Міша ў нязнятай хатняй вопратцы, але ўжо i праз тры месяцы пасля арышту з нейкім сцішнавата няхатнім выглядам,— не памятаю, ці перад плютановым, ці пасля яго даклада,— спакойна, але паволі i неяк трохі напружана расказаў, чаму ён адмаўляецца служыць,— што гэта — яго перакананні.

Пракурор, каротка-тоўсценькі маёрчык, i ў сваёй абвінаваўчай прамове, i ў рэпліках быў калюча-з'едлівы, прыкметна задаволены сваёй дасціпнасцю. Ну, i ківаў на ўсход, не толькі на Талстога, але яшчэ шырэй, далей, сучасней. Мішын расказ ён перабіў i так:

— Сядзеш у крэпасць — гэта будзе не партрэцікі маляваць, там табе зубкі пачысцяць!..

Спатканне ў тым «арышце», дзе Міша сядзеў да суда, мне другім разам дазволілі, i ён перадаў мне некалькі зробленых там малюнкаў, два з якіх дагэтуль захаваліся. Партрэт алоўкам суседа па камеры — грубаваты валявы твар i разгорнутая кніга на дужай далоні; i не пазіруе чалавек, a сапраўды чытае. Другі малюнак — з памяці, прыемна думаецца, што пра мяне. Каляровымі алоўкамі. Малады сейбіт з поўным хвартухом насення, у белай расшпіленай кашулі, залішне святочных ботах i — яшчэ раз залішне — узнёслапрыгожы, паэтычны. Даты: 20 i 21 мая. Гэта дапамагло мне ўспомніць, што суд адбыўся ў палавіне чэрвеня.

Малюнкі гэтыя i некалькі іншых, якія памятаю цьмяна, пан пракуратар, вядома ж, бачыў.

Калі мне дазволілі слова, як непрадбачанаму сведку апраўдання (не памятаю, ці быў хоць які адвакат), маё звонка-палкае выступленне ён перабіў таксама:

— Во, будзе яшчэ адзін апостал пана Гандзі!..

Махатму, як i Талстога, Міша называў у сваім выступленні.

Рэплікай карантыш i мяне не спыніў, i смеху ці ўсмешак у важных суддзяў ад гэтага досціпу не прыпамінаю.

Чуецца мне затое голас старшыні таго выязнога (з Брэста ў Баранавічы) суда, пажылога, саліднага палкоўніка, які таксама, як i Міша, спакойна, ды ледзь не са спачуваннем сказаў, што «ў хлопца тут вінаваты яго бедныя пераконанні». Памятаю даслоўна.

Мішу далі васемнаццаць месяцаў вайсковай турмы, роўна столькі, колькі тады служылася ў пяхоце, каб пасля адбыцця тэрміну зноў, як нічога ніякага, паклікаць на службу... Пра гэта на судзе гаворкі не было, з гэтым я забягаю наперад.

Вігдорчык, якому я тое сваё выступленне,— вядома ж, на польскай мове,— па памяці запісанае дома, паслаў, неўзабаве прыслаў мне ў Загора яго машынапісную копію, разам з копіяй па-руску напісанага мною апісання суда, што ён тым часам накіраваў, калі за даўнасцю не памыляюся, у Лондан, дзе быў адпаведны цэнтр «Интернационала противников войны».

Тыя руска-польскія копіі апісання з маім выступленнем, як i нямала другіх значных рэчаў з нашага з братам даваеннага пацыфісцкага архіва, мы ў канцы сорак дзевятага ці ў пачатку пяцідзесятага года, баючыся майго арышту, у які былі прычыны трывожна верыць, спалілі ў Мішынай хаце, дзе ўсё такое ў наіўнай свабодзе захоўвалася.

Праз усю чарнату недарэчных падазрэнняў i «сяброўскіх» паклёпаў я тады шчасліва прайшоў. Колькі ўсё гэта каштавала — тут не буду. Скажу другое:

Як мне хацелася б цяпер перачытаць тую юнацкую наіўнасць!..


* * *

Можа, крыху не да месца, але з усмешкай дадам, што ў тым баранавіцкім прывакзальным рэстаранчыку, дзе я абедаў, здаўшы сваё заказное пісьмо, я ветліва панёс пустыя талеркі туды, адкуль яны былi прынесены не мною. Маладая падавальніца сустрэла мяне якраз у кухонных дзвярах і, засмяяўшыся, спыталася:

— Пан мыслі, жэ так бэндзе таней?

Недзе ў шасцідзесятых, з майго сяброўскага расказу пра даўняе, Алёша Карпюк — таксама па наіўнасці? — выкарыстаў гэта ў сваім апавяданні «Афіцыянтка».

З пявучай памяці


Калі б гэта пісаць пра чужое, літаратурна прыдуманае, дык можна было б пачаць апавяданне так:

Стаялі дзве вёскі, большая, што з нізіны крута ішла ўгару, i меншая, што сціпла асела на шырокай роўнядзі. У вышэйшай ды большай добра спявалі мужчыны, не кавалеры, а найбольш жанатыя; вясновымі вечарамі ix чутно было далека ў наваколле. A ў меншай, нізіннай, галасістыя былі дзяўчаты; іхнія песні таксама ў сваёй вёсцы не ўмяшчаліся.

Можа, i не заўсёды так было, a толькі ў часе, які апісваю, аднак такі падзел пявучасці, на мужчын i дзяўчат, бывае, наводзіць на роздум: заканамернасць тут нейкая была ці выпадковасць яшчэ i такая? У маленстве так не думалася, тады мужчынскія песні на вуліцы, часамі i перад нашай хатай, то аглушалі, то зачароўвалі мяне збоку i зверху, a ў юнацтве, у вёсцы меншай, я ўжо i сам тым дзяўчатам рады быў памагаць. Зрэшты, як i мужчынам, у вёсцы большай...