Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Юначых сноў сталіца


Райцэнтр мой партызанскі,
Пакуль што —
Рай птушыны.
След клалі ўпарты санкі,
Чытай арнамент шынны!

Не дужа верыш бегу,
Хлеб кроіш спорнай лустай.
Снег пахне на адлегу
Бензінам і капустай.

Калісьці ад эмоцый
Канаў шляхоцкі сеймік:
Хапала хэнці й моцы!
Цяпер хапае семак.

Твой голас не сталіцца —
На сіверах грубее,
Юначых сноў сталіца,
Спазнаў сябе ў табе я.

Крыху падмураваўся,
Зглух ад грымот і цішаў.
Ад вёскі адарваўся
І ў гарады не выйшаў...

Роднаму слову


Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы,
Што вызваляла з нематы,
Айчыны ніву каласіла.

Ты наталяла смяглы рот
І выкрасала ўдар грамовы,
Каб сам сабою стаў народ,
Пачуўшы гукі крэўнай мовы!

* * *


Некалі свет з прысветкам
Імкнуўся аб'ехаць,
А мама — дома, так быць павінна,
А мама, здавалася, вечнаю будзе.

Прахопліваюся зараз з прысветкам,
Каб мясціны выхадзіць пехаць,
Дзе маміны ногі помняць сцяжыны,
Дзе жаўранак сэрца
абрываецца ў перапудзе...

* * *


Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
Да галашэння...

Паэты


I

Пскалі ў вочы досыць дыму!
Паэты пачынаюць думаць,
Асацыяцый караваны
Па ўсіх радках накіраваны.
Паэты пачынаюць думаць —
Пабольшала ў іх гаспадарка!
І словы
Жалудамі з дуба
У араллю душы спадаюць.
І прарастаюць там навечна
Расток радка,
Галінка верша...

II

Хай клопат свой раток
З гняздзечка прагна цягне —
Шануй, паэт, радок,
Не захлыніся ў багне,

У твані цішыні,
У бросні дабрабыту.
Нікога не віні.
Віноўнік ёсць нібыта?!

Хай штогадок ядок,
Няхай няма навару —
Шануй, паэт, радок
І не ашуквай мару.

Сам дбацьмеш аб сяўбе
І думаць пра дакоскі.
Прадумай сам сябе
Ад кропкі i да коскі.

Бо не па едаках
I жончынай саеце —
Нашчадку
Па радках
Цябе судзіць, паэце!

III

Паэты — вясёлыя жабракі.
Пакуль на пярынах дрыхнуць
Начныя ўкормленыя жарабкі,
Паэты кідаюць жэрабкі
На шчасце — выцягваюць рыфму.

Не смейся, не ў сейфе іх скарбы —
наўкол
Сузор'е, суквецце, сугучча,
Дол зрушыць драпежнай метафары тол.
Што чэк тленнавечны, сухі пратакол,
Пячатка — яе сургучнасць?!

Радкі ім нашэптвае пошап ракі,
А час на Браслаўях, Таймырах
Бярэ, быццам рыбіну, за жабракі.
Багаты вясёлыя жабракі
Даўгамі i зайздрасцю шчырай!

Парада ўласнай ласцы


Пашлі сваю ласку
У сакрэтны дазор,
Каб крыўда яе не сустрэла,—
Глядзі на людзей
На адлегласці зор,
А не на адлегласці стрэлу.

Зорка матчынай мовы


Асветлены спрадвечнасці нябёсы
Святым святлом
Сузор'я родных моў.
След чалавецтва ў дымных росах,
Босы,
Вёў Паплавамі Млечнымі дамоў.

Вяшчуе шчасце
Зорка на выгодзе.
Шлях для надзеі
Зорыць у бядзе.
Хай на вятрах атухне —
Праз стагоддзі
Святло ў душу нашчадкаву ідзе...

Чалавек у космасе


У стане бязважкасці ў цяжкім скафандры
Нібы ў паўзунках немаўля.

Растала расплывістым кінакадрам
Маленькая кропка — Зямля.

Вагі тут не маюць
Турботы зямныя,
Пасады, чыны — мітусня.
А сэрца шчымлівай журбою
Заные,
Яно як-ніяк — земляня.

З маўклівым Сусветам
Застацца сам-насам,
Спрадвечнасці ўбачыць пагляд,
Расстацца на момант
З уладлівым часам,
З надзеяй вярнуцца назад.

Чым здзівіш Сусвет —
Ведамі, перавагай?
Яны тут ці маюць вагу?
Бадай-што, даверам,
Бадай-што, павагай
Ды верай, што скажа:
«Магу!»

* * *


Ад шчасця, ад тугі выццё,
Прычасце верай, забыццё,
Хмар прасвятленне,
Map шмаццё,
Знямога коласа, асцё,
Знямога тхла святла біццё,
Кассё, што скосіць, як трысцё,
Цябе і гэта ўсё —
Жыццё!
Ты ў ім, яно ў табе адно.
Ткуць суткі клопату радно.

* * *


Юнацтва светлая часта —
Расчыненае ў май акно,
Настрою пудкая расіна.
Юнацтва светлая часіна —
З падманам віравокім дно,
Не ў зладзе з ветразем стырно.
Юнацтва светлая часіна —
Расчыненае ў май акно.

* * *

Журавіны не ўзышлі...

Ка мне хлопцы не прыйшлі...

З народнай песні

Тут чые правіны?
Глохнуць баравіны.
Моўкнуць жаўранкі.
Сохнуць імшарыны.

Іх калі
Такі ўраклі
Досвіткі
Ці выцемкі?
Хлопцы ў горад уцяклі.
Ручаіны выцеклі.

За якім раўчуком,
За равінкаю
Хто прытуліць плечуком,
Журавінкаю,
Заравінкаю
Назаве
На зялёнай,
На шалёнай
Маладой траве?

Плуг, пакінуты ў раве,
Журыцца па ворыве.
Крыўда нема зараве
Пa далёкім жораве:
— Янка сее кавуны,
А я — журавіны...
Быццам нічыёй віны,
Нічыёй правіны...

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Абсяг - автор Рыгор Иванович Бородулин или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 1978 году, в жанре Поэзия. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.