Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



У небе з-за хмар прарэзаўся востры краёчак сонца і бліснуў на абшар знянацкім святлом. На якія паўхвіліны самотны восеньскі абсяг дужа змяніў свой выгляд, нібы заўсміхаўся насустрач жаданай сонечнай ласцы. Высветленыя ім, рэзка азначыліся на зямлі гумны, садкі і будынкі Слабадскіх Выселак, што даўжэзным радам выцягнуліся на задарожным пагорку, воддаль засінеў хвойны лес, а бліжэй і правей лёгенька зазелянеў малады гушчар хвойнічку, роўна прарэзаны паскам гасцінца. Збоч ад яго і вышэй на шэрай сукніне поля азначылася несамавітая хутарская сядзіба, яе Яхімоўшчына, з парадзелым голлем садка, парканам пад ліпамі і калодзежным дашкам над ім. Сцепаніда прыгледзелася пільней, стараючыся ўбачыць там дзе Петрака, каб дазнацца, што робіць стары. Выганяючы ранкам карову, наказвала яму што-колечы зрабіць каля дома і не забыцца натаўчы ў ступе круп — назаўтра мелася варыць крупнік. Петрака, аднак, не было відаць, ды і сонца сышло за хмары, абшар спахмурнеў, не ўгледзець было, што там, на падворку, ёсць дзе Пятрок ці не.

Сцепаніда злезла з адхону (чаго ж тырчэць без патрэбы) і памалу пайшла за каровай.

Яна далекавата адышлася ад каменя, ужо недалёка быў хмызняковы ўзлесак, як пачула чалавечы голас па той бок дарогі. Тады яна ўзняла галаву, услухалася, і трывога яе мінулася, як толькі згледзела на дарожнай насыпцы знаёмага рудога сабачку. Той узбег на абочыну, спыніўся, таксама пазнаў яе і борздзенька заматляў хвастом. Адтуль, з-за дарогі, данёсся новы гартанны ўскрык, невыразны, здушаны, і яна ўжо ведала, што гэта Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, мабыць, прыгнаў свой невялічкі статак і пасе па той бок дарогі, як яна сваю Бабоўку — па гэты.

І праўда, услед за сабачкам на насыпцы з’явіўся даўганогі падлетак у зашмальцаванай, з чужога пляча кашулі і з пугаю ў руках. Сцепаніда нярэдка сустракала яго на гэтым прыдарожжы ці ў расцяробах, у лесе ўсё з тымі ж чатырма каровамі, і заўжды ён прымушаў жалем сціскацца яе сэрца — такі быў недагледжаны, занядбаны, у падцятых вяроўчынай, суконных портках, з якіх тырчэлі яго доўгія пасівераныя лыткі. Заўжды ён з трывожнай недаўменнасцю ўзіраўся ў яе твар, быццам хацеў і не мог зразумець штосьці, сіліўся нешта сказаць на сваёй мове рук і рэзкіх гартанных гукаў, якія часам палохалі яе сваёй нечаканасцю. Часам яна хацела нешта сказаць яму, ён адказваў усё тымі ж гартаннымі ўскрыкамі, і яна ніколі не ведала: ці ён зразумеў што, ці не. Але хлеб ці якую скварчыну, якую яна даставала з кішэні, браў адразу ж і, прымасціўшыся на мяжы ці на камені, з’ядаў усё да крошкі. Падобна было на тое, што небарака часцяком быў галодны. Ведама, жыў не ў роднай маці, а ў дальняй радні, якой трэцяе лета запар пасвіў жывёлу за сякі-такі харч і прытулак пад дахам.

Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.

— Ы-ы, а-а! — сіліўся ён нешта сказаць. — А-э-э!

Хто ведае, што з’явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах — якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася прыхапіць яму які-небудзь гасцінец — аладку, скварку, жменю гароху ці хоць спялейшы яблык з сука.

— Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? — сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.

— А-а, э-э! — нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.

— Такі вецер, прадзьме — і захварэеш, — паляпала яна сябе па грудзях. — Ідзі апранашку якую вазьмі.

Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.

— А-а-а! У-э-э-а!

— Ідзі, ідзі! — сказала яна. — Я пагляджу. Я пагляджу! — і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.

Дзіва, але ён зразумеў — лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.

— Рудзька, сюды! — паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі — ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.

Янкавы каровы жвава тупалі па той бок гасцінца, і, каб не размінуцца з імі, яна таксама павярнула Бабоўку, узышла на гасцінец і памалу пайшла наперадзе. Нагам тут, на дробнай сухаватай траўцы, было зручней, не калола дуддзё, але вецер дзьмуў апантана, і яна хутка спынілася, адвярнуўшыся ад яго. У небе плыло-неслася рванае ашмоцце хмар, невядома, у якім месцы там хавалася сонца і ці хутка меўся настаць вечар. Але яна адчувала, што ўжо даўно павярнула з паўдня, праз якую гадзіну-другую абшар пацямнее, пачне змяркацца. Некалі ў дзённай гарачцы яна любіла і чакала той час, калі з палявой пільніцы можна вярнуцца на свой падворак, у хату, дзе клопату таксама не меней, але збіралася сям’я, і звыклыя хатнія турботы былі ў асалоду асабліва пасля дзённай гарачыні ці непагадзі, аднастайнай палявой работы. Цяпер жа ёй было ўсё роўна, не вабілі і вечаровыя клопаты ў хляве ці ля печы, сям’і, лічы, не было, заставаўся толькі Пятрок; адзін за адным адышлі на той свет старыя, трохі падросшы, адляцелі дзеці, неўпрыкмет мінулася ўсё добрае і благое, што з імі звязана. А двум старым ці шмат чаго трэба? Нечага перакусіць ды набок, укрыўшыся якім кажушком, — не хацелася і паліць на ноч грубку, добра было і так. Праўда, была жывёла: карова, дзесятак курыц і парсючок у хляўку, іх трэба было пакарміць і дагледзець. У тым амаль што і ўвесь яе хатні клопат.

Рыжая маладая кароўка з Янкавага статка, не дужа пільнуючыся астатніх, поркалася сабе ззаду, усё болей адстаючы ад іншых, і Сцепаніда крыкнула на яе раз і другі. Але тая, мусіць, не прывыкла слухацца чужога голасу і не спяшалася даганяць статак. Тады Сцепаніда вярнулася па дарозе і, сышоўшы з насыпкі, падагнала карову. Калі ж зноў ускараскалася на гасцінец, убачыла, як на другім ягоным канцы ля хвойнічку нехта бяжыць, аж раздзімаецца на спіне кашуля. Трохі, аднак, угледзеўшыся, яна сцяміла, што гэта ж Янка. Але чаму ён вярнуўся, чаму не збегаў на Выселкі? Пад вецер праз слёзы з вачэй яна пільна паўзіралася ў яго, і нешта зашчымела ў яе нутры — нейкая трывога перадалася ёй ад таго апантанага бегу хлопца.

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - автор Василь Быков или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2005 году, в жанре Проза о войне, Советская классическая проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.