Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



* * *


У ранішнюю цішыню
Віцебскага музея
Зайшоў я
І ўпершыню
У вочы зірнуў ім.
Нямею
На момант які,
На міг,
Яны на мяне звычайна
З пажарышчаў год нямых
Глядзяць нямымі вачамі.
Звычайныя юнакі
Як быццам...
Ды ў злых паставах...
Яшчэ не выюць ваўкі
Над імі ва Ўшачах,
Паставах...
Па-летняму рукавы —
Як вострыя кіркі,
Локці.
...Між намі
Жаху равы,
Драты з'іржавелыя
Злосці.
Яны яшчэ ў той сяўбе,
З якой курганеюць гоні.
Яны старэй за сябе.
За іх
Я старэй сягоння...
Ішлі—
Засталіся тут,
Яшчэ маладыя,
Худыя.
Глядзяць на сляды пакут...
Вочы падзець
куды ім?!

Пліты


І

Анатоль Анікейчык,
Па дысцыпліне — двойка!
Да дырэктара з бацькам прыйдзеш!
Як не быць настаўніцы ў крыўдзе —
Натварыў шкоды:
Вырваў старонкі
З журнала першага класа
Ушацкай сярэдняй школы
Сорак чацвёртага года.

Цяжка паварушыць старое.
Не адарваць старонкі
Ад умуражэлай аблогі —
Апалі,
Як нямыя аблокі...
Па гулкіх старонках —
Чыгунных плітах,
Жалобаю апавітых,—
Пераклічка.
Праз трыцдаць гадоў.
Незагойная памяць жывая
З блакаднага забыцця вырывае
Імёны бацькоў i братоў.
Першакласнікаў колішніх —
Імёны помснікаў
Шаснаццаці партызанскіх брыгад.
Зноў
Дротам калючьш колешся,
Здзічэлы агрэст прыгад?

II

Іржавець у балючай зямлі
Адсырэлым набоям.
Прозвішчы пачалі
Ападаць глухім лістабоем:
Аўдошка, Апёнак,
Бурак,
Грак,
Дук, Дзярыба,
Жаўранак, Жарнасек,
Лукашонак,
Кабяк, Карабань,
Лабань, Люцько,
Мамяка,
Роўба,
Смаргун,
Цвяцінскі,
Якута, Ярмош...
Пакута,
Сябе ў журбе
Змож!

Ціша цяжкая
У смутку журыцца.
Рэха гукае
Балоты, ляды...
— Хто сёння дзяжурны?
Час адказвае:
— Усе пайшлі на прарыў блакады...

Болем цягне
Ад кожнай імшарынкі.
На прагаліны
Галы лясы.
Б'юцца ў неба
Лясныя жаўранкі —
Змоўклыя галасы...

III

Звугалеў алфавіт
Ад жудасці анямелых пліт.
Пліты,
Нібыта плыты
На крывавых тваіх вірах,
Вайны апраметная...
Зноў на мяне наганяе страх
Арыфметыка!

Лічыць не бяруся,
Во ў скрусе
Баюся зблытаць
Учарнелыя пліты
Па ўсёй маёй Беларусі.
Трымае памяць мая няшчадна
Імёны ў мулкай ссабойцы.
Пліты...
Пліты...

Па іх вучыцца нашчадкам
Азбуцы нянавісці да забойцаў!

Партызанскі ўрок


А, як ішоў дадому тата
З атрада —
Чуў я за вярсту.
Казаў, бывала, сумнавата,
Што гледзячы на лес расту...

Мне памяць
І дагэтуль паліць
Па-партызанеку кемны урок:
— Адзінка —
Бачыш гэты палец,
Якім я цісну на курок...

З лагодным паўтараў дакорам
— Навуку, шалапай,
Ляйцай.
«А» —
Слуп з падпорай,
На каторым
Павешаны быў паліцай...

Пракуранага пальца порух,
Вачэй цяслярскіх
Сіні гнеў.
Ігліцай хрупацеў мне порах,
І гільзай
Жаўранак звінеў...

* * *


Век мой,
Не дужа багаты падзеямі,
Ад сінізны
І да сівізны
Рэзка
На два адрэзкі
Падзелены:
Вайна —
І пасля вайны.

Да пытання аб рамантыцы


Змашкою чай круты ўпрыхруску.
Сто грам закусваем агурком.
Нам камсамольскую нагрузку
Паходны ўскульвае гарком.

Не схімнікі —
Грахоў замольцы,
Скіт будаваць прыйшлі ў тайгу,
Намеры маем,
Камсамольцы,
Усіх вякоў прагнаць тугу!

У золь вядзьмуем над капотам,
Зайздросцім — з фарамі! —
Саве.

Пасля ўсё гэта
Нехта
Потым
Рамантыкаю назаве...

Пароль сумлення


Я сэрцам іх слухаў —
Не вуха крайком.
Быў год для Радзімы суровы.
Над лесам маім.
« Камуністы»,
«Райком» —
Світалі вятрыстыя словы.

Ішлі не за ордэнам,
Не за пайком,
А просьбу,
Як грозьбу крутую,
Няслі землякі ў партызанскі райком:
— Пашліце на перадавую!

На дрэве даверу,
Малы чаранок,
Прыняўся я — зло не скрамсала.
Салдат, што сказаў мне
Ласкава: «Сынок»,—
Ён быў
Камуністам таксама!

Надзея
Жагнала мяне скразняком.
Не мне па дарозе з маною.
Ён мой,
Ён са мной,
Партызанскі райком,
Мае камуністы —
Са мною!
Не той камуніст,
Што кашулю рыўком —
І ў грудзі сябе кулакамі.
Сумлення пароль:
«Камуністы»,
«Райком»
Світае над мацерыкамі!

* * *


Лжэпрарокі
Сцісніце пашчаў рэзгіны!
Досыць
Зямля ад войнаў дрыжала.
Планета нявесціцца,
У планеты хрэсьбіны —
Нараджаюцца
Маладыя дзяржавы.

У навароджаных імёны мудроныя.
Геаграфія,
Памяць прадзьмі скразнякамі!
Час немаўлят бласлаўляе
Ракетадромамі.
Павага ўсміхаецца,
Недавер знікае...

Закройшчык —
Эпоха.
Карта кроіцца:
Каму — на «максі»,
Каму — на «міні»...
Што, метраполіі,
У лада мроіцца?!
Параскашуйцеся ва ўспаміне!

Памяць развітваецца
Са згадкамі горкімі.
Забываецца звон ланцугоў
Іржавы.
Вольныя,
Пад шчаслівымі зоркамі
Мужнейце,
Маладыя дзяржавы!

1863 года


Боб-гарох не малочаны,
На ток не валочаны.
Рэкі крывавыя —
Не малочныя.
Дзе дым,
Дзе туман,
Дзе хіб валоўчыкаў?

Гэта ўжо кульмінацыя
Нечуванага ўціску,
Калі
Гаворыць кулямі нацыя,
Барыкадна
Падклаўшы кулі...

У вянок Мацею Бурачку


Не дужкі ставіць —
Узводзіць куркі
Карцела пальцам.
Бывай, зацішак!
Для засцянковых францішак
Радкі
Напіша іншы які
Францішак!

Чытай, грамацей,—
Ён Мацей Бурачок.
А на Мацея
Дарога пацее
Спіной мужыка,
Што спазнала дручок
І на бізун
Яшчэ мае надзею.

На караністай дарозе
Вазак
Цябе растрасе,
Таўстазадая ода.
Паэт — ён гарыць,
Як балючы гузак
На лобе абражанага народа.

Знявага
Вялікадзяржаўна ўрачэ,
Паэта радкі —
Ад упуду замова.
Народ жа
Саромеецца яшчэ
І мовы сваёй,
І сябе самога.

Двукоссі пасля!
Косы i тапары
Без знакаў прыпынку
Гавораць з панамі.
І дзецюкі Кастусёвы ў бары
Чакаюць тут жа,
За Жупранамі.

Хаця кароткія,
Ды святкі —
На Белай Русі
Днеюць белыя світкі.
... Нашчадкам паўстанцаў
Світайце, радкі.
... Бяроста бялей
За пергаменту звіткі...

Цётцы


Ты не шукала
Ціхі спрат —
Хай голас чуюць зоры!
Радзілі гнеў —
Крывавы град
Крывавыя разоры.

Не дзядзькам добрым
Быў твой век,
Не цёткай згаднай —
Доля.
Прайшла пад кпіны пратарэк,
Як крыўда,
Маладою.

Не бабін век,
Што сорак год,—
На цэлае стагоддзе
Табой прадоўжыўся народ
З нягодамі ў нязгодзе.

З такіх нязломістых народ
Трымаюць неба
Кручы.
Так
Кожным
Мусіць жыць
Народ,
Тады ён —
неўміручы!

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Абсяг - автор Рыгор Иванович Бородулин или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1978 году, в жанре Поэзия. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.