Клеапатра

Не раз, не раз нябожчык Юлій Цэзар,
Калі ў паход збіраўся, цалаваў
Маю руку злашчасную!.. Любіў ён...

(Тырэй цалуе ёй руку.)


Уваходзяць Антоній і Энабарб.


Антоній

Дамовіліся ўжо!.. Гром і маланкі! —
Хто ты такі?

Тырэй

                          Я выканаўца волі
Уладара магутнейшага ў свеце,
Таго, хто вырашае лёс людскі.


Энабарб

(убок)

Ой, дасць табе ён зараз, дасць!

Антоній

                                      Гэй, слугі!
Ах, шэльма, вырадак! — Ды дзе ж яны!
Бывала, крыкну: «Гэй!» — і чарадой
Бягуць цары, глядзяць лісліва ў вочы.
Вы што, аглухлі?

Уваходзяць слугі.

Я яшчэ Антоній.
Узяць раба і бізунамі!..

Энабарб

(убок)

                                     Вось як!
Прыемна гладзіць ільвяня малое,
А леў, і паміраючы, ўсё ж леў.

Антоній

Прыпоўз, нягоднік!.. Адхвастаць яго!
Ды каб хоць дваццаць з Цэзаравай світы
З'явілася вяльмож, я б загадаў
За дзёрзкі дотык да яе рукі...
Чыёй? Яе? Яна не Клеапатра.
Вядзіце прэч раба! Усыпце гаду,
Пакуль, скрывіўшы морду, не заенчыць
I не папросіць літасці!

Тырэй

Антоній!..

Антоній

Вядзіце, адлупцуйце і сюды
Дастаўце на карачках. Блазен гэты
Ад нас да Цэзара з пісьмом паскача.

(Слугі выводзяць Тырэя.)

Ты ж напалову адцвіла ужо,
Калі я ўзяў цябе. Пакінуць жонку,
Што аздабляла Рым, як дыямент,
З якой я мог бы мець дзяцей законных,
Каб здзекавалася з мяне пасля
Распусніца з прыдворным дармаедам!

Клеапатра

Мой уладар!

Антоній

                        Прадажная істота!
Але, калі па вушы мы ў грахах,
Багі нам пасылаюць слепату,
Узбаламучваюць свядомасць нашу
I, прывучыўшы нас рабіць памылкі,
Глядзяць са смехам, як ляцім мы ў прорву,
Шукаем самі гібелі сабе.

Клеапатра

О, да чаго дайшло!

Антоній

                       Мне Юлій Цэзар
Цябе як недаедак свой пакінуў,
I Гней Пампей кавалак свой урваў,
А колькі іншых, ім канца няма,
З табою разам цешылі свой юр.
Я ўпэўнены, што стрымлівацца ты
Не ўмееш, не прывыкла.

Клеапатра

Не кажы так!

Антоній

Дазволіць, каб паскудны паслугач
Лізаў руку маёй сяброўкі любай,
З царыцаю запанібрата быў!
Каб гэта ўбачыў я з вышынь Базанскіх,
Рыкаў мацней бы, чым рагаты гурт[41]!
Ёсць у мяне прычына азвярэць,
Быць зараз далікатным усё роўна,
Што дзякаваць з пятлёй на шыі кату,
Пад шыбеніцай стоячы.

Вяртаюцца слугі з Тырэем.

Ага!..
Ну як, усыпалі?

Першы слуга

I нават добра.

Антоній

Крычаў? Прасіўся?

Першы слуга

Дараваць прасіў.

Антоній

Калі жывы твой бацька, хай ён плача,
Што не дачка ў яго, а дурань сын.
Да Цэзара выслужвацца палез!
Што ж, атрымаўшы шчодры пачастунак,
Не будзеш болей ласа паглядаць
На беленькія ручкі, пабаішся.
Да Цэзара вяртайся, раскажы,
Як тут цябе прымалі. Перадай,
Што я злуюся на яго страшэнна:
Хвалько, зазнайка, трубіць на ўвесь свет,
Якім я стаў, забыўшы, кім я быў.
Цяпер мой гнеў распальваецца лёгка,
Бо зоркі тыя, што свяцілі мне,
З арбіт сышоўшы, падаюць у бездань.
Калі ж твой задавака гаспадар
Не ўпадабае слоў маіх і ўчынкаў,
Дык мой вольнаадпушчанік Гіпарх
Там у яго пад вартай. Цэзар можа
Караць яго, як хоча: мучыць, вешаць,
Каб мне адпомсціць за твае рубцы.
Чаго чакаеш, падла? Вон адгэтуль!


Тырэй выходзіць.


Клеапатра

Усё сказаў?

Антоній

                     Мая зямная поўня,
У зацьменні ты, а гэта ўжо адно
Антонію падзенне прадвяшчае.

Клеапатра

Яшчэ што?

Антоній

                Цэзару каб дагадзіць,
Гатова ты прылашчыць і халопа,
Які падвязвае яму сандалі.

Клеапатра

Мяне ты дрэнна ведаеш.

Антоній

                           Астыла!..
Няма агню. Астыла да мяне.

Клеапатра

А калі так, мой любы, хай жа сэрца
Халоднае маё народзіць град,
Атрутаю ўсярэдзіне наліты!
I першай градзінаю хай багі
Заб'юць мяне, а потым знішчаць, спляжаць
Маіх дзяцей і слаўны мой народ!
А як прамчыцца бура ледзяная
I град растане, трупы хай згніюць
Без пахавання! Хай іх смаліць сонца
I пажыраюць нільскія маскіты!

Антоній

Не гавары так! Веру я. Дык вось:
У Цэзара намер Александрыю
Узяць асадай. Я не дапушчу.
Мы будзем біцца. Наша войска ў сіле,
А флот рассыпаны ізноў сабраўся,
Чакае ў гавані. О мужнасць, дзе ты?
Я мужнасці не страціў! I калі
Жывым вярнуся да цябе, каб смагу
З тваіх ласкавых вуснаў наталіць,
Мой меч, акроплены варожай кроўю,
Праславіцца ў паданнях на вякі.
Яшчэ надзея ёсць!

Клеапатра

Герой мой любы!

Антоній

Мне дух уздыме палкая нянавісць,
Бязлітасны у бітве буду я.
Бывала, ў дні удач маіх ранейшых
Праціўнік жартам выкруціцца мог,
Жыцця не адбіраў я, а цяпер
У Тартар, сцяўшы зубы, паскідаю
Усіх, хто стане на шляху маім.
Няхай вясёлай будзе гэта ноч!
Хадзем! — Военачальнікаў паклічце! —
Панурасць прэч! Ізноў напоўнім чашы,
Каб ліха адкаснулася ад нас.

Клеапатра

А у мяне дзень нараджэння сёння.
Я думала, што буду сумаваць,
Але раз ты, ўладар мой, зноў Антоній,
Я зноў твая навекі Клеапатра.

Антоній

Ну вось і адсвяткуем.

Клеапатра

Палкаводзец


Склікае камандзіраў да сябе.


Антоній

Так, так. Аб'явім ім сваё рашэнне.
А ўвечары такі банкет наладзім —
Зазіхацяць іх шрамы ад віна.
Хадзем, мая царыца! Ёсць яшчэ
Жывыя сокі ў нас. Змагацца будзем,
Аж пазайздросціць смерць з яе касою
Майму мячу.