Пані Мар’я чытае пра восень і дождж… Нехта падстрэліў недзе жорава, і, абяссілены, ён асядаў на лузе. Пастухі пачалі яго з крыкам лавіць, а ён — не давацца. Падумаў на Міхаську, што гэта купіна, і стукнуўся ў яго грудзьмі. Міхась затуліў яго халатам. А сябрукі, адбіраючы жорава, затузалі хлопца так, што ён самлеў. Хлопцы спалохаліся, адхаялі яго, завялі дахаты і жорава яму аддалі. Так яны і заселі ў запеку ў мачыхі, — галадалі, хварэлі і пацяшалі адзін аднаго…

— Малец, чаму ты не пішаш?

— Я пішу, — схамянуўся Данік. Ён схіліўся над сшыткам, а пані Мар’я паківала галавой, памаўчала трохі і зноў чытае.

Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Міхась раставаў, як той снег за акном. Аднойчы напрадвесні мачыха сядзела за кроснамі, а ён азваўся з запека: «Мама!..» Упершыню пачула баба такое слова ад пасынка. I толькі спалохалася — смерць!.. «Мама, мамачка, жорава дай!..»

Чаму на гэтых словах пані Мар’я спыняецца? Нават, здаецца, з прыплачам у голасе, як у той дзень, калі яна чытала ім пра Янку-музыку… Чаму і ў Сівага таксама слёзы закружыліся ў вачах?..

Жораў ішоў за труной Міхася, а потым, калі засыпалі магілу, узняўся і паляцеў. А на зямлі застаўся толькі сумны крык яго, і дождж, і слёзы…

— Ну, а цяпер пакажы мне, Малец, што ты там напісаў?

Данік устрапянуўся і, зачырванеўшыся, паднёс настаўніцы разгорнуты сшытак.

— Вядома ж, і палавіны нават не зроблена, — сказала пані Мар’я. — Ну, хлопча, няма з табой ніякай рады. Застанешся ты сёння пасля заняткаў. На каленях трохі пастаіш. Бо трэба пісаць, а не думаць і вечна глядзець…

I вось чацвёрты клас пайшоў дахаты, а Данік стаіць на каленях. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку, замяняючы настаўніка Дулембу. Вучні нешта, мусіць, рашаюць, і голасу кіроўнічыхі не чуваць. Можа, сядзіць над класным журналам. I ўжо не плача, відаць, ні над Янкам-музыкам, ні над Міхаськам…

Сівы сядзіць на пятках, калупае мох у пазе сасновай сцяны і злосна, да слёз злосна думае пра настаўніцу.

Яшчэ толькі ўчора яна здавалася яму не такой, як усе іншыя настаўнікі, не такой, як быў пан Цаба. «Мілая пані Мар’я…» — крывіць сам сябе Данік. Ён думаў так неаднойчы, калі ішоў дахаты або ўпотай глядзеў на яе цераз парту і стол… Эх, дурань! Ён думаў нават, чаму яна — такая добрая, разумная, прыгожая, — чаму яна не мама яго, чаму ён не можа прытуліцца да яе, падставіць сваю сівую, астрыжаную галаву пад яе цёплую, маленькую руку… У кіроўнічыхі двое дзяцей: дзяўчынка Вандзя вучыцца ў другім класе, а хлопчык Адась яшчэ зусім малы. Данік бачыў аднойчы, як пані Мар’я вяла іх за рукі па дарожцы вакол царквы. А ён, дурань, глядзеў з-за дрэва, слухаў іх смех і гутарку і… зайздросціў. Думаў, якая яна добрая, прыгожая, якія яны шчаслівыя з такою мамай — гэтыя Вандзя і Адась!.. Ах, які дурань! Як дрэнна думаў ён тады пра сваю маму! Яна, бачыш, і ў школу не правяла яго ні разу, і не пахадзіла вось так, і не спытала ніколі, ці не цяжка яму і пра што ён чытае… Усё завіхаецца вечна, усё маўчыць… Ну, дык вось табе, Сівы, і «мілая пані Мар’я»!..

Што гэта — нехта галосіць? Так, галосіць!

Данік устаў і падышоў да акна. Працёр запацелую шыбу: за гразкай плошчай — цагляны дом пастарунка. На ганку стаіць паліцыянт. I нікога навокал няма, толькі шэрае сумнае неба і гразь…

— А сы-ынок мой, а род-нень-кі!.. — зноў пачулася галашэнне.

Хто ж гэта?.. Данік працёр запацелую шыбу да самага нізу і ўбачыў — на тратуары, трохі правей ад акна, стаяла нейкая цётка.

— Ціха, Ганна, нічога ты не паможаш, — пачуўся голас мужчыны. Яго — не відаць: мусіць, за ганкам стаіць. А цётка не хоча заціхнуць.

— А дзе ж той Бог, а дзе тыя до-брыя людзі?.. А за што ж вы яго катуеце-е?!

— Ціха, дурніца! Ну вось, дачакалася!..

З ганка пастарунка сышоў паліцыянт і ўжо ідзе сюды, абыходзячы лужыны… Данік не вытрымаў: узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны.

— Няхай бяруць! — ужо не плакала, а крычала яна. — Няхай катуюць і мяне! Няхай!..

Дзядзька паказаўся з-за ганка і шмыгануў перад акном па мокрых, гразкіх дошках тратуара.

— Стуй! Чэкай, хаме! — крычыць паліцыянт і сам ужо бяжыць сюды па гразі.

А цётка не ўцякае… У нейкім шэрым бурносе[30], у лапцях, у хустцы-канаплянцы… і не ўцякае!..

Данік прыўстаў і ўсадзіў у фортачку твар.

— Ідзі, ідзі! — гаворыць цётка. — Ідзі, напіся, крук[31], і маёй крыві! Бог мілы дасць — захлынешся!.. Ах, Божа мой!..

Данік убачыў толькі, як ён, паліцыянт, замахнуўся… Тады, заплюшчыўшыся ад жаху, малы закрычаў. Толькі адно, толькі самае першае слова:

— Мам-ма!..

І тут яго схапілі пад пахі нечыя дужыя рукі, знялі-сцягнулі з падаконніка на падлогу.

Данік апрытомнеў, убачыў, што гэта яна — кіроўнічыха. Яна стукнула фортачкай, зашчапіла яе, стала спіной да акна, засланіла сабою ўсё… А ён памкнуўся наперад, хацеў ёй крыкнуць нешта такое, пасля чаго яна назаўсёды перастала б для яго быць настаўніцай, а ён — яе вучнем… Ды вось пані Мар’я закрыла аберуч твар, і плечы яе задрыжалі. Данік адступіўся. Крыку за вокнамі ўжо не чуваць… I цішыня пустога класа, і гэтыя малыя белыя рукі, што ўпершыню закрылі мілы калісьці твар настаўніцы, і плечы яе, што дрыжаць, — усё гэтае нібы вярнула яго зноў сюды, на гэтую падлогу перад партамі… Данік спалохаўся, абмяк, адышоўся на сваё месца і стаў на калені.

— Што ты робіш, дзіця маё! Што ты крычыш!

Яна ўжо стаяла за яго спіной. А ён не хацеў нават азірнуцца. «Ідзі ты к чорту! Разам з усімі вамі — к чорту!..» — гаварыў ён без слоў, усімі сіламі сваёй уражанай, як быццам ужо не дзіцячай душы. Але слёзы, гарачыя слёзы нянавісці і жалю самі каціліся з яго вачэй…

— Устань!

Данік унурыў галаву яшчэ ніжэй.

— Устань, Малец, кажу табе!

Яна ўжо гаворыць без слёз. I ён ужо не плача. Слёзы самі паўзуць па шчоках Сівага, а ён ужо калупае пальцамі сухі, шорсткі мох у пазе, а потым нібы адрывае руку ад сцяны і пальцы самі сціскаюцца ў кулак.

— Устань, Данік! — Яна назвала яго так упершыню. — Ну, я прашу цябе — устань…

Данік устаў. Ён не глядзіць на яе, бо ўжо не можа ўзняць вачэй. Не можа і не хоча. I вось да твару яго дакранаецца цёплая далонь. Пальцы спаўзаюць па шчацэ да падбародка і хочуць знізу прыўзняць хлопцаў твар.

— Не трэба, Данік, злаваць на мяне…

Ды ён не хоча слухаць, не хоча і гэтай рукі. Матнуўшы галавой, ён вызваляе свой падбародак з яе цёплых пальцаў.

— Ну што ж, ідзі дахаты. Толькі ціха. Дай я цябе правяду цераз гэты пакой.

Пяты клас — чуваць Даніку — ужо шуміць за сцяною. Ісці тудою — сапраўды не варта. Данік бярэ з парты торбу і шапку, ідзе следам за кіроўнічыхай. Цераз настаўніцкі пакой яна выпускае яго на ганак. Хлопец не кажа нават таго «до відзэння», якое павінен сказаць. Не можа вымавіць. Ды і не хоча. Спыніўшыся на нейкі момант, ён глядзіць цераз гразкую плошчу туды, дзе на ганку цаглянага дома зноў стаіць той — ненавісны, жахлівы — у цёмна-сінім шынялі…

8

Неяк увечары, дома, калі маці наліла яму паабедаць з дарогі, Данік, нават не сеўшы за стол, сказаў:

— Дай мне адну залатоўку.

— Вось як! — здзівілася мама. — Навошта?

— Трэба.

Назаўтра, у школе, як толькі адзвінеў на вялікую пераменку званок і пані Мар’я выйшла з класа, Санька Сурновіч, якога ўжо называлі Матэйкам, ускочыў на парту і закрычаў:

— Увага, увага! Сёння Малец частуе! Рыхтуйцеся, хто галодны!..

— Я галодны! А я галаднейшы! Давай, Данік! Чым частуеш? — закрычалі хлопцы.

Данік сядзеў за партай і толькі ўсміхаўся.

— Чым я цябе пачастую? Свежым снегам? Што ён выдумаў!

I Сівы штурхануў свайго сябра, Саньку Сурновіча, пад бок: маўчы!..

— Эй, снеданне нясуць! Нех жые![32]

З пятага класа — адтуль быў выхад на двор — увайшлі дзяжурныя. Рыжы і кучаравы Абраша Цымес, сын каваля Ярухіма, надзьмуўшыся, нёс перад сабою бачок з гарачай кавай. За ім ішла, несучы два накрытыя сурвэткамі кошыкі, Аня Нупрэвіч, па мянушцы Каза, бойкая, крыклівая дзяўчынка з рубцом-разрэзам на верхняй губе.

— Г-гоп! — паставіў на стол бачок Абраша Цымес.

— Чаго напалі? — закрычала Каза на дзяцей. — Не ўсе адразу!..

У школе быў нядаўна заведзены такі парадак, што дзецям выдавалася «бясплатнае падмацаванне». Кубак кавы і лустачка хлеба — заўсёды адно. Дзеці «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх падыходзілі да гэтай справы «з гонарам» — бралі толькі каву і запівалі ёю свае, дамашнія, бутэрброды. Іх пераймалі ў гэтым сынкі і дачушкі багатых яўрэяў. Іншыя дзеці елі звычайна і сваё, і школьнае. Шмат было і такіх, для каго гэты кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. З такіх звычайна кпілі панскія і купецкія дзеці.