Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!



Але ўсё роўна думалася, бо клопат гэты ржавым цвіком тырчэў у галаве ўжо колькі часу, ці не з пачатку вайны, і адчапіцца ад яго не было магчымасці.

Між тым не сказаць, каб на хутары стала так ужо кепска, каб нават што-небудзь асабліва змянілася пад новай, нямецкай, уладай, усё быццам заставалася, як і раней: заўсёдным чынам рупіў звыклы восеньскі клопат пра хлеб, была кароўка, гадаваўся ў хляўку падсвінак, на падворку сноўдалі куры. Быў сякі-такі харч: капуста і бульбачка ў гародзе, у пуньцы пры сцяне ляжала са тры капы жыта — пад восень нажалі на пакінутым калгасным полі. На стале быў хлеб, і нават лепшы, чым калі дагэтуль, а бульбы можна б і яшчэ падкапаць — вунь яна на Галгофе, калгасная, цяпер нічыя. Высялкоўскія бабы паціху капалі сабе, каторыя спрытныя, не чакаючы якога дазволу, самі сабе ў прыклад. Яму б таксама не шкодзіла прыцягнуць мяшэчак ды засыпаць у капец на гародзе, які ён ніяк не мог акапаць за тыдзень. Сцепаніда наказвала сёння скончыць, прывядзе карову — зноў будзе сварка. Але ні да якой работы ў яго не ляжала душа, галава была занята зусім іншым клопатам, Пятрок нудзіўся, бясконца дыміў самасейкай і то сядзеў на ўслончыку пры парозе ў сенцах, то няўцямна сноўдаў, як хворы, ля хаты.

Увага яго, аднак, ні на чым не спынялася, усё навакол было звыклае і даўно знаёмае. Ды і дзіва што: тут ім пражыта дваццаць гадоў жыцця — нялёгкага, у працы, нястачы і клопатах, але іншага, мабыць, не будзе, ды і гэта ўжо ідзе на закат, у старасць. Можа б, як і дабыў свой век не ў сытасці, дык хоць у спакоі, каб не гэта вайна.

Апошнім часам пасля дажджоў узялася ў рост мурава ля плота, і Пятрок, тупаючы па ёй, усё спыняўся і азіраў падворак. Шмат год ён тут быў гаспадар, а цяпер глядзеў на ўсё быццам чужымі вачыма, быццам ён куды ад’язджаў, развітваўся, і яму было шкада ўсяго. Хата не сказаць каб новая, але дзерава папалася некалі добрае, смаляная хвоя, бярвенне на сценах трохі патрэскалася, але нічога. Хата яшчэ пастаіць. Страху ў вільчыку трэба б як-небудзь залапіць, ля коміна ад самай вясны цячэ, калі дождж, таксама як і ў істопцы, што цераз сенцы, пад адным з хатай дахам. У істопцы дык ліе добра ў дождж, на гліністым доле тады збіраецца лужына, і Сцепаніда лаецца: не дабярэшся за лета атуліць дзірку. Але во не дабярэшся, то тое, то гэта, а галоўнае — няма жаднай ахвоты цягнуць свае косці на страху па драбіне, усё думаецца: перастане дождж — высахне. А то патрывожыш гнілую салому — пачне ліць болей, чаго хацець ад тае будыніны, якой ці не сто, можа, гадоў — ставілі, глядзі, яшчэ ці не за паншчынай. А істопку, можа, і яшчэ раней. Страха на ёй, колькі памятаў Пятрок, зелянела пад цэлаю шапкай моху, у маленькім, на адну шыбку, акенцы бліскала таксама зеленаватае ад старасці шкельца. Зрэшты, шкельца куды маладзейшае за істопку, якую некалі палілі па-чорнаму, у акенца ішоў дым; у цёмным куце яшчэ і цяпер смярдзіць застарэлым гарам чорная печ-каменка.

Самая, можа, спраўная тут будыніна — новая пунька пры хляве. Праўда, з выгляду не дужа самавітая, сяк-так складзеная з тонкага яловага вярталля, у сценах спрэс шчыліны, але для пуні гэта не хіба: вецер прадзімае, а дождж не мочыць. Ладзілі яе некалі з Федзькам, думалася: калі не самому, дык, можа, спатрэбіцца сыну. Адслужыць у войску, ажэніцца, будзе ў Яхімоўшчыне. Усё ж сядзіба не самая кепская і ў здатным месцы — наводдаль ад вёскі і непадалёк ад мястэчка — жыць можна. Ды дзе цяпер Федзька?.. А ў пуньцы жытнія снапкі сохнуць на ветры, чакаюць свае пары. Часам ён зніме зверху два-тры сушэйшыя ды абтрасе ў сенцах на коўдры. Змалоўшы на жорнах, Сцепаніда спячэ пару боханаў хлеба — ці многа на дваіх старых трэба?

Пятрок азірнуў па-над плотам восеньскі шэры абшар з бульбай да самага лесу, падышоў да калодзежа. Унізе ў чорным прадонні зруба блішчэла пляма вады — цяпер яе набіралася шмат, не тое што ўлетку. Вада ў калодзежы была смачная, заўжды сцюдзёная і чысцюткая, як сляза. Гэткай вады не было тут нідзе, нават у Выселках, дзе мелася аж восем калодзежаў. Некалі, казаў пан Адольф, тут бруяла крынічка, можа, таму і асталявалася тут сядзіба Яхімоўскіх, на пагорку пры рове. Хто б ні напіўся з калодзежа, заўсёды хваліў ваду. Гадоў восем назад замест старасвецкага асвера Пятрок прыладзіў да зруба калаўрот з ланцугом, зрабіў дашак, каб не лілося ў дождж. Яшчэ трэба б зрабіць накрыўку, каб не сыпалася што з падворка. Але ён думаў: і так будзе добра. Што там насыплецца? Хіба ветрам занясе часам ліповага лісту, якім па восені засыпала дарогу, бульбянішча ды і ўвесь падворак. Ліпы дужа разрасліся абапал варот на прыволлі, няма рады, і ўлетку атуляюць ценем ледзь не палавіну гарода. Сцепаніда ўсё каркае: абсячы, але ў яго на тое не паднялася рука — як сячы такое хараство прыроды? Не ён іх саджаў, саджалі людзі, ліпы раслі тут пры ўсім ягоным жыцці — ці гожа гэта скараняць людское? Хай растуць.

Ён пастаяў ля калодзежа, зірнуў на гасцінец за нівай, дзе нядаўна яшчэ відаць была Сцепаніда з каровай, але цяпер Сцепаніды не было відно. Мусіць, пагнала ў параснікі. Час яшчэ быў не позні, да вечара гадзіны дзве папасе, а як прыгоніць карову, тады ён, хоча ці не, змушаны будзе ўзяцца за працу. Тады ўжо прыйдзецца цягаць ваду, мыць парсюку бульбу, таўчы крупы. Тады ўжо не пабудзеш сам-насам з думкамі ў цішы — Сцепаніда не дасць пагультаіцца.

Пятрок зладзіў з рудога кавалка газеціны велікаватую самакрутку, старанна завязаў скураны капшук са скуранымі ж завязкамі-жыламі; прыкурыць, аднак, трэба было ісці ў хату, шукаць вугалёк у прысаку. Недзе было трохі запалак, але Сцепаніда іх прыхавала, ашчаджаючы на які выпадак. Ведама, цяпер дзе возьмеш запалкі? У мястэчку ўвесь гандаль скруціўся, дзве лаўкі ўлетку яшчэ расхапалі людзі, як ашалелі тады, і, пакуль нямецкая ўлада чухалася, нічога не засталося ні ў сельпо, ні ў сельмагу. Ён таксама хадзіў разы два (Сцепаніда пагнала), ды не дужа нажыўся — з перакуленай жалезнай бочкі за крамай нацадзіў суляю смярдзючай газы з гушчай іржы на сподзе. Невялікі для гаспадаркі набытак, але прыйдзе восень, зіма — спатрэбіцца. Хужы вось — няма солі, а без яе шмат не з’ясі. Але ці толькі солі няма?

Можа, самае горшае — няма каня.

Толькі Пятрок павярнуўся, каб адысціся ад калодзежа, як згледзеў за плотам карову — Бабоўка шастала наўпрост па бульбоўніку да варот чамусьці ад лесу, а не як заўсёды — дарогай, і за ёй у расхрыстанай ватоўцы подбегам шыбавала Сцепаніда. Хустка яе збілася набок, на лбе тырчэла сіваватая пасма валасоў. Пятрок з маўклівым пытаннем уставіўся на жонку — было яшчэ рана, Бабоўку яшчэ трэба было папасвіць да вечара. Але, мабыць, штось здарылася, і ён падышоў да варотаў і выцяг папярэчыну, каб упусціць карову.

— Пятрок, немцы…

— Га?

— Кажу, немцы! Там, на гасцінцы. Мост ладзяць.

— Мост?

Гэта была навіна, Пятрок такой не чакаў. Можа, толькі цяпер ён зразумеў, як добра было тут без моста і якая пагроза насоўвалася на хутар разам з гэтым мостам.

— Тады дрэнь справа.

— Куды як дрэнь. Наехала немцаў, нашы местачкоўцы з падводамі, возяць бярвенне. Нешта трэба рабіць! А то прыедуць, абрабуюць. Як жыць тады?

— Але ж. Толькі што рабіць? — збянтэжана стаяў Пятрок.

— Пахаваць хоць дабро. Кароўку ў лес калі прывязаць. А свінчо?..

Свінчо, іх парсючка, вядома, не прывяжаш да хвоі, парсючка трэба карміць. Ды і куры. Невялікі набытак, ведама, з тых курэй, але без іх гаспадарка — не гаспадарка. Што было рабіць, куды дзяваць усё гэта?

— Найперш за парсючка баюся, — зморана сказала Сцепаніда, папраўляючы хустку. — Забяруць. Такі парсючок ладны. Ешчы.

— Да сала яны ласыя. Матка — шпэк! Матка — яйка! — успомніў колішніх немцаў Пятрок.

— Я так думаю: трэба схаваць. Ты ідзі сюды! — пацягнула яна яго ў глыб падворка.

Яны абышлі істопку, мінулі дрывотню са старой сукаватай калодай, пералезлі цераз жэрдку ў гародчык. Тут за падвялым дзядоўнікам і зараснікамі крапівы пад нізка навіслай страхой істопкі мясцілася несамавітая будка-бакоўка. Здаўна яна пуставала без жаднай патрэбы, і ў яе сцягвалі рознае гаспадарчае ламачча, выкінуць якое было шкада, а ў хаце яно замінала. Сюды рэдка калі заглядвалі, хіба па яйкі — пры дзвярах у саломе часам несліся куры, і цяпер тут ляжалі два жоўтыя нясвежыя поклады.

А
А
Настройки
Сохранить
Читать книгу онлайн Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - автор Василь Быков или скачать бесплатно и без регистрации в формате fb2. Книга написана в 2005 году, в жанре Проза о войне, Советская классическая проза. Читаемые, полные версии книг, без сокращений - на сайте Knigism.online.