Цішыня, лес, сонца, вада...

Што яшчэ трэба?

— Для поўнай гармоніі неабходна вогнішча. І смажанае мяса, — заключыў Юрыс, кінуўшы напакаваны рукзак пад куст. — Ах, браткі, я хачу стаць дзікім!

— У цябе і так, па ўсім відаць, хвост толькі ўчора адваліўся, — незласліва падкалоў Сяргей.

Палілі вогнішча, смажылі шашлыкі, купаліся (хоць вада была халаднаватай і палезлі ў яе не ўсе. Дзяўчаты адно ў купальніках ногі намачылі). Загаралі, танчылі, дурэлі.

Воля!

Першы раз усім класам — і адны: ні класнай, ні бацькоў. Збіраліся крадком: ведалі — класная будзе крыўдаваць, а нехта з бацькоў можа і не адпусціць: усё ж далекавата ад горада і месца з «душком». Кацярына, стараста, за ўсё адказвала. Катэгарычна выступіла супраць піва.

— А прэзерватываў па колькі на чалавека? — сур’ёзна так спытаў Антон.

— Хто па колькі захоча, — адмахнулася Кацярына, а Юрыс дадаў:

— Табе, Антон, не трэба.

— Гэта чаму? —Антон адчуў падрыхтаваную падколку і рыхтаваўся адказаць.

— Як — чаму? — быццам бы здзівіўся Юрыс. — Ты ж спытаў — «на чалавека». Да гэтага тыпу ты не адносішся.

— Сам ты прымат! — агрызнуўся Антон.

...Віктар стаміўся танчыць — амаль 10 хвілін без перапынку ён і Мэры выдавалі клас «рок-н-рола». Гэта не нейкі там шэйк! Пот градам, і ногі падкошваюцца. Адзін Віктар утрымаўся да канца.

Піць хацелася нясцерпна, а мінералку ўсю павыпівалі. Убачыў трохі воддаль пад кустом Юрыса, Сяргея і Лёшку. З травы ля іх ног вытырквалася быццам бы бутэлька мінералкі.

Хлопцы палілі, паўляжалі кружком. У цэнтры на пластыкавай талерцы ляжалі гуркі, каўбаса, хлеб. І мінералка была.

— Дайце глынуць, памру, — Віктар схапіў мінералку.

— Э, не жлукці ўсю, — папярэдзіў Юрыс.

Віктар зрабіў два глыткі, паставіў бутэльку.

— От жа. Зараз здам Кацьцы, яна вас, як кацянят у рэчцы, патопіць. Прыхаваліся тут...

— Я табе здам, — агрызнуўся Юрыс. — Мы тут дзень нараджэння адзначаем.

— Чый гэта?

— Мой, — коратка адказаў Сяргей.

— Ну, з днём нараджэння, — павіншаваў Віктар, папіў мінералкі. — Але твой дзень нараджэння зімой.

— Я і сам не ведаў, — адказаў Сяргей. — У мяне два дні нараджэння. Другі — сёння. П’яны бацька забіць мяне хацеў. Добрым такім калом замахнуўся быў. Бабуля выратавала — сябе падставіла...

— Ну, ён у цябе і дурны.

— Усё, забыліся, — загадаў Сяргей.

— Эх, яшчэ год — і школе канец, — ні да каго не звяртаючыся, па-філасофску зазначыў Юрыс. — Здавалася, столькі часу наперадзе...

— То факт, — згадзіўся Сяргей і закурыў новую цыгарэту. — Я вось месяц ужо ў бабулі — быццам учора на парог ступіў.

— Не збіраешся вяртацца? — спытаўся Юрыс.

— Не. Пасля таго, што бабка распавяла... Я маці з братам да сябе забяру. Ён мне не бацька. Грошы знайду, рамонт зробім — і ішоў бы ён з той кватэрай...

— Дзе ты грошы шукаць думаеш? — тут жа пацікавіўся Віктар. — Мне таксама баксаў пад тысячу трэба. У бацькоў пытацца няма сэнсу — выпускны клас, на ўсякія зборы-касцюмы-тэсты-экзамены тысяча пойдзе.

— На што табе столькі? — здзівіўся Юрыс.

— Трэба... Дык дзе, Сяргей?

— Пакуль не ведаю. Мінулым летам бабулін сваяк памочнікам камбайнёра ўзяў на тыдзень. Няблага, хоць вымотваўся, без задніх ног валіўся спаць. Але цяпер наўрад ці пашчасціць — канкурэнцыя. На жніве добрыя грошы паднімаюць... У калгасе дзе ўладкавацца можна...

— Ну яго, калгас твой, — чмыхнуў Віктар. — Буракі палоць за літр піва.

— Як на буракі, то адразу і на піва, — згадзіўся Сяргей. — У майстэрню паспрабую. Оп-па, Кацька намі зацікавілася...

Кацярына ў гэты момант падышла да хлопцаў. Прысела побач.

— Што гэта вы, як загаворшчыкі?

— Мы тут курым, Каць, — адказаў Сяргей. — Схаваліся, каб не паказваць дурны прыклад выхаваным хлопчыкам і дзяўчынкам.

— Позна там прыклады паказваць, — адмахнулася Кацярына. — Для поўнага суладдзя засталося мне закурыць і Лёшку. Ці ты, Лёшка, ужо паліш?

— Не, — адказаў крыху разгублена Лёшка.

— Ай, Каць, не будзь занудай, — сказаў Віктар. — Не дзеці, кожны сам за сябе адказвае. Вунь Хаванскі не курыць, слоў брыдкіх не кажа — і што, варона ён тут белая? Усё, давай лепш ты нам, як дзяўчына сур’ёзная, параду дасі: дзе грошы ўзяць?

— Знайшоў у каго пытаць, — горка ўсміхнулася Кацярына. — Колькі сябе памятаю, столькі ў нашай хаце стаяла гэтае пытанне: дзе ўзяць грошы? Многа трэба? Зарабі!

— Столькі за лета не зараблю, — цяжка ўздыхнуў Віктар. — Красці не хочацца, а то бамбанулі б які кіёск з Сяргеем.

— Ага, і потым мне вам перадачы насіць?

— Вось і баімся: калі ты пачнёш перадачы насіць — памром з голаду, — убіўся ў гутарку Юрыс.

— Памыляешся, — пакрыўдзілася Кацярына. — За мной якраз і не памрэш з голаду.

— Ат, я так, — скрывіўся Юрыс, зразумеўшы, што жарт не атрымаўся.

— Дык дзе грошай узяць, Каць? — не адставаў Віктар.

— Многа трэба?

— Баксаў 600...

— Ого! Праблемы?

— Ён сам сабе праблемы стварае, — зноў уставіў Юрыс. — Не можа без іх.

— Юрыс, памаўчы, га? — перабіла Кацярына. — Дык навошта, калі не сакрэт, Віктар?

— Пакуль сакрэт... Але так і быць, вам скажу, толькі асабліва не разносьце. Вершы свае хачу кніжкай выдаць. Ну, і на выпускным усім уручыць... Там невялікія эпіграмы на кожнага, шаржы Алег намаляваў, яшчэ падмалюе. А пра той наш «урок бяспечнага сексу» ў Чарэмшані цэлая паэма...

— Ух ты, крута! — вырвалася ў Юрыса.

— Класная задумка, — згадзіўся і Сяргей. — Ну, тут грошай можна і пазычыць, а кніжкі потым не дарыць, а прадаваць.

— Не хачу прадаваць, — пакруціў галавой Віктар.

— Значыць, будзем шукаць спонсараў, — спакойна вырашыла Кацярына, быццам гэта было як грыбы ў лесе знаходзіць.

— Ага, пашукай...

— Калі не шукаў, то не кажы... У Лёшкі папытаемся, ён умее.

— Што ў мяне пытаць? — адгукнуўся нехаця Лёшка

— Як многа грошыкаў за лета накасіць?

— У інтэрнэце, — коратка адказаў Лёшка.

— І як? — ажывіўся Віктар.

— Проста... Ствараем порнасайт. У нас ёсць відэакамера добрая. Увесь клас — артысты. Пара чалавек з крэатыўным мысленнем прыдумваюць сцэны, пара аператараў, два адміны на сайт — і рубім бабло.

На момант усе разгубіліся. Юрыс першы не стрываў:

— Ты што — сур’ёзна?

— Я — не ты, жартаваць не ўмею, — пакрыўджана адазваўся Лёшка. — У адалце мільённыя абароты. Тысячы долараў паднімаюць толькі на партнёрках.

— На якім адалце?

— На парнусе. Французкае «адзюльтэр» ведаеш? Вось... Але ведай, што гэта ніяк не стасуецца з Крымінальным кодэксам.

— Купім пракурора за права першага бясплатнага прагляду, — знайшоўся Юрыс. — Каць, а Каць, пойдзеш у нашу кінастудыю?

— Пайду, — згадзілася Кацярына. — Намеснікам дырэктара. Бо калі артысткай — ваш праект праваліцца ад адной сцэны са мной.

— Дык ён і са мной праваліцца, — рагатнуў Юрыс. — Вопыту — нуль. Каць, пайшлі — якраз і першы вопыт будзе, га?

— Не спяшайся, хопіць, — перапыніў яго Віктар. — А што такое партнёрка, Лёш? Гэта ж не сама кінастудыя, як я зразумеў?

— Не, не сама, — неахвотна пачаў тлумачыць Лёшка. — Гэта любы сайт, на якім стаіць рэклама гэтага порнарэсурсу. Наведвальнік ідзе на гэты сайт, потым па рэкламе — на порнарэсурс...

— І так дзясяткі тысяч паднімаюць? — не паверыў Сяргей.

— Паднімаюць... Калі сайт раскручаны...

— За месяц?

— За месяц...

— Нічога сабе! — Віктар выказаў агульнае пачуццё. — Так проста? З нічога — такія грошы?

— Вось гумарысты... З нічога... — усміхнуўся Лёшка. — Ты ствары спачатку рэсурс каб быў цікавы для аўдыторыі, якая пойдзе потым на порнасайт. Раскруці сайт, прасунь яго на першыя месцы ў пошукавых сістэмах. Потым падтрымлівай. А гэта — грошы. Каб атрымаць, трэба напачатку не адну тысячу ўкласці. І працаваць не адзін месяц. Як мінімум — чатыры. Вось так. Плюс, не забывай, гэта крымінал. Забаронена.

— Цю... — Віктар быў расчараваны. — Што ж ты адразу не сказаў, што каб зарабіць шмат, трэба напачатку ўкласці многа? Ды яшчэ крымінал, забаронена... А ты як зарабляеш?

— Можна і не ўкладаць... Калі табе цікава, ёсць і без адалту спосабы заробку. Заўтра прыходзь, пакажу рэсурсы. Нармалёвыя, без парнаграфіі. Але там дзеля 40 баксаў трэба карпець днямі... Зрэшты, зарабіць можна. Было б жаданне.

— І Кацьцы не трэба будзе артысткай рабіцца? — расчаравана працягнуў Юрыс. — Я ўжо спадзявацца пачаў, што мы проста вось тут, на гэтым беражку пару эпізодаў для нашага рэсурсу здымем. І Каця, глядзі, якая расчараваная...

— Вось жа! — Кацярына пляснула Юрыса ў плечы, устала: — Пайшлі, а то там без вас засумавалі.

— Зараз ідзём, Кацюш, — за ўсіх адказаў Сяргей, прытушыў недапалак. — Няхай гэты бераг народзіць у тваёй галаве, Віктар, добры верш і яшчэ лепшую ідэю, каб гэты верш быў надрукаваны ў тваёй кнізе!

— І каб узняла гэта ідэя славу нашага паэта на вышыню вунь той сасны... Не, вунь той вышкі! — Юрыс кіўнуў галавой далёка ў лес.

— А што там за вышка? — спытаў Віктар, азірнуўшыся, — недзе з паўкіламетра ад іх узвышаўся над лесам верх драўлянай вышкі.

— Пажарная, — адказаў Сяргей. — Я на такой быў. Леснікі ў сухую пару залазяць, аглядаюць: ці не дыміць дзе. Азімут засякаюць. З другой вышкі таксама бяруць азімут — кропку на карце вызначаюць.

— От бы туды залезці, зірнуць на гэты беражок, — памарыў услых Віктар.

— Ага, — сплюнуў Сяргей. — Вунь бачыш, аўто чорнае каля тых кустоў? — ён кіўнуў далёка наперад па беразе ракі. — Адтуль бы дакладна пабачыў, які начальнічак прывёз на гэты беражок сваю сакратарку. І які даклад будзе дыктаваць...

— Адкуль ты ведаеш? — заўпарціўся Віктар. — Можа, муж з жонкай...

— Цялё ты, Віктар, без крыўды, — адказаў Сяргей. — Глянь колькі часу — хутка шэсць. Якраз пасля работы. І хто жонку павязе без дзяцей? І чаго мужу і жонцы перціся ў такі час, ды яшчэ ў тыя кусты, дзе і пляжа няма? Пайшлі, Кацька кліча...


3


Назаўтра Віктар сазваніўся з Лёшкам. Той з гадзіну паказваў яму розныя рэсурсы, дзе можна зарабіць, тлумачыў. Няхай і невялікія грошы, але з дому не выходзячы.

— Артыкулы на сайты пісаць — справа няўдзячная, — расказваў Лёшка. — Але як для цябе, то і падыдзе. Плацяць цяпер мала, бо канікулы пачаліся — усе школьнікі імкнуцца зарабіць так.

— Слухай, Лёш, — падумаўшы, спытаўся Віктар, — Я не разумею: адкуль грошы бяруць тыя, хто заказвае гэтыя артыкулы?

— Ну, сайт можа прыносіць даход.

— Як гэта? А, партнёрка...

— Партнёрка — толькі адзін з відаў даходу, — цярпліва тлумачыў Лёшка. — Ёсць інтэрнэт-магазіны, і іх многа. Можна стварыць сайт з высокім ТІЦам і ПР, гандляваць спасылкамі, размяшчаць артыкулы за грошы з тымі ж кантэкстнымі спасылкамі...

— Стой-стой, — энергічна пашкроб галаву Віктар, — Лёшка, ты думаеш я хоць слова зразумеў? Што за тыц? Што за піэр? Кантэкстныя спасылкі?

— ТІЦ — тыпавы індэкс цытавання ў пошукавай сістэме Яндэкса. Чым вышэйшы гэты індэкс, тым, значыць, больш іншых сайтаў спасылаюцца на яго. Калі ж з гэтага сайта на другі ідзе спасылка, то той, другі, паднімецца ў ранжыраванні, зойме ў серпе першыя месцы...

— А-а-а, я лох, — застагнаў Віктар. — Нічога не разумею... Божачка, першы раз такое адчуванне... Ранжыраванне, серп... Злітуйся. Прасцей можна?

— Нельга прасцей, — усміхнуўся Лёшка. — Будаўнік не зможа табе свае прафесійныя сакрэты расказаць на тваёй мове. І я замучуся тлумачыць кожнае слова.

— Добра, ты мне скажы: сайт зрабіць складана?

— Ну, сатэліт які зляпіць сінамайзерам з гатовым кантэнтам...

— Лёшка, гад, не рабі з мяне ідыёта!

— Добра... Гледзячы які сайт. Просценькі такі, некалькі старонак, некалькі артыкулаў, якія не будуць узнаўляцца, з бесталковым зместам — за паўгадзіны, маючы спецыяльную праграму — сінамайзер для генерыравання тых самых артыкулаў з аднаго: праграма аўтаматычна падстаўляе сінонімы, перастаўляе словы месцамі. Напрыклад, маем сказ: дзяўчына была прыгожая. Сінамайзер выдасць сам: дзяўчына ёсць цудоўная, захапляльная дзяўчына была, маладая жанчына ёсць ладная...

— Навошта такія сайты?

— Слухай, ты мяне дастанеш... Але я і сам такі быў... — Лёшка задумаўся на момант. — Каб нейкі адзін сайт зрабіць вельмі значным, каб на яго было шмат спасылак, робіцца шмат такіх вось пустых, не патрэбных нармальным людзям сайтаў. Завуць іх сатэлітамі — ад англійскага — спадарожнік. Ён выконвае толькі адну ролю — спасылаецца на той патрэбны сайт. Г этыя сатэліты — як куча смецця, на версе якой той патрэбны сайт. Хамяк для сябе зрабіць крыху складаней...