Не, ні да аднаго ўрока так не рыхтаваўся Віктар, ні да аднаго іспыту — тут адчувалася сапраўдная, нейкая вар’яцкая асалода ад ведаў. І галоўнае: Віктар зразумеў, што гэтыя веды якраз і служаць для таго, каб вось так, седзячы дома за сталом, зарабляць грошы. Ён пабываў ужо на тым форуме, адрас якога даў яму Лёшка. І ўразіўся яшчэ больш. Найперш тым, што яго здабытыя з самавучыцеля веды, якія падаліся напачатку важнымі і грунтоўнымі, на самай справе — толькі выток, спакойная вада, а наперадзе — парогі і вадаспады... Але гэта ўжо не палохала, а толькі прываблівала.

І галоўнае: тут столькі маладых хлопцаў, якія па-дзелавому размаўлялі аб заробленых сотнях долараў, аб куплі-продажы таго, што рабілі самі, за зусім не маленькія грошы.

Патэлефанавала Мэры:

— Віць, ты мяне кінуў?

Віктар на нейкае імгненне разгубіўся:

— Ой, Мэры, выбачай... З чаго ты ўзяла?

— Як — з чаго? — пакрыўджана пачала Мэры. — Ні адной СМС-кі за тыдзень, ні аднаго званка. У аську не выходзіш, на форуме цябе няма... Сяджу, як манашка, дома. Ты скажы...

— Што сказаць?

— Я табе не дурнічка!

— А хто сказаў, што я цябе за дурнічку трымаю? — ласкава пачаў Віктар. — Мэры, давай... заўтра сустрэнемся — я табе пра ўсё раскажу, хочаш?

— А што здарылася? — крыўда ў голасе дзяўчыны знікла, загучалі ноткі цікавасці і нават занепакоенасці.

— Ды нічога такога... Заняты я вельмі, — ухіліўся ад прамога адказу Віктар. — Дык заўтра?

— Не магу заўтра. Сямейная паездка на Нарач на цэлы тыдзень. Ты дачакаўся, — капрызліва адказала Мэры. — Мог сам патэлефанаваць.

— Ну, я ж папрасіў прабачэння! — пачаў тлумачыць Віктар. — Тут... карацей, я як п’яны цэлы тыдзень. З-за камп’ютара вылажу толькі паспаць і ў прыбіральню. Нават ем за ім.

— Чаго?

— Ну, праўда, потым скажу.

— Цяпер кажы.

— Не магу я цяпер, — папрасіўся Віктар. — Давай потым...

Віктар ствараў свой першы сайт. Зарэгістраваўся на бясплатным хостынгу, прыдумаў імя свайму дамену і нават першы надпіс зрабіў. Г эта было неверагоднае пачуццё: набраць у радку адраса viktarv.ukoz.ru — і пабачыць там свае напісаныя словы! «Гэты сайт робіць Віктар Валадкоў». Эх, як гэта патлумачыш дзяўчыне! Што будзе на гэтым сайце, Віктар пакуль не ўяўляў — ён проста спрабаваў. Але вось Мэры патэлефанавала, і нейкая ідэя зайграла, завабіла сваёй неакрэсленасцю.

— Не крыўдуй, — сур’ёзна прадоўжыў Віктар. — Прыедзеш, будзе табе самая поўная справаздача і — абяцаю — сюрпрыз. Прыемны сюрпрыз, — паспяшаўся дадаць.

— Ну, глядзі, — супакоілася Мэры. — Прыеду, кіну СМС-ку. Калі будзе, як сёння...

— Не будзе, — не стаў чакаць Віктар апісання таго, што адбудзецца праз тыдзень, калі ён не адорыць увагай Мэры. — Абяцаю табе каву, сюрпрыз і іншае.

— Глядзі, — папярэдзіла Мэры гулліва. — Калі ты «Укантакце» з кім віртуальнічаеш...

— Не да віртуалкі мне, — цяжка ўздыхнуў Віктар. — Праўда...

Мэры паверыла, бо ўздыхнуў Віктар без аніякага прытворства, дзяўчына гэта адчула.

— Ну добра, тады — пакуль. Займайся. Але, каб сюрпрыз атрымаўся талковым!

— Будзе, — паабяцаў Віктар, як падміргнуў.

Пад канец размовы ў Віктара склаўся дакладны план яго сайта — ён зробіць старонку пад назвай «Мая дзяўчына». А што? Прыкольна! У яго захаваліся фотаздымкі ці не з садка. Усе гэтыя гады ён быў разам з Мэры: у садку ў адной групе, потым у адным класе. Сябруюць яны толькі апошні год. У сэнсе — разам, пара яны... Зараз вось адсканіруе здымкі, папрацуе ў фоташопе, дзе фон заменіць, а дзе і сябе побач паставіць... Мэры будзе прыемна!

Сканера Віктар не меў. Патэлефанаваў Лёшку.

— Здароў! Слухай, трэба сустрэцца, я нешта паказаць хачу.

— Што, ёсць поспехі? — спытаўся Лёшка.

— Потым раскажу.

— Прыходзь, я дома. Адпачну хоць, а то сёння нешта не атрымліваецца. Развеяцца трэба.

— А сканер у цябе ёсць?

— Ёсць. Купіў нядаўна. Што сканіць будзеш? Голых цётак?

— Пайшоў ты...

Гадзіну патраціў на тое, каб са шматлікіх альбомаў выбраць дзясяткі тры фотаздымкаў. Чаго не хопіць — дадасць са свайго фотаархіва — там Мэры трапляецца часта.

Прыехаў да Лёшкі, прысеў да камп’ютара.

— Вось, глядзі! — набраў адрас у радку браўзера, павярнуўся са ззяючымі вачыма, калі на экране ўспыхнула яго старонка: блакітны экран і белыя літары на ім: «Гэты сайт робіць Віктар Валадкоў»

— О, малайчына, — пахваліў Лёшка. — Сам да Юкоза дайшоў... Але на такім сайце 600 баксаў не заробіш. Спасылкі з яго не прадасі, партнёркі хіба, але хто сюды пойдзе, акрамя тых, хто цябе ведае і каго ты запросіш? Блог — справа цяжкая. На раскрутку яго трэба паўгода мінімум і грошы. Даменнае імя другога ўзроўню...

— Ды я ўжо ведаю, — уздыхнуў Віктар. — Пачытаў, па форуме палазіў... І зразумеў, што так проста грошы не зарабляюцца.

— Я ж табе пра тое і казаў, — паціснуў плячыма Лёшка. — Толькі грошы робяць грошы. Ці ідэя. У адваротным выпадку — праца, праца і праца. Да пасінення... Што тут зрабіць думаеш?

— Ды нічога... Так, паспрабаваў. Хачу здымкаў колькі паставіць, Мэры... Пафаташоплю, нейкая практыка будзе.

— Ну, выдатна... А зарабляць спрабуй капірайтынгам.

— Ерунда атрымліваецца, — расчаравана адмахнуўся Віктар. — Рэрайт капейкі каштуе. А канкурэнцыя якая... Тэму запасціў — праз пяць гадзін яна ўжо на другой старонцы. А злыя там усе: напішы ім прыклад. Напісаў... Наляцелі, вучыць пачалі. Напішы за водгук... Напісаў — і больш ніхто не пытае...

— Лета, я ж казаў — студэнты-гуманітарыі ды і тэхнары, хто пісаць умее, таксама хочуць зарабіць... Кашалёк сабе зрабіў?

— Ага, зрабіў... Пусты...

— Некалі зазвініць кіпер. Сканіраваць цяпер будзеш?

— Давай... У мяне мазгі распухлі за гэты тыдзень. Думаў — узарвецца галава, столькі туды ўсяго патрапіла за кароткі час.

— Не ўзарвецца, — усміхнуўся Лёшка. — Я таксама думаў, што там абмежавана... Ну, сканіруй сваю Мэры...

Вечарам Віктар вярнуўся з файламі адсканіраваных здымкаў. Прасядзелі яны з Лёшкам даволі доўга. Цяпер ужо Віктар распытваў пра заробкі ў інтэрнэце з веданнем справы і толькі зрэдку прасіў патлумачыць слова альбо ўдакладніць яго значэнне.

Чамусьці было сумна, не хацелася садзіцца за комп і працягваць работу над сай­там. Веды ёсць, але самі па сабе яны не могуць даць грошы... Трэба ідэя, як кажа Лёшка. Крэатыў.

А ідэі няма.

Віктар зайшоў на знаёмы форум: можа, там народзіцца хоць якая думка, калі пачытае, як робяць іншыя...

А што такое ідэя? Ды яшчэ ідэя ў сеціве? Зразумела, сайт — месца з нечым цікавым, карысным, забаўляльным, прываблівым, патрэбным... Віктар чытаў раздзел «Для навічкоў» і ніколькі ўжо не здзіўляўся таму, што так цяжка прыдумаць нешта новае — вунь колькі жадаючых вынайсці веласіпед!Тое, пра што раней казаў Лёшка, пацвярджалася: для добрага праекта трэба вялікія грошы. Не сотні, а тысячы долараў.

Хлопец раззлаваўся: сам на сябе, што не можа нічога прыдумаць, і на тых, хто прыдумаў раней за яго сайт прыколаў розных, цікавых фотаздымкаў, відэаролікаў. Злосць падштурхнула заняцца апрацоўкай фотаздымкаў, хоць цяпер Віктар не разумеў — навошта гэта рабіць? Хіба што паказаць самой Мэры. Выкласці сюды свае вершы, расказаць усім у класе ў верасні: чытайце! І што? Ну, прачытаюць... А хто больш сюды пойдзе? Каб хоць які рэкламны банер прыносіў капейку, трэба не менш як 300—400 наведвальнікаў...


4


Работа ў фоташопе пакрысе супакоіла. Мяняў фон на здымках: была маленькая Мэры ў садку разам з усімі, а стала сярод калон нейкага замка — падобных малюнкаў і здымкаў у Віктара хапала.

Некалькі фотаздымкаў вырашыў зрабіць на фоне зорнага неба, што некалі сам здымаў праз тэлескоп. Зрабіў першы — цікава атрымалася. А галоўнае — тут і яго праца ёсць, неяк сімвалічна атрымліваецца.

Адзін здымак хваляваў асабліва: у мінулым годзе ўдалося схапіць на возеры: Мэры здымае праз галаву лёгкую сукенку, застаючыся ў купальніку. Тут і фон іншы не падбярэш, а было б цікава здзівіць Мэры...

Выйшаў на балкон — падыхаць свежым паветрам, развеяцца. Можа, якая думка ў галаву прыйдзе. Стаяў, углядваючыся ў горад, на які пакрысе апускалася ноч — запальваліся ўжо агні ў вокнах, ліхтары на вуліцах, змаўкалі галасы дзятвы. У блізкім ад дома Віктара акне кухні рухалася постаць, здаецца, жаночая.