаціну!» — такой будзе назва раздзела!

Трэці ролік стаў для самога Віктара адкрыццём. Змяніў яго ролю простага назіральніка і паляўнічага за пікантнымі ды цікавымі кадрамі. Віктар адчуў сябе таямнічай сілай, сілай справядлівасці, абаронцам пакрыўджаных. Не, ён не дзіўнаваты Дон Кіхот, а невядомы нікому, загадкавы Зора... Быў такі наіўны фільм пра мсціўца ў чорнай масцы, абаронцу слабых і пакрыўджаных, які пакідаў пасля сябе загадкавы знак «Z». Вось, між іншым, неблагі знак і для самога сайта: «Фільмы аператара Z». Няблага...

Віктар вяртаўся дадому з тэлескопам, упэўнены ў тым, што задуманы сайт — проста неабходны. Што ён робіць правільна, вырашыўшы такім чынам зарабіць сабе грошай. Што ён мае поўнае права атрымаць нейкае матэрыяльнае ўзнагароджанне за яго барацьбу з гэтай распустай, брыдотай...

Брыдоту, самую сапраўдную, ад якой хацелася збегчы, якую не хацелася бачыць, праз два дні Віктар здымаў, проста навёўшы тэлескоп, і толькі ў першыя хвіліны назіраў, больш для факусіроўкі ды рэгуліроўкі павелічэння. То быў поўны трэш...

Рака сіняй стужкай вілася між зялёных кустоў, міма паплавоў у жоўтых кветках лотаці, шумеў жыццесцвярджальна лес вакол, светлай радасцю свяціўся высокі блакіт неба і сонца грэла зямлю... Зямлю, на якой рабілася ў гэты час чужое для жыцця вычварнае — двое п’янаватых маладых мужчын і зусім п’яная жанчына, куды старэйшая за іх, з бляклым, пакамечаным тварам ладзілі сваё гульбішча. Абодва мужчыны былі каротка падстрыжаны, у аднаго грудзі і плечы — ў сініх наколках. «Зэкі мабыць, толькі вызваліліся», — падумаў Віктар пра іх.