Жонка неяк сказала, што, каб яна была пісьменніцай,— ой, як хораша напісала б пра свае адчуванні ў лесе!..

Я таксама хацеў бы гэтага шчасця. A толькі ўспамінаю, як яно ў мяне бывала.


* * *

Гэта лянота, старэчая немач ці проста добра памаўчаць, падумаць, падрамаць?..

«Мозг устал»,— скардзіўся ў сваім апошнім годзе Леў Мікалаевіч, i ў ягоным выпадку гэта зусім зразумела.

Аднак ці было ў яго столькі страху, колькі перажылося намі, ці ведаў ён i такую стому?..


* * *

Ад завірухі ў нас i ў Расіі — зноў думка, што найбольш адпаведнага часу, каб заняцца толькі мастацкай творчасцю, не трэба чакаць, галоўнае — гэтую творчасць — адкладаючы «на лепшы час», калі можна будзе не маўчаць.


* * *

На коласаўскай канферэнцыі, з выступления Міхася Мушынскага, здаецца, упершыню пачуў, што «стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» — пазнейшае, вымушанае цэнзурай, рэдактурай ці, чаго добрага, i ўласнай стараннасцю аўтара. А першапачаткова было не стрэльбы, а бомы. Як жа гэта лепш гучала — з натуральнай зброяй лесарубаў плытнікаў, наогул землякоў народнага (у галоўным значэнні, не знешне тьпульным) паэта!..

...Думалася i пра тое, што класавая барацьба з панамі за зямлю мела i свой працяг агіднай крывавасці ў суседскіх, нават i ў сваяцкіх, брагніх бойках за пераараную ці толькі паварушаную гранічную баразну, што мы ў дзіцячай i юнацкай рэальнасці бачылі раней, чым у марксісцкіх талмудах.


* * *

«Працую над вершам». I саліднасць, i гонар у такой заяве. I неяк няёмка чуць такое: гэта — праца? Можа, таму няёмка, што верш той, як большасць ix у гэтага аўтара, будзе слабы?.. Дый наогул — справа тут, можна сказаць, інтымная, не настолькі ў працы яна, як у таінстве.


* * *

З цікавасцю перабраў учора кнігу Аляксандра Булыкі «Даўнія запазычанні беларускай мовы».

«Уюкъ, выокъ», «уюк» (тур. jük); на вьюки складшися, въскокъ побегли...; на уюки свое борошно брати...» Прыклады адпаведна з шаснаццатага i семнаццатага стагоддзяў.

А мне згадалася выпадковая кніга у маёй вясковай падлеткавасці, дзе вядомы дарэвалюцыйны літаратуразнавец, прозвішча якога дакладна не памятаю, сказаў, што ён наогул не ведае мацнейшай, ярчэйшай вобразнасці ва ўсёй сусветнай паэзіі, чым такое:

...Звонков раздавались нестройные звуки,
Пестрели коврами покрытые вьюки,
И шел, колыхаясь, как в море челнок,
Верблюд за верблюдом, взрывая песок.

Ён толькі сцвердзіў тое, што я адчуваў ужо тады. А сёння мне зноў лягчэй на душы ад сапраўднай паэзіі.


* * *

Апошнім часам, калі я, пішучы, маю патрэбу ў найбольш адпаведным слове, яно як быццам не само прыходзіць, a хтосьці яшчэ адзін падказвае мне яго. Дзіўнае адчуванне!..

Камусьці ўручаюць нейкі ордэн трэцяй ступені; глядзіш на тэлеэкран, i нават старонняму табе няёмка,— ну, добра, ну, не дацягнуў чалавек, але ж навошта гэта падкрэсліваць?..


* * *

Перакладаю з «Gazety Wyborczej»:

«Адзін англіканскі біскуп паведаміў, што не ўяўляе сабе неба без свайго сабакі...»

«На брытанскіх фермах няма сабак на ланцугу. Англічане кажуць: «Калі сабака носіць наморднік, дык гэта азначае, што насіць яго павінен гаспадар».

I тут мне прыгадаўся пасляваенны выпадак. У нядзелю тры паэты сядзелі, начэкваючы чацвёртага партнёра да прэферанса. Ужо не паэта, a галоўнага рэдактара адной з газет, нядаўна прызначанага на гэтую пасаду партыйнага таўкача, выціснутага з ЦК. I вось ён нарэшце паказаўся ў брамцы, а гаспадыня спалохана закрычала свайму: «Ой, a Дзік жа на дварэ без намордніка!» Аўчар, праўда, яшчэ малады, але возьме ды кінецца.

Аднак наймаладзейшы з «пулькістаў», Максім Танк зарагатаў: «Нічога! I ён таксама ж без намордніка!..»

Прозвішча мелася i тут, ды не хочацца згадваць.


* * *

Там, дзе N. растлумачвае паходжанне слова Нарач — ад індаеўрапейскага нар (вада),— успомнілася, што гэтую назву найбольшага нашага возера я ўпершыню ўбачыў у Танкавай паэзіі, i наваг нрачытаў яе з іншым націскам, Нарач, ледзь не ад таго, што лазіць па норах... Такое было веданне роднай геаграфіі, хоць гэты прадмет у школе я любіў. Адтуль Нарач аніяк не помніцца.


* * *

Бліскучы нарыс Льва Талстога пра Паскаля нагадаў мне пра польскі двухтомнічак вялікага француза, куплены ўжо даўно. Тады я адразу ткнуўся ў першы томік, «Myśli», пагартаў i другі, «Rc&prawy i listy», але ж, як i ў іншых выпадках бывала, адклаў. А тым часам i два дзесяцігодцзі мінула. Але што гэта значыць пры нашай вечнасці — скажам з горкай іроніяй... Буду чытаць, памятаючы, што i Мантэнь таксама быў дачакаўся ў мяне сваей чаргі.

А пакуль што ўчора перад сном выбліснула ў памяці напісанае ў семнаццатым стагоддзі па-французску, у дваццатым перакладзенае на польскую мову вялікім майстрам гэтай справы ЖаленьскімБоем, а цяпер вось з яе на нашу:

«Рэкі — гэта дарогі, якія ідуць, нясуць нас туды, куды мы хочам з імі ісці».


* * *

Журналістка з трыбуны цытуе Ота Вайнінгера, з ягонай кнігі «Пол i характар», пра нацыі мужчынскія i жаночыя. «Немцы — нацыя мужчынская...» Я не стрываў: «У канцы вайны яны былі ўжо нацыяй жаночай!..» Бо згадалася лета сорак чацвёртага, безліч прадстаўнікоў мужчынскай нацыі з разгаўнела-прыкрым «Гітлер капут!..».

A Вайнінгер мне запомніўся іншай цытатай — пра любоў да чалавека, якая вымяраецца веданнем той граніцы свабоды, якую твой бліжні сам акрэсліў для сябе, i павагай да той граніцы.

Такое, здаецца, з 1938-га, а то i з яшчэ ранейшага чытання «Полу i характару», яшчэ адной выпадковай кнігі.


* * *

Цётчын псеўданім «Гаўрыла з Полацка» пераклікаецца не толькі з Багушэвічавым «Сымонам Рэўкам з-пад Барысава» i «Яськам-гаспадаром з-пад Вільні» ў Каліноўскага, а яшчэ — весела бачыцца мне — i з прыказкай «Не адзін Гаўрыла ў Полацку». З гарэзнасцю спрытнай падпольшчыцы: шукай мяне, знайдзі!..