— Досць! Досць, матолак![36] — перабівае яго панна Рузя. Яна не стаіць каля печы, а ходзіць па класе, залажыўшы назад рукі. — Што я казала табе? Не тарахці, як папугай, а гавары сваімі словамі. Ну!

— Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня…

— Матка боская! — зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі!

Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Запалку, здаецца, падсунь — успыхне.

— Далей! — загадвае яму панна Рузя. — Расказвай, ці спадабалася гэта аўстрыйскаму цэсажу?

— Аўстрыйскаму цэсажу гэта не спадабалася, — гаворыць Янка ўжо «сваімі словамі». Потым раптам хлопец збіваецца з польскай на беларускую мову: — і тады ён… Тады…

— Досць! — зноў перабівае яго настаўніца. — «I тады ён… Тады…» — крывіць яна. — Што за «тады» і што за «ён»? Што ён зрабіў, сустракаючы Яна Сабескага, і што зрабіў Ян Сабескі? Па-польску гавары!

Янка маўчыць. Ён апусціў галаву і, здаецца, занаравіўся зусім. Ну, хоць бы вочы ўзняў! Тады заўважыў бы, як Данік Малец, стараючыся, каб не прыкмеціла настаўніца, паказвае яму, што зрабіў Ян Сабескі. Раз, другі раз, трэці раз паказаў… і вось, нарэшце, Лычык цікнуў на клас спадылба і здагадаўся.

— Тады круль Ян Сабескі, — пачаў ён, — падкруціў свой вус…

Клас грымнуў смехам.

— Ціха, драні! — старалася перакрычаць усіх панна Рузя. А потым, калі вучні сціхлі, яна, паглядзеўшы на Янку, сказала: — Сядай, матолак! Не буду я тут з табою надрываць свае лёгкія. Хто адкажа?

Узнялося некалькі рук. Асабліва — адна, з другой парты, старалася дастаць найдалей, — ледзь не да самага твару настаўніцы.

— Бэндзіньскі, — сказала панна Рузя.

Чэсік апусціў сваю доўгую руку, устаў і бойка загаварыў:

— Калі наш храбры круль Ян Трэці Сабескі разбіў туркаў пад Венай, ён уязджаў у Вену на чале сваіх непераможных гусараў. Аўстрыйскаму цэсажу не спадабалася, што гэта не ён, а наш круль Ян Трэці Сабескі перамог туркаў, і ён не хацеў зняць капялюш перад нашым крулем. Ян Трэці Сабескі падняў руку, каб падкруціць свой вус, а аўстрыяк падумаў, што ён падносіць руку да капелюша, і тады ўжо ён схапіўся за свой капялюш. А потым…

— Старчы[37], Бэндзіньскі, сядай! — усміхнулася настаўніца.

Яна падсела да стала і выняла з чорнай сумачкі свой тоўсты блакнот. Нават і не прыўстаючы, з першай парты Данік бачыў, як яна адгарнула старонку на літару Б і напісала вялікае пяць. Пасля адгарнула старонку на літару Ц, падумала трохі і паставіла, таксама вялікае, мінус тры.

— Ну, хто далей? — спыталася, гледзячы на клас.

Ды тут у дзверы з настаўніцкай нехта пастукаў і спытаўся:

— Можна?

Клас падхапіўся і не застыў, як звычайна, у маўклівым прывітанні, а загудзеў на трыццаць шэсць галасоў.

«А-а-а! О-о-о!» — чуваць было ў гэтым нястрымным гуле дзіцячай радасці.

— Ціша! — перакрычала іх панна Рузя. — Сядайце! Дзень добры, пані Анджэеўска! Прашу прайсці далей.

Пані Мар’я — у цёплым паліто і футравай шапачцы — стаяла каля дзвярэй і ўсміхалася. Такая бледная яшчэ, з пазападаўшымі вачыма…

— Я — толькі зірну на іх разочак. Можна, панна Рузя?

I вось, выйшаўшы ад дзвярэй за стол, дзе так прывыклі бачыць яе чацверакласнікі, пані Мар’я памаўчала, апусціўшы вочы, а потым паглядзела на клас і сумна ўсміхнулася.

— Дзеці, — сказала яна, і голас яе задрыжаў. — Мілыя дзеці, я вельмі рада, што вы яшчэ ўсе памятаеце мяне. Я так хацела б адказаць вам сэрцам за сэрца… Ужо цяпер, адразу, але… Ну што ж, мне не ўдасца прыйсці ў школу, відаць, да самай вясны…

Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла.

— Я пацяшаю сябе тым… — пачала пані Мар’я, але голас яе зноў задрыжаў. — Ды што там пацяшацца: у маі ўбачымся зноў. — Яна ўсміхнулася. — Жадаю вам поспехаў, дзеці! Будзьце здаровы!

Кіроўнічыха неяк вельмі ж павольна выйшла з класа.

Панна Рузя пайшла праводзіць яе на вуліцу. А дзеці кінуліся да акон. Не ведаючы, што зрабіць і што сказаць, каб пані Мар’я зразумела іх, яны крычалі ў вокны і махалі рукамі.

А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі. Вось-вось, здаецца, крыкне. Але крычаць ён не мог…

Пані Мар’я ўзышла на прыгорачак перад школай, азірнулася, памахала рукой і пайшла. На сярэдзіне плошчы азірнулася зноў, зноў памахала. Данік уздрыгнуў — ледзь прыкметна і для самога сябе. Хлопцу здалося, што памахала яна толькі яму, апошні раз і — назаўсёды…

I раптам вочы Сівага пацяплелі ад слёз. Ды не, ён не заплача цяпер. Нягледзячы нават на тое, што ён — другі раз пасля арышту Міколы Кужалевіча — зноў адчуў, зноў зразумеў, як гэта цяжка, калі ты застаешся… Ну, не адзін… не сірата… А ўсё ж, як гэта цяжка і горка!..

11

У панскім садзе і старым, запушчаным парку заліваліся салаўі. Яшчэ, відаць, не снедаўшы і не сціхаючы ад самага змяркання. Сонца ўзышло, але праменні яго асвятлялі пакуль што толькі верхавіны ліп, у лісці якіх кахкалі галкі.

З белых зашклёных дзвярэй драўлянага дома на высокім каменным падмурку выйшаў заспаны пан Вільчыцкі.

— Чаго цябе бура прыгнала так рана? — незадаволена спытаўся ён у мужыка, які стаяў перад ганкам.

Марка Палуян, галынкаўскі солтыс, спачатку зняў шапку і прывітаўся:

— Дзень добры, паночку. Вельмі пшэпрашам, што я парушыў спакойсцвіе вашага сну. Я думаў пачакаць, ды ваша пакаёвачка…

Воддаль, пераходзячы ім дарогу, з-пад аборы[38] на пашу ішоў панскі статак.

— А толькі ж пастуха вы, паночку, узялі!.. Ніхто вам, мусіць, не сказаў нічога?

— Кхэ! Брр! Пра каго — пра Мікіту? Ён у мяне пятнаццаць, пане, год пасе.

— Ды не Мікіта! Я пра таго, пра студэнта. Гэта ж у вас нашай Зосі, маёй суседкі, сынок падпаскам наняўся. Бачыце, вунь ідзе.

Яны ўжо стаялі, чакаючы, пакуль каровы пяройдуць дарогу. Злева, дзе канчалася чарада, відаць былі стары і хлапчук — Данік Малец.

— Гэта ж яго, паночку, і са школы выкінулі, як таго чарвяка з мяса. Камуны яму, бачыце, захацелася. Падбухторваў галечу ўсякую, абараначкі ім купляў. Дзядзька ягоны — той, што ў бальшавікоў, — дык спецыяльна на гэта грошы яму прысылаў. А потым яшчэ, паночку, хацеў такі парадак у школе зрабіць, каб на пераменках толькі па-нашаму гаварылі. А хто слова па-польску…

Стары Мікіта зняў сваю кепку, — такую пакамечаную і з дзіркамі, нібы яе пажавала карова, — і прывітаўся… Побач са старым Мікітам, трохі ззаду за ім, стаяў Данік. Таксама босы і з пугай. Палуян глядзеў, глядзеў на яго і не вытрымаў:

— А ты ж гэта чаму, шчанюк, шапку перад панам не скінеш, га?

Данік пастаяў хвілінку, а потым павярнуўся і пайшоў, нават пабег за каровамі.

Пан і солтыс засталіся на скрыжаванні ўдвух.

— А што, паночку, бачылі? — кіўнуў услед Даніку Палуян. — I шапкі скінуць не хоча! Ад зямлі яшчэ не адрос, а ўжо, глядзіце, бальшавік!..

12

Як толькі статак выйшаў за апошнія дрэвы двара і пачаў разбрыдацца па пашы, стары Мікіта спыніўся і палез рукою за пазуху. Дастаўшы з-за пазухі жалейку, ён прылажыў яе да губ, узняў трохі твар насупраць сонцу і зайграў. Над зялёным прасторам, над Данікам, які прысеў перад старым, над статкамі — гэй, далёка! — над палямі паплыла, палілася журботная песня…

Жніўны напеў змяняецца вясельным. Потым чуваць ці то птушыны шчэбет-перасвіст, ці то веснавое бульканне ручаін. Бойка трапечацца гуллівы танец. Зноў журба… Эх, і чаго ж ён толькі не ўмее, дзядуля Мікіта!.. Чаго толькі не можа сказаць яго старая жалейка!..