А поле, вялікі клін паміж лесам i Нёманам, сёлета пад лёнам. Ён яшчэ толькі ўзышоў, зарунеўся. Канец мая, блакітная радасць ільнянога росквіту — наперадзе. Па-дзедаўску шчасліва думаю: калі прыедуць школьнікі-ўнукі.

Пераехаўшы з горада днямі, я так вось i пакланіўся роднай красе,— i каля дзіўнаватай буслянкі, i далей на дарозе, калі пастаяў пад разбукечанай крывуляй сасной, што адна пры дарозе ад поля, уся ў румяным ранішнім сонцы, таксама ж красуня — кронай у чыстым блакіце, а медным ствалом на фоне пяшчотнай ільняной зеляніны.


* * *

Аказваецца, i Сталін, i Гітлер у раннім юнацтве абодва спявалі — адзін у царкоўным, a другі ў касцельным хорах, маючы на гэта пэўны слых i голас. У-ми-ли-тель-но!..


* * *

Гаспадыні гадоў за шэсцьдзесят, а сама яшчэ ледзь не як кветка, i сукенка сёння ў яркіх кветках на цёмным. Хвалю, думаючы, што ёй гэта прыемна, а яна як апраўдваецца: «Старая ўжо яна ў мяне, утрупянела, у шафе вісючы!..» I пагаварылася нам прыемна, гэтым пачаўшы пагодлівы дзень, i новае слова панёс я.


* * *

«Чорт з голаду i мухі еў». А я, не абражаючы Энгельса як вучонага, спрабую ад бяскніжнасці дачытаць ягонае «Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці i дзяржавы». I вось жа зноў пачынаю, паралельна чытанню, сёе-тое тэматычна блізкае ўспамінаць.

У адной жанчыны было ажно тры непрыгожыя дачкі. Суседскаму дзецюку яна, удава, прапануе, вядома ж, сам-насам, узяць каторую з яе дзяўчат, а ён, з не меншай прастадушнасцю, кажа:

— Калі ж, цётка, яны ў вас такія брыдкія!..

— Ой, дарагі мой, зірні ты на ix маімі вачыма,— якія ж яны брыдкія, дзяўчаты як дзяўчаты!

Нават пашчымлівае сэрца ад такога матчынага клопату...

А вось i іншае, можна сказаць — пагодлівае, што ўспомнілася мне з мінулага суседняй вёскі.

Удавец араў удаве, а яна, як у песні пяецца, прынесла яму есці. Паселі, пагаманілі, толькі ўжо еў ён адзін. Бравы кавалерыст царскай арміі, нярослы вусач з мянушкаю Вус. А потым на мякенькай, пушыста-цёплай раллі, падаслаўшы яго каптан i яе сачок, у чыстаполіцы, пад лагодным раннеасеннім сонейкам, пад кабыліна хрупанне ды пазвоньванне цуглямі пакахаліся як мае быць, ужо не ўпершыню.

У цёткі гэтай — ажно чатыры дачкі, дзве старэйшыя, прыгожыя, тады былі ўжо замужам, яшчэ адна на дзеўку бралася, а найменшая хадзіла ў школу. I гэтыя абедзве — адразу ж відаць — таксама будуць красунямі. Па маме.

А пра каханне на раллі я што чуў, а што i ўявілася.

Вось так, геносэ Энгельс. I пойдзем з вамі далей...


* * *

Да салаўёў, шпакоў, буслоў, ластавак, зязюляў сёння я з ранняй, пустой дарогі, адтуль, дзе за дачамі злева нізкі, амаль балотны луг, а справа Неман,— першы раз сёлета дый ранавата яшчэ пачуў перапёлачку. Так ласкава, па-песеннаму i захацелася яе назваць.

А яшчэ ж i пра жораваў.

Не толькі чуў ужо ix галасы з таго самага нізкага лугу,— аднаго назіраў у палёце. I не ў тым характэрным для жораваў паэтычна-вырайным клінаванні неба, a нізка над дарогай, над краем лесу, калі я, захоплена спыніўшыся, то бачыў, то не бачыў, то зноў бачыў яго, шэра-магутнага прыгажуна, у ажурна-сетачных прасветах лісцяных ці хвойных вяршыняў. У нейкім звычайным, будзённым клопаце ён аднекуль або кудысьці спяшаўся, i гэта было для мяне незвычайна i люба.


* * *

...Старая, халодная хата i вузенькая, доўгая палоска поля — вось i ўсё, апроч мазольных рук, што было ў жанчыны-бабылькі. Асабліва востра бачыцца мне тая палоска, мікраскапічная рысачка на планеце Зямля... Хоць бы ж ужо ў адным, нерасцягнутым месцы, а зматаным у палянку быў гэты кавалачак яе апоры на белым свеце, а то ж такая тонкая, доўгая палоска. Можа, як i жаль, балючы сіроцкі жаль — на ўсё жыццё...


* * *

Хвалюе музыка, паэзія — як музыка, а добрая, з божым знакам проза таксама хвалюе — паэзіяй.

Мне прывезлі багаты том Рэя Брэдберы, i вось я чытаю «Вино из одуванчиков», i вось яно зноў: «...и пробуждается поэзия во мне!..»

З ночы неба, нарэшце, зацягнута, пачынае нібыта накрапваць кволенькі дождж. На иершай вясковай сядзібе, куды я прыйшоў, нестарая, ветлая гаспадыня папраўляла за хлявом леташні падсцілачны стажок саломы. Даў «дабрыдзень», спытаўся, каб загаварыць:

— Дажджу баіцёся?

— Ага! Яму ж ужо хочацца ісці.

Якая простая, мілая дакладнасць роднага слова!..

А дождж?

Толькі назаўтра пад раніцу, папярэдзіўшы сваё набліжэнне грувасцкімі грымотамі, на наш зялёнаціхманы закутак небывала заядла абрынулася адразу навальніца. Дождж не проста падаў зверху цяжарам кропляў — ён хвастаў адтуль чысценькай, свежай гушчай вады. З шумам, музыку якога цяжка перадаць. Як i густое, шчодра бясконцае тупаценне па шыферы над маім рабочым пакойчыкам на гарышчы.