Реклама полностью отключится, после прочтения нескольких страниц!
З дому гналі нас маскоўшчыны сівяры
Пры цары,
Род наш звесці хацелі на ветах
Пры саветах.
Нам турму муравалі
Чырвоныя муляры
Ў радасных бальшавіцкіх дэкрэтах.
Кралі наша і бралі, што маглі,
Маскалі,
Смакавалі з пагардай прысмакі
Палякі.
У каго дык гулі
Ашалела гулі,
Мы з хаўтураў брылі, небаракі.
Мы сплаўляем вякі,
Асначы крывічы,
Мы не знікнем на радасць чужынцам.
І завём,
З выраю думкамі летучы,
Млечны Шлях Беларускім Гасцінцам, —
Да яго не дацягнуцца каты,
Ім вяртаюцца душы дахаты…
Спісяжваў нам спіны
Варшаўскі бізун,
Спасажваў з роднае хаты
Маскоўскі бот,
Узважваў наш лямант
Берлінскі штых.
Ды нас ад вятроў затуляў
Лясун,
Дрыжаў за нас на марозе
Чарот.
Мы з тых,
Хто на зорах калыша
Свой род.
Плечы горбілі нам
Абраз хатулі,
Гнеў свой насілі мы
У рэзгінах ды ў бярэмцах.
Мы былі, мы жылі
Пры паляках, расейцах,
Пры немцах.
Маўчалі ў кулак.
Ды як,
Адвіхурыўшыся ў завірусе,
Стаць нам
Гаспадарамі свае зямлі,
Беларусамі ў Беларусі?
Ці засвярбяць,
Ці хоць забаляць калі
Сціснутыя ў кулаку мазалі?
БЗВ — Бог Заклікаў Вас,
Беларускага Войска воі.
БЗВ — так чытае час:
Беларусь Заваюе Волю!
БЗВ — Быць Заўжды Вякам
Даўжнікамі ў крывіцкай славы.
Нашай не аддамо чужакам
Ні сцяжыны, а ні канавы.
Хросным бацькам
Пан Грунвальд быў,
Пані Ворша — маткаю хроснай.
Беларускага Войска парыў
Ткаўся на высакосных кроснах.
У Айчыны світае чало.
Досыць нас вадзілі па хлудзе.
Беларускае Войска было.
Беларускае Войска будзе!
На жалезны характар
Руды
Мае наша зямля святая.
Ведаем, дзе віры, дзе брады.
БЗВ — Бой Змаганцаў Вітае!
Спадчына —
Гэта не штосці такое смачнае,
Гэта тое святое,
Што часам страчана,
Што вернута быць павінна.
Спадчына —
Пупавіна,
Што лучыць з Сусветам, з прасветам,
З прабацькаўшчынай, з праайчынай,
І досвіткавай лучынай
Доўжыць імгненне
Прапрашчураўскага агменю.
Спадчына —
Неўмірушчая мачына,
З якой расцвітае
Полымя,
Што на папялішча вяртае.
Спадчына —
З-пад чаўна развагі
Хваля здагадак,
Што заплывае ў абсягі сагі,
Якую чытацьме нашчадак,
Каб працяг адчуў свой пачатак.
Валянціну Рабкевічу
Беларускае слова ад спеву,
Бо спявае ў ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
Беларускае слова ад ласкі —
Сведчаць вусны ды салаўі, —
Не наймалася ні ў падпаскі,
Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
Беларускае слова ад злосці
Да няпрошаных прыбышоў,
Асалоду п’е з чараў мілосці,
Медавуху духу — з каўшоў.
Беларускае слова ад славы,
Ад ракі, дзе светлае дно.
Госці ўстануць з застольнай лавы,
Як у хату зойдзе яно.
Беларускае слова ад Бога,
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто не любіць яго, ад тога
Назаўсёды адвернецца Бог!
Свечка пацепвае
Павекам успалымнелым —
У гарачае вока запала
Парушынка ляманту.
Крыж паўтарае
Паставу Хрыста.
Старыя хіляцца
Абнылымі каласамі,
З якіх
Павыдзяўбаныя зярняты…
Прывітаўшы балацявіністыя Агароднікі,
Льга палуднаваць цішынёй
На радзіме Дубоўкі,
І захацець, і пачуць аднекуль вокліч:
«…мой родненькі»,
Але нельга адбыць за паэта радоўкі,
Радоўкі радка, як і ён, беспрытульніка.
Хата вочы субожыла, адчуваючы здраду.
Плот надумаў валіцца.
Злубела дуддзё шчавульніка.
Іржавее дрот дзікавага вінаграду.
Тут роспач локці кусаць павінна.
Ліст, як нязважаны грэх,
За каўнер недаверу падае.
Без паэта радзіма —
Негабляваная дамавіна,
Успамінамі жывымі шурпатая.
Як гаварцьмем з рознаю поршаю,
З той,
Што сябе называе вялікаю,
Мы даказалі
У бітве пад Воршаю
Не толькі мечам,
Не толькі пікаю.
Мы даказалі воляй крывіцкаю,
Канстанціна Астрожскага геніем.
І выжлам прадажным
Дух наш не выцкаваць.
Мы будзем жывыя
І стаўшы ценямі!
Бо вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных; церпіце, калі хто вас панявольвае, калі хто аб’ядае, калі хто абірае, калі хто вас за нікчэмнасць мае, калі хто б’е вас па твары.
Няўжо цярпець, як і цярпелі мы,
Ці толькі нам стае на ціхасць моцы,
Няўжо нямыты прыхадзень нямы
Чысцейшы, чымся нашыя прамоўцы.
Ці ў роднай хаце, рубленай з вякоў,
Мы будзем глухнуць, быццам кватаранты,
Каб злыдні мелі нас за дзівакоў,
Хвалілі люта: люд вы талерантны!
Каб пастка пашчу шчэрыла шырэй,
Каб рукі ў кайданах былі абедзве,
Каб абіралі нас яшчэ шчырэй,
Нам пакідалі воўчае аб’еддзе.
Каб зброд, няварты нашае гразі,
Меў за нікчэмнасць нас
Ды біў па твары,
Каб здзірца быў у рызе,
Мы — ў рыззі,
Каб мы прасілі ў ката самі кары.
Здаецца, род наш
Радавод вядзе
З таго, калі Гасподзь яшчэ ў лагодзе
Прымеркаваў, каго сяліць і дзе,
Суцешыў крывічоў:
Трывай, Народзе!
Пераганяем мы бяду ў хадзе.
Калі ж Гасподзь трываць нам скажа:
Годзе?!