Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Няўцям гадам
Крыху прыстаць у скрусе.
Звыкаю
Да ўсвядомленай жуды,
Што могільнікам памяці
Раблюся.
Усё часцей кажу:
Тады,
Калі
...імгненню затрымацца
загадалі...
...нагбом да рання
і каўшом пілі
не толькі мёд...
Спяшаю за гадамі.
Мне не сагнацца —
І тае бяды.
...Яшчэ паспее
запрасіць сырая...
Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Я толькі ўслед
Удзячна пазіраю...
Песня маці чыёй балючэйшая,
Ці тваёй, ці маёй, пакутніцы?
Адкажы мне,
Галіна Бальчэўская.
Смутак мой ад мяне не адкупіцца.
Чыя каса
Бядой
Была?
Чыя краса
З вадой
Сплыла?
Ты — галінка абныла-крохкая
Дрэва наскага,
Дрэва песеннага.
Са жніва талака йшла —
З палёгкаю,
З ласкаю
Маладзік павесіла.
Табе знаёма
Журба
Вясла,
Дзе пакрыёма
Вярба
Расла.
Гора чула ты, ліха бачыла.
Каб зласліўцы твае адбрахаліся,
Сум спагодзіла песні матчынай
Галая на святло прагалінка.
Як у госці здарышся
Да крутой кумы,
Той, якую старасцю
Клічам мы,—
Вочы паказеліўшы,
Плечы не сутуль,
Памяці вузельчыкі,
Дзён хатуль
Развяжы не ўтаіста,
Выкладзь не ў хвальбе,
З чым жа ты вяртаешся
Да сябе!
Хто з няўтольнай смагаю
Малады заціх,
Раскажы з пава гаю
І за тых.
Раз цябе уважылі,
Сам не лезь на кут,
Над тваёй паклажаю
Тут прысуд.
Пнуцца вузкаплечыя
Да шырокіх лаў.
Часам месца нечае
Не заняў?
Жыву, як еду ў таксі.
Таксометр скроняў,
Уключаны ён,
Даўно — прасі не прасі —
Адлічвае шлях
Пад адхон,
На згон...
На поўдзень хацеў —
Хоць раз
Спачну, замяню аблыселы скат,
Прылёг —
Прасейвае час
Секунды
На сіце густым цыкад.
Я на суравеях крэп,
Таміўся
Да лютых зор уваччу.
Таксометр свой
Выключы, стэп,—
Я веку
За два канцы заплачу!
Кім стану я пасля,
Ці палыном, ці клёнам?
Каб што!
Мяне зямля
Зямным шчадрыла плёнам:
Дарогай аржаной,
Хмурынкай ільняною,
Сцяжынаю кружной
Да наспы пад сасною.
Не жыць, як набяжыць,
Каб дзень за дзень — i годзе.
Міг верай знабажыць.
Мой дзень — мае стагоддзе.
Кім стану я пасля?
Каб што!
Якое слова
З нябытнага былля
Мяне ўрачо нанова?
Што скажуць пра мяне?
А ці ўснамін сурова
Увагай праміне?
За ім
Святое слова!
Гатова ад веснавой красы
Сэрца жаўранкава разарвацца.
Безабаронна знікаюць лясы —
Даверу зялёнага рэзервацыі.
На бровы часу адчаю дах
Насоўваецца няўхільна.
Глушэюць вёскі,
А ў гарадах
Перанаселеныя магільнікі.
Ірвецца трос,
Што ад зор да рос.
Смех непадкуты
Даволі коўзаўся.
Папрок былы:
«Ці ты ў лесе рос?» —
Будзе гучаць як:
«Залётаўся ў космасе...»
Травейце, гароды,
Салют, гарады.
Гароды,
Вам оды
Складзём праз гады.
На кроквы вясёлку
Лірычна сагнём,
Укленчым пяколку
З рахманым агнём.
Уславім прысады
На ціхай вярсце.
Для смутку расада
У гародах расце.
Чалесніку шэрыць
Куродым
Чало.
І верыць
Не одам —
Гародам
Сяло!
Востры локаць выраю —
Востры боль.
Лес яшчэ задзіраю —
Хвост трубой.
З восенню адносіны
Так сабе.
Хмар перапалосіны
Шпак саб'е.
Небасхіл, плячыма хоць
Шавялі.
Сталі немагчымыя
Шчамялі.
Ходзіць ненажэраю
Ветравей.
Неба, бросняй шэраю
Не травей!
Чым цябе, высокае,
Ацаліш?
А вавёрка цокае:
«Цот ці ліш?..»
Як, неепакойны, спакоем заручышся?
Мяшчане моляцца
На гаражы і на страўнікі.
Па смяротнасці —
Не па неўміручасці! —
Пасля касманаўтаў ідуць настаўнікі.
Ім па гадзінах аплата сціплая,
На экзаменах — букецікі ў складчыну.
...Лучынка курылася,
Газоўка хліпала.
У людзі выходзіла
Мова матчына...
З торбачкамі,
З партфелямі,
З ранцамі,
Вачапоры,
Баламуты,
Накольнікі
Спяшаліся да Фадзея Францавіча,
Каб ранішнім словам назвацца —
Школьнікі.
Няўвагі. баяліся, праглі пільнасці.
Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі.
Як, мы, падшывальцы, са скуры лупіліся,
Каб быць
Любімчыкамі Фадзеевымі!
Беларуская мова,
Маўчання хвілінаю
Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў:
Як і ты, меў навагу,
Няспыннаплынная,
Да канкрэтных назоўнікаў —
Не да займеннікаў.
Блакіт абмерваюць крылы бусловыя.
Жыццю клапотна,
Буркотна рачулачцы.
Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я
Тады,
Калі Вы іх ужо не расчуеце.
Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны
Над Вашым спакоем
Нябёсы вернасці.
Хай будзе пухам
Зямля Ушаччыны,
Дзе Вам паўтарацца
Школьнымі вераснямі...