Дакрананне да гэтай душы дапамагае трымацца на годным узроўні.

Бедная, родная хатка на фотаздымку i родная веска, якую мне давялося бачыць двойчы. Цяпер, успамінаючы ix да шчымоты сэрца, можна гаварыць i пра народнасць Гарэцкага, i пра здзіўляючы цуд ягонага ўзлёту на вышыні агульналюдской культуры, i пра трагедыю ды злачынства,— замучыць, замардаваць такога чалавека i літаратара на сорак пятым годзе жыцця!..

Дзеля належнай арыентацыі ў злобе нашых дзён такое трэба памятаць.


* * *

Класавае, што законна застаецца ў свядомасці,— той векавы жахлівы здзек з прыгнечанай большасці, што выклікаў пратэст, паўстанні, рэвалюцыі, здзек, з якім нельга змірыцца, i наогул, з пазіцыі чалавечнасці, i таму, што i сам ты з той большасці.

Думаў — зноў над Гарэцкім («Маленькі фельетон»), успамінаючы нядошла-пацешныя прэтэнзіі на «шляхецкія карані» ў некаторых нашых адраджэнцаў.


* * *

Чэслаў Сэнюх пераклаў «чарнобыльскія» паэмы Сяргея Законнікава, якія вось-вось павінны з'явіцца зборнікам. Ад гэтай весткі, казаў мне Чэслаў па тэлефоне, Сяргей быў «cały w skowronkach». Хораша гэта, i чую яго ўпершыню. Прыемна было сказаць нашаму добраму сябру, што чарговы раздзел з «Новай зямлі», прысланы мне, перакладзены ім выдатна, як i тры папярэднія. Няхай i Чэславу як найшчадрэй заспяваюць скаўронкі-жаўранкі варшаўскія!..


* * *

Просты, недапісаны аловак, які перазімаваў тут, на дачы, у пустой шуфлядзе стала, i зноў вось пайшоў у работу, прыемна ўбачыўся мне прыладай вытворчасці, паўнапраўнай, як гэблік, сякера, нож у іншых руках. А я ім толькі раблю паметкі на палях пазычанай мне сюды кнігі.


* * *

Адзін з указаў царыцы Елізаветы Пятроўны — наконт вызвалення з архангельскай ссылкі прыдворнага кухэн-майстра Халябны — падпісаны Елйсавет. Прыгадаўся Сабакевіч, які падсунуў Чычыкаву ў мужчынскі спіс мёртвых душ адну Елисаветъ Воробей. Гогаль не мог не ведаць «августейшего» Elisabeth, з пятроўска-нямецкім форсам; магчыма, ведаў гэта i Міхайла Сямёнавіч. Усё-такі танчэй, праўдападобней, чым —скажам так — Екатеринъ ці Пелагей!..


* * *

«Созерцая жизни великие, невольно думаешь и о своей давно прожитой и тускло догорающей ныне».

Аляксандр Чаянаў, «Венедиктов, или Достопамятные события жизни моей».

Зноў здзіўленне: якам цяргілінасць у добрых, але сціплых кніг, як яны ўмеюць чакаць чытача, які не ўмее ix заўважаць. Мяркуючы на годзе выдання, 1989-ы, кніга гэтая гадоў чатыры-пяць стаяла тут, на паліцы старое дачнай «сценкі», летавала пры людзях i зімавала без ix, у сваёй непарушнай ціхай цярплівасці.

Словы, якімі я пачаў запіс, маглі б i эпіграфам да нечага быць, a спадабаліся яны проста так сабе, дый настолькі, што падштурхнулі да старонак сшытка. Як ужо неаднойчы бывала з іншымі кнігамі.


* * *

Навокал дрэвы,— i тут, на ўзлеску, i трохі воддаль, над Нёманам,— a бусліная пара, замест дуба ці ліпы, выбрала проста слуп, пашарэлы ад слотаў ды маразоў невысокі слуп электрасеткі. Драўляны, вядома, з разгірачанымі ўпорынамі, бо стаіць ён на крутым павароце лініі дратоў, што ідуць-вісяць ад вёскі да трох гарадскіх лецішчаў

На слупе над дарогай — навалач голля, якое i звісае, i тырчыць канчарамі, а над гэтай вялізнай, непрычасанай чупрынай ужо самавіта, па-сямейнаму вытыркнуўся тонкі трохкутнік белай шыі i чырвонай дзюбы. Мусіць, у матчыным клопаце села сама гаспадыня, а гаспадар кудысьці паляцеў таксама ж не так сабе.

Каля такога дзіва, убачанага мною ўпершыню, ісці захацелася асцярожна.

Другім раннім ранкам, калі i ён, гаспадар, стаяў на ўскрайку гнязда, я не вытрымаў, павітаўся: «Здароў!» А буська ў адказ недаверліва падзюбаў паветра доўгім чырвоным вастрыём у адзін, у другі бок, яшчэ i яшчэ павагаўся, што рабіць, i ўсё-такі, нібы з натугай, замахаў прыгорблена крыламі, пашыбаваў у большую свабоду, над краем поля да ракі, за якою, ажно да пушчы на даляглядзе, адно луг ды луг.