Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!




КЛЯШТАР

Каменная вежа на фоне адлігі.
Вада ў каляінах люструе аблокі.
Ідуць да калодзежа ціхія мніхі,
Крывавыя звады віруюць далёка.
Раз'ятраны Арэс у шлеме пагнутым
Разводзіць і зводзіць
аслепленых злосцю.
Брунгільда над чашаю, поўнай атруты,
Чакае цара пераможнага ў госці.
«Бог з намі»,— гарлаюць абодва натоўпы.
Як гэта далёка. Як гэта дарэмна.
Каменныя вежы, нібыта цыклопы,
Ахоўваюць востраў кляштара каменны.
Шаргочуць малітваў нягучныя словы.
Работа няхітрая па гаспадарцы.
Азвону няма.
Бо метал адмысловы
Спатрэбіўся воям — каб зброяю стацца.
Тут сэрцаў ні смерцю крануць, ні дарамі.
Тут — вечная ціша
і вечная любасць.
А з гразкай калюгі
ля самае брамы
П'е неба груган
акрываўленай дзюбай.


ІКАР — ПАСЛЯ...

1
Не ўзняцца — таму,
хто заручаны з сонцам.
Яго пацалунак —
цудоўная смерць.
Упасці...
Люстэркам крывым раскалоцца,
I кожным асколачкам збліснуць паспець ...
А што, як не воск быў замягкі,
а сэрца,
Падступна —
як свечку ў царкве заламаць,
I ты не разбіўся.
Жывеш — як жывецца,
I нават у багне
спрабуеш спяваць.
Аслеплы, аглухлы,
пазбаўлены крылаў,
Жывеш у краіне балотных людзей.
I раску зганяеш да купін бяссіла,
Каб сонца адбілася ў чорнай вадзе.
Памры ж!
А табе ўжо кугічуць — «Патрэбны!»
I ёсць апраўданне бяскрылым гадам.
Якое, аднак, непрытульнае неба.
А можа, сапраўдны — застаўся ты там?
Не!
Клічуць гарластыя жабы балота.
I п'яўкі спраўляюць крывавы абрад.
I сам забываешся —
скуль ты і хто ты,
Ікар, Фаэтон
ці Панційскі Пілат?
Такі шараговы...
Аблеплены тванню...
Васковае сэрца —
з адбіткам стралы.
Маё існаванне — маё пакаранне.
Былы — не памерлы — былы....

2
Ты — анёл,
абпалены ўласнай гардыняй?
Раскажы, як знікаюць крылы...
...Я бяссілы...
Ты птах?
У вачах тваіх неба сіняе.
Раскажы, як знікаюць крылы.
...Я бяссілы...
Ты — герой,
прагай вышняга ў неба ўзняты?
Я — пракляты.


* * *

Не для вас пішу. Не для сябе.
Вось цяпер, пры гэтай лямпе цьмянай,
З водбліскам гардыні на ілбе,
З беднай зоркай у акне туманным —
З кім вяду бясконцы дыялог?
Перад кім мая начная споведзь?
Не наважуся прамовіць — Бог...
I ніколі праўды не прамовіць.
Ціша разліваецца — ці гук?
I няма самоты ў час вызнання.
I аловак выпадае з рук,
Быццам важыць болей за чаканне.
Дык пры чым да гэтай прагі жыць,
Да пакутаў гзтых і любові
Той, хто смутным вокам прабяжыць
Зноў па кратах чатырохрадкоўяў?
Не, няхай галодны Мінатаўр
Сцішыцца ў замкнёным лабірынце.
Хай сляды губляюцца між траў
На далёкім рамантычным Крыце.


ШЧАСЛІВАЯ

Ці Цэзар, ці ніхто.
Чакаць зацята,
Фіранкі непразрыстыя завесіць.
I сыпаць у камін сухую мяту,
I ля агню пісаць, пісаць і крэсліць.
I ўсё чакаць.
Ці Цэзар, ці самота.
А прыдзе ёп — стары, знямоглы, брудны.
Ён толькі што з каня,
ён піў з балота,
I час на лбе яго накрэсліў руны.
Ён зойме ложа, крытае вісонам,
Не для кахання — выспацца з дарогі.
I раніцою рушыць легіёны
Да новай легендарнай перамогі.
Падымеш перакуленыя вазы,
Дап'еш віно з яго пустога кубка,
Завесіш вокны, перамысліш фразы,
I да агменю зноў працягнеш рукі.
Ці Цэзар, ці ніхто.
Няхай мястэчка
Віруе ад неверагодных плётак.
Ты зноўку нешта пішаш кожны вечар,
I зноў на вуснах адчуваеш дотык.
А побач —
шчасце са штодзённым супам
I пацалункам, звыклым, быццам грошы.
А ты ў самотным доме шэпчаш:
«Любы...»
А хто —
ні ўспомніць, ні ўявіць не можаш.


* * *

Першая. Апошняя. Чужая
Чара вечнай ісціны жыцця.
Мне няма пакласці што на шалі,
I не злітасцівіцца суддзя.
Ноч перацякае падваконне
Водарам язміну і нуды.
У каменных сотах — сто агоній
Бедных душаў царства нематы.
I ніяк, ніяк мне не ўсвядоміць,
Дзе напрацаваны намі мёд,
Ці ў нябёсным, недасяжным доме
Робяць свечкі з воску нашых сот?
Ці ў начы, сасмяглай ад спякоты,
Кіпень пераварыцца жыцця,
I сцякуць у глебу мёд і соты,
I абрыне шалі ўніз суддзя.


ДУАЛІЗМ СРЭБНАГА ВЕКУ

Халодны позірк Апалона,
Дыянісійскі цёмны шал
Па-за жыццём, па-за законам.
Гляджуся ў крышталёвы шар,
У кроплю, дзе адбітак свету
Сляпое вока бажаства,
Дзе зліўся ў белы колер ведаў
Вітраж зямнога хараства.
А там, за сценамі кумірні,
Вакханкі ў міртавых вянках.
Іх целы пахнуць мёдам вінным,
I скачуць бубны ў іх руках.
Як гэта проста, як натхнёна —
Згубіцца ў карагодзе іх.
I стрэлы-промні Апалона
Не выб'юць чару з рук маіх.
Але — між мармуровых сценаў
У прахалодзе й цішыні
Са мной вядуць размовы цені,
Размовы поўняць сэнсам дні.
Плывуць у глыбіні крышталю
Карціны велічы зямной.
Усё міне, і варты жалю
Былы ўладар, былы герой.
I для чаго ламаць зацята
Тугое голле юных лоз,
Калі састарацца менады,
Калі віно гарчыць ад слёз.
I толькі мокрая лістота,
Дзе карагод кружыў, гніе.
А вечар светлай адзіноты
Такі ж, як раніца яе.


* * *

Хай нікому больш і ніколі
не спатрэбяцца барэльефы,
мармуровыя рукі німфаў
і Мадон бяздонныя вочы.
Хай ніколі ніхто не кіне
нават самай дробнай манеткі
ў чашу выцвілую фантана —
сын фіялкі і сын п'яўкі
спяць аднолькава моцна ў небе.
Разбураецца храм стагоддзя.
Вавілонскую вежу зараз
Мы будуем не ўверх, а ўніз —
у пачварныя сутарэнні,
за паверхам паверх — у цемру
па спіралі з бетонных плітаў.
Пераблытаны рай і пекла,
пераблытаны лёс і грэх.


* * *

Шлях пясчаны, пыльны, доўгі.
I царква каля дарогі.
У якой не бралі шлюбаў —
Адпявалі самагубаў.
Шлях пясчаны, звон і вецер.
Ты куды ідзеш, паэце?
Перапеў пра ўсё, што ведаў,
Быў паэтам між паэтаў.
Стаў шукаць сябе ці Бога —
I вакол цябе — нікога.
Толькі шлях пясчаны, доўгі.
I царква каля дарогі,
Толькі спісаныя сшыткі
Ды дарэмна лёс пражыты.


* * *

Па дарогах радасці зямной
Я дарэмна пазбівала ногі.
Толькі вораг добры быў са мной,
А сябры ў сяброў гулялі толькі.
Што ж, прымаю правілы гульні.
Толькі вось якая незадача —
Выпадковай ласкай падмані —
I душа, усцешаная, плача.
I дарэмна розум важыць фалыл,
I да дна відаць падмана прорву.
Ад самоты слепне розум наш
I на веру ўсе ўспрымае словы.
I на што мне ведаць, Божа мой,
Хто кідае мне ў спіну каменне?
Па дарозе горычы зямной
Радасці нясу і летуценні.

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Балаган - автор Людмила Ивановна Рублевская или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2000 году, в жанре Современная русская и зарубежная проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.