У ix:

Вийшла, стала над річкою


Тай дивлюся в воду...


Тяжко, мати, важко, мати!


Нащо дала вроду?

I ў нас:

Выйшла, стала пад вярбою


Ды дзівіцца ў воду. —


Цяжка, маці, важка, маці,


Што й дала ўроду.

У слоўніку Грынчанкі: «Урода (врода) — вообще физическое качество, в частности: красота, миловидность».

У нашым Тлумачальным: «Урода — чалавек з фізічным недахопам, з брыдкім абліччам».

Беларускія фалькларысты песню гэтую запісалі на Берасцейшчыне. Украінскае значэнне «ўроды», красы, на нашу Наваградчыну прыйшло, хутчэй за ўсё, не адтуль, а непасрэдна з Украіны, хоць бы i цераз плытнікаў, пра што я чытаў у Шырмы. I ў нас яна, тая «врода», зразумелася па-іншаму, па-свойму. Дзеўкі спявалі так:

Цяжко, мамо, важко, мамо,


Што радзіла ўродай!..

Бачу ix, незабыўных равесніц, як яны, пабраўшыся пад ручкі ўперамежку з хлопцамі, дзе i мне было месца, ідуць па вуліцы, нібы спецыяльна падсохлай i дзеля свята падмеценай. Чую ix галасы, якія, ад песні да песні, спакваля дабраліся i да тое, што пачынаецца са слоў, калі па-мясцоваму, такіх:

Ляціць галка цераз балку


I, лятучы, крача.


Ходзіць дзеўка, дзеўка каля гаю


І, ходзючы, плача...

Чую ўсіх, аднак найлепш — за шэсць дзесяцігоддзяў, ды якіх,— да болю выразна чую дагэтуль голас адной. Пранозліва, надрыўна горкае «цяжко, мамо!» гучыць з яе шырокатаўстагубых вуснаў найшчырэй, бо ідзецца тут, пяецца не наогул, не так сабе...

Не памятаю, ці сустракаў дзе-небудзь у кнігах такое акрэсленне: «Ох, непрыгожая, ажно шкада яе». Але адчуванне гэткае знаёма мне даўно i час ад часу паўтараецца, як толькі зноў убачу такую.

Тая мая галасістая не была ажно такою брыдкай, каб толькі па гэтай прычыне шкадаваць яе,— проста найменш прыгожая ў дзявочай чародцы, хоць сама яна, трэба думаць, так не лічыла, а да таго яшчэ дачка нягеглай, панурай бабылькі, сірата, не вядома, ад якога бацькі, з найгоршай у вёсцы хаціны, у вечнай нястачы i на сякіх-такіх заработках, то ў багацейшых суседзяў, а то больш у недалёкім маёнтку. Цудоўны ж голас яе, на дадатак да горкай долі, толькі жаль узмацняў...

Замуж выйшла яна,— я не ведаю, быў далека ад дому,— ці таму, што i яе таксама ж нехта ўпадабаў, ці па нейкаму так разліку безвыходнасці, аднак калі я праз гады ўбачыў яе дачку — адразу падумалася, што бацька, мне незнаемы, красы ёй, беднай, не дадаў.

Мне трэба было дапамагчы гэтай дзяўчыне, выпускніцы вясковай дзесяцігодкі i, як яе мама ў гэтым узросце, таксама сіраце, якая не так па ведах, як па нясмеласці не набрала летась патрэбных балаў. Я не любіў такіх дапамогаў, асцерагаўся ад ix, але мая старэнькая вясковая сястра, нібы з матчыным правам загадваць, сказала мне, што тут якраз трэба. I я зрабіў, што мог, у тым інстытуце, дзе працавалі мае знаёмыя. I прыемна было, нават з пэўнай удзячнасцю, што землякі мяне памятаюць, вераць мне, ды яшчэ ад думкі, што вось табе i нагода паспрыяць адной з сябровак маладосці.

Бо мне ж i песня тая прыгадалася з балючым «цяжко, мамо», i сама спявачка, якую доля не пашкадавала i замужжам пры хваравекім гаспадару, i ранне-ўдовіным цяжкалеццем. Праўда, тады я самую яе не пабачыў, бо яны жылі ў далейшай вёсцы.

Даўно ўсё гэта было. Не толькі даваеннае, але i тое ўжо, як незнаёмае дзяўчо нясмела пазваніла ў нашы гарадскія дзверы, нават i тое, як яна з дыпломам настаўніцы зноў зайшла, каб ад сябе i ад мамы засведчыць удзячнасць раскошным вясковым букетам. Ужо на пяць сталічных гадоў смялейшая, з выразнымі спробамі папрыгажэць, а то i сапраўды папрыгажэлая ў культурнай сталасці. Ці спявае дзяўчына, як маці спявала, так i не спытаўся, ні першы раз, ні пры другой i пакуль што апошняй сустрэчы.

Даўно ўсё прамінула...

А песня пра галку, што крача, i дзеўку, што плача,— сяды-тады вяртаецца да мяне сваім сірочым, дзіўнагалосым болем.


Тэма


Мы сустрэліся праз дваццаць з нечым гадоў пасля таго, як загінуў яе муж. Пяецца: «У чужым, далёкім полі...» А тут яшчэ, нібы знарок дзеля таго, каб ёй было крыўдней за ўсіх, пахаронка прыйшла пасля перамогі, калі другія мужчыны хто голас жывы падаў, а хто неўзабаве — няхай сабе i праз паўгода — вярнуўся ці пакалечаны, ці i зусім здаровенькі.

Ды тое, ваеннае, калі я трапіў на ix лясныя хутары, было ўжо найгарчэй аплакана. Слёзы ў яе был i ўжо іншыя, навейшыя, хоць таксама ж адтуль, дзе невычэрпна нясцерпная доля.

Пагаварыўшы ca мною — у хаце мы былі ўдваіх,— яна пайшла за перагародку, пашамолілася там i выйшла, аберуч трымаючы за краі павялічаны фотапартрэт у белым, пругкім паспарту. Углядалася ў яго i плакала, змогшы сказаць мне адно толькі: «Во...» Хлопец яе, адзіны сын — я чуў пра гэта ад людзей i толькі што выслухаў ад яе,— два гады таму назад, працуючы на балоце, дзе торфазаводскія распрацоўкі, быў уцягнуты ў машыну...