Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
Усё ўзіраючыся, яна пайшла насустрач, ведаючы ўжо, што здарылася благое, ніяк толькі не цямячы — што? Пасля яна не раз успамінала гэта сваё прадчуванне і дзівілася, як яно правільна падказала ёй набліжэнне таго, што так знянацку перавярнула яе жыццё. Але цяпер было толькі прадчуванне, блізкае да страху, з якім яна дачакалася Янку. Той, аднак, не дабегшы да яе, кінуўся з насыпкі да пярэдняй каровы і, аперазаўшы яе пугай, стаў шалёна заварочваць назад увесь статак. Каровы спярша нехаця, а пасля адна за адной патрухалі абапал канавы назад да ўзлеску, а Янка нешта зычна і нема крычаў, матляў у паветры пугай і тыцкаў рукой назад; твар яго скрывіўся ад страху ці, можа, здзіўлення, і Сцепаніда, яшчэ нерашуча, таксама завярнула сваю Бабоўку. Мабыць, там, у сасонніку, была небяспека, ад якой трэба было ратавацца, — так зразумела яна Янкаў спалох і сама ўжо гатова была не на жарт спалохацца.
Праз нейкі час яны амаль што бягом загналі статак у зараснікі акрай балотца, трохі адагналі далей ад гасцінца, і яна падышла ў кустоўі да Янкі. Той зірнуў на яе новым, дагэтуль незнаёмым ёй позіркам і, гартанна гергечучы, нешта трывожліва спрабаваў растлумачыць, усё паказваючы рукой назад, туды, дзе застаўся гасцінец.
— Дык што там? Што? — дапытвалася Сцепаніда, бачачы на абсівераным хлапечым твары толькі спалох, які гарэў таксама ў яго шырока раскрытых вачах, разяўленым роце. Янка даў працы рукам, нешта ўсё торкаў у кустоўе, абводзіў у паветры, такія круцялі вырабляў на пальцах, што, мусіць, зразумеў бы кожны. Яна ж, аднак, не разумела нічога.
«Божа мой, гэта ж трэба ўрадзіцца такім недалэгам!» — упершыню з прыкрасцю падумала яна і ўслухалася. Але ў зарасніку было ціха, толькі шархацеў голлем вецер ды нейкая карова, мусіць, залезшы ў куст, воддаль трашчала суччом. З дарогі ж не было чутно ніводнага гуку. І тады яна надумалася схадзіць, паглядзець самой.
— Ты папасі Бабоўку. Ну папасі карову. Я схаджу. Я скора.
Янка загергетаў нешта зноў, заматляў рукамі, ці не разумеючы, ці не згаджаючыся, але яна яшчэ ўслухалася ў цішыню лесу і нетаропка пайшла хмызняком да гасцінца.
На гасцінцы па-ранейшаму было пуста, і нічога не чуваць адтуль, ад сасоннічку, яна пастаяла, падумала і, не выходзячы на насыпку, хуценька патупала па-за канавай, дзе з гэтага боку была пакручастая, трохі ўтаптаная людскімі нагамі сцежка.
Яна так і не магла даўмецца, што здарылася наперадзе, хоць увесь час узіралася ў канец гасцінца і разы чатыры ажно спынялася, слухаючы і разважаючы: што б там магло быць? На Слабадскіх Выселках таксама ўсё было ціха, пуста шарэў бульбяны палетак на касагоры каля яе хутара, усё дзьмуў вецер, і разы два здалося — выблісне з-за хмар сонца, ды так і не выбліснула. Так яна амаль што дайшла да сасонніку, шчыльны гушчар якога заўзята зелянеў абапал гасцінца, і да яе насцярожанага слыху ветрам данесла стук. Нешта там забівалі, ці што, — выразна ляскала па чымсь цвёрдым, аж аддавалася ў паветры, і ўпершыню яе пранізала здагадка: мост! Так, гэта было за недалёкай павароткай гасцінца, што знікаў у хвойным лапіку, менавіта там нешта адбывалася.
Сцепаніда запаволіла хаду, гатовая спыніцца, але не спынілася — хуценька дайшла да сасонніку і, каб не ісці па дарозе, звярнула ў ягоны гушчар. Тут было рукой падаць да хутара, і тут яна ведала ўсе пянькі, сцежкі, вытаптаныя Бабоўчынымі ды і яе нагамі. Яна амаль подбегам, дзе прама, а дзе ўгінаючыся ад голля, адолела невялічкі хвойны пагорак на ўзлеску, асцярожна ступаючы, зірнула на шырокую разлогу поплава з нябачнай адсюль крывулінай рэчкі. Сапраўды, ад моста ўжо чутны стаў гоман, спазнела гупнула ад скінутага на зямлю бервяна, яна адхінула ад твару калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца.
Ля моста ўнізе, ля самай вады і на разбуранай колішнім выбухам насыпцы, завіхаўся дзесятак людзей, згружалі бярвенне з падвод, што тоўпіліся па той бок на дарозе, а на самым абрыве ля разварочаных паляў і бэлек стаяла некалькі мужчын у незнаёмай вайсковай форме са зброяй. Адзін з іх у шызай казыркастай шапцы нешта паказваў ад сябе ў бакі то левай, то правай рукой і тлумачыў, іншыя заклапочана азіралі рэшткі разбуранага моста, і яна раптоўна з нечаканым страхам уцяміла: то ж немцы!
«Што будзе? Чаго чакаць ад немцаў? Дзе нашы, і калі настане канец гэтай калатнечы?» — паныла думаў Пятрок.
Балючых гэтых пытанняў было шмат, і, не знайшоўшы адказу на іх, нельга было вызначыць для сябе, як жыць далей, на што спадзявацца, чым жыць сёння. Але, мабыць, марна было ламаць галаву і думаць, мабыць, нічога не ўдумаеш, і трэба прымаць тое, што нарыхтаваў табе лёс.